№ 337 от 22.07.2004  

Выстава

Скульптар Мікалай Скляр – «55»

<<risСёння ў Гродне ў галерэi «У Майстра» у 18.00 адкрываецца ўнiкальная выстава сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi, скульптара Мiкалая Скляра – «55».

Незвычайная назва – «55» – гэта ўзрост майстра. Так ён сцiпла i заўважыў: «Нiчога лепшага для назвы не знайшоў, але гэта вынiк маёй працы».

Скульптуры з дрэва, камня Мiкалая Скляра вядомы не толькi многiм цiкаўным гродзенцам, а таксама аматарам гэтага мастацтва ў Беларусi, Польшчы, Прыбалтыйскiх краiнах. На жаль, як з сумам заўважыў мне аўтар, ягонае мастацтва ў Беларусi зараз застаецца незапатрабаваным.

Нават невялiчкiя скульптуры купляюцца рэдка, а вялiкiя – у рост чалавека i вышэй – наогул, нiкiм не заказваюцца. Iх майстар стварае толькi падчас пленэраў, на якiя запрашаюць за мяжу. Там яны, як правiла, i застаюцца. У Беларусi iх можна пабачыць толькi на фотаздымках. А вось у суседнiх краiнах яны стаяць у парках, побач з дарогамi i офiсамi, у галерэях i музеях, прыватных дамах.

Скульптура з дрэва ў Беларусi бярэ свой пачатак яшчэ з часоў паганства. Засталiся яшчэ ў Беларусi i традыцыi, i майстры, няма практычна толькi самiх скульптур. У творчасцi Мiкалая Скляра часцей за ўсё прысутнiчае вобраз жанчыны. Як ён сам кажа, магчыма таму, што яна мацi, яна больш складаная, а значыць больш цiкавая, чым мужчына. Я б яшчэ дадаў, што нягледзячы на тое, што з дрэва, усё ж такая прыгожая, таямнiчая i абавязкова прываблiвае погляд. Стварыць яе з дрэва цi камня – дзеля гэтага патрэбны выключны талент...

Мiкалай Сцяпанавiч шмат сваiх працаў прысвяцiў лiтаратурным вобразам беларускiх класiкаў: Коласа, Купалы, Мiцкевiча, ёсць шмат задум на будучае, толькi цi знойдуцца на гэта пакупнiкi.

На выставе «У Майстра» у асноўным невялiкiх памераў скульптуры, але вытанчаныя, адшлiфаваныя з любоўю i прафесiйным майстэрствам, адназначна, не застаўляюць наведвальнiка абыякавым, як i належыць сапраўднаму мастацтву.

Большасць з нас не можа набываць зараз творы мастацтва – такi час. Але ёсць яшчэ магчымасць iм палюбавацца – гэта таксама шмат. Заходзьце ў галерэю «У Майстра».

Мiхаiл КАРНЕВIЧ