№ 337 от 22.07.2004 | |
З гісторыі НГА вобласці Ёсць пра што ўзгадаць ...Першая няўрадавая грамадская арганiзацыя «Рунь» была створана ў Лiдзе ў 1987 годзе. Да гэтага прычынiлiся настаўнiкi школ, выкладчыкi педагагiчнага i музычнага вучылiшчаў, iндустрыяльнага тэхнiкума, мастакi, лiтаратары, работнiкi культуры i адукацыi. 13 снежня 1987 года было зарэгiстравана Польскае культурна-асветнае таварыства. Неўзабаве ўтварылася Лiдскае аддзяленне Саюза палякаў Беларусi.
Сябры суполкi «Рунь» прынялi ўдзел у 2-м Вальным сойме беларускiх суполак (1988). Быў абраны аргкамiтэт па стварэннi Лiдскай арганiзацыi Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Удзельнiчалi ў 1-м з’ездзе БНФ у Вiльнi (24 – 25.06.1989) i 1-м з’ездзе Таварыства беларускай мовы iмя Ф. Скарыны ў Мiнску (27.06.1989).
У тым жа 1989 годзе пачалося актыўнае развiццё 3-га сектару. Былi створаны суполкi БНФ «Адраджэньне», ТБМ iмя Ф. Скарыны, гарадскiя арганiзацыi гэтых аб’яднанняў. Паўсталi Лiдская харугва Беларускага згуртавання вайскоўцаў (1992), партыйныя арганiзацыi Партыi БНФ i БСДГ (1994). Узнiклi яўрэйская, татарская i лiтоўская нацыянальныя грамадскiя аб’яднаннi.
У 1995 годзе ствараюцца Лiдскiя раённыя арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» i Партыi БНФ, аналагiчныя арганiзацыi ў паселiшчы Бярозаўка.
Напачатку 90-х у Лiдзе выдавалiся незалежныя газеты «Народная трыбуна», пазней — «Голас з Лiды». З 1997 года выходзiць часопiс «Лiдскi летапiсец» i газета «Наша слова». Пасля страты рэгiстрацыi газета «Голас з Лiды» атрымала назву «Голас Лiды». Створаны лiтаратурна-мастацкi часопiс «Ад лiдскiх муроў».
У 1995 годзе ў Лiдзе створана «парасонавая» арганiзацыя «Альянс Дэмакратычная Лiда», у якую з цягам наступных гадоў увайшлi як зарэгiстраваныя грамадскiя аб’яднаннi, так i тыя, што знаходзiлiся ў працэсе рэгiстрацыi. Свае намаганнi злучылi прыхiльнiкi роднай школы i мовы, лiтаратуры i мастацтва, традыцый, культуры, музыкi, журналiсты, краязнаўцы, гiсторыкi, былыя вайскоўцы, праваабаронцы, актывiсты жаночага руху, сябры рыцарскага клуба, актывiсты перыядычных выданняў, моладзь...
Асаблiвасцю Лiдскага рэгiёну з’яўляецца нацыянальны i краязнаўчы ўхiл дзейнасцi актывiстаў грамадскага руху, таму не было праблем з каардынацыяй дзейнасцi. Альянс «Дэмакратычная Лiда» навязаў сяброўскiя стасункi з iншымi грамадскiмi арганiзацыямi Лiдчыны. У вынiку была створана Лiдская асамблея няўрадавых арганiзацый (2000).
Роля кожнага няўрадавага аб’яднання ў грамадскiм жыццi Лiды пастаянна мяняецца ў залежнасцi ад актыўнасцi, магчымасцяў i запатрабаванасцi на канкрэтным этапе. Некаторыя НГА знiкаюць, напрыклад, жаночыя. Але з’яўляюцца iншыя.
Станiслаў СУДНIК
|
|