№ 338 от 29.07.2004  

Новости

Стэфан Баторый – памятаем

Гуманiтарны цэнтр Усходняй Еўропы, Гродзенская навуковая бiблiятэка iмя Я. Карскага i Археаграфiчная камiсiя камiтэта па архiвах i справаводстве пры СМ РБ выдалi ў Гродне асобнай кнiжкай матэрыялы мiжнароднага круглага стала «Стэфан Баторый у гiстарычнай памяцi народаў Усходняй Еўропы».

Матэрыялы гэтага ўнiкальнага выдання, якое выйшла накладам толькi 100 асобнiкаў, даюць магчымасць чытачу даведацца аб распрацоўках беларускiх i польскiх навукоўцаў у галiне даследавання гiсторыi Рэчы Паспалiтай i Вялiкага княства Лiтоўскага падчас праўлення выдатнага дзяржаўнага дзеяча другой паловы ХVI ст. караля Стэфана Баторыя, якi пакiнуў значны след у гiстарычных падзеях Усходняй Еўропы. Сiмвалiчна, што кнiга пабачыла свет менавiта ў Гродне, паколькi сам Стэфан Баторый вельмi любiў наш горад, жыў тут, шмат зрабiў для яго развiцця i памёр у Гродне. Выдаўцы спадзяюцца, што кнiга будзе цiкавай як для навуковых супрацоўнiкаў, выкладчыкаў гуманiтарных дысцыплiн, студэнтаў, а таксама для ўсiх, хто цiкавiцца нашай багатай гiстарычнай спадчынай. З кнiгай можна пазнаёмiцца ў абласной бiблiятэцы iмя Я.Карскага.

Дзеля таго, каб выданне пабачыла свет, шмат намаганняў прыклаў адказны рэдактар i ўкладальнiк – прафесар Дзмiтрый Караў.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ