№ 337 от 22.07.2004  

Асамблея

Прыйдзе той час

У Гродне абавязкова будзе ўсталяваны помнiк Васiлю Быкаву. Яго прозвiшчам назавуць праспект i навучальныя ўстановы. Таленавiтыя навучэнцы скарыстаюцца дабротамi з Фонду iмя знакамiтага пiсьменнiка. Гараджане i госцi наведаюць музей, экспанаты якога распавядуць пра 25-гадовы гродзенскi перыяд жыцця празаiка... Такая надзея прагучала ў час вечарыны памяцi, праведзенай Гродзенскiм гарадскiм грамадскiм аб’яднаннем «Таварыства беларускай школы» i прымеркаваная да 80-годдзя нараджэння Васiля Уладзiмiравiча i гадавiны з дня смерцi (19.06.1924 - 22.06.2003).

Успамiны Заслужанага настаўнiка Беларусi Апанаса Цыхуна i прафесара ГрДУ iмя Я. Купалы Аляксея Пяткевiча слухалiся на адным уздыху. Прысутныя даведалiся пра сустрэчы Васiля Быкава i сяброў лiтаратурнага аб’яднання абласной газеты «Гродзенская праўда» ў сельскiх школах з чытачамi, абмеркаваннi ў студэнцкай аўдыторыi чарговых кнiг пiсьменнiка. Нехта прыносiў на прагляд свае допiсы. Хтосьцi быў побач за бяседным сталом. Iншы слухаў выступленне пiсьменнiка. А гаварыць публiчныя прамовы Васiль Быкаў не любiў.

– Кажуць, – заўважыў Аляксей Пяткевiч, – ён быў змрочны, негаваркi чалавек. Мне даводзiлася бачыць яго ў роздуме i разгубленым, сабраным у адзiны кулак i вясёлым. Ён мог пры выпадку i анекдотам пацешыць. Усмешка яго была прыгожай, адкрытай, крыху сарамлiвай.

Над сваiмi творамi Васiль Уладзiмiравiч працаваў хутка, не чакаў, пакуль прыйдзе натхненне, а садзiўся за стол i клаў радок за радком на паперу. Рукапiс кардынальнай праўцы не падвяргаў. Уважлiва ставiўся да карэктуры падрыхтаванай да друку кнiгi. Амаль штогод з’яўляўся новы зборнiк.

Як пiсьменнiк Васiль Бы каў адбыўся ў Гродне. Тут ён жыў з 1947 па 1978 год з невялiкiм перапынкам на службу ў Савецкай Армii. Гродзенскi перыяд жыцця моцна паўплываў на светапогляд Васiля Уладзiмiравiча. Знаёмства з Ларысай Генiюш i яе мужам Янкам, пiсьменнiкамi Аляксеем Карпюком, Аляксеем Пяткевiчам, Данутай Бiчэль, краязнаўцамi Алесем Белакозам i Апанасам Цыхуном моцна паўплывала на яго светапогляд.

Сваё слова пра В.Быкава сказалi таксама старшыня гарадскога г/а ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, працы i Ўзброяных Сiл Мiкалай Мельнiкаў, удзельнiк вайны Леанiд Закурдаеў, дэпутат гарадскога Савета Сяргей Антусевiч, актывiсты грамадскага руху Вiктар Сазонаў, Кастусь Жынь, Анатоль Валюк, Святлана Тарасава.

Антон ЛАБОВIЧ