№ 338 от 29.07.2004 | |
925 беларусаў змогуць паехаць жыць у ЗША У ЗША абвешчаныя вынiкi латарэi «Грынкарт» на 2005 год: зялёную карту выйгралi амаль тысяча беларусаў.
Кожны год ЗША разыгрываюць у латарэю 50 тысяч вiзаў, якiя даюць права на пастаяннае пражыванне ў Злучаных Штатах. Удзельнiчаць у латарэi могуць толькi асобы з краiнаў, якiя не даюць iстотнага колькаснага прытоку iмiгрантаў у Амерыку. У лiку такiх краiн i Беларусь. Тым часам грамадзяне Расii, Кiтая, Мексiкi, ды некаторых iншых краiн у латарэi браць удзелу не маюць права.
Вiзавы цэнтр у Кентукi атрымаў з усяго свету каля 10 мiльёнаў заяваў на 2005 г. З iх толькi 100 тысяч былi абраныя i зарэгiстраваныя для далейшага разгляду.
Гэтым асобам зараз паведамляюць пра далейшую працэдуру атрымання вiзы «Зялёная карта». Заява на атрыманне вiзы мусiць быць складзеная тэрмiнова, таму што са 100 тысяч толькi першыя 50 атрымаюць жаданае права пастаяннага пражывання ў ЗША. Тыя, хто не атрымае вiзы да 30 верасня, страчваюць права на яе атрыманне праз сёлетнюю латарэю. Яны, а таксама тыя, хто не атрымаў анiякага паведамлення з эмiграцыйнага цэнтру, могуць удзельнiчаць у чарговай латарэi 2006.
Беларускiм грамадзянам сёлета выдзелена 925 вiзаў. Гэта лiчба – ў дзясятцы самых высокiх у Еўропе. Большая колькасць вiзаў выдзеленая толькi Польшчы, Украiне, Балгарыi, Албанii, Румынii, Нямеччыне ды Лiтве.
Радыё Свабода
|
|