№ 344 от 09.09.2004 | |
Событие недели ...Хтосці ёсць, няма кагосці...«Два гады зняволеньня ў калонii агульнага рэжыму» – такi прысуд Ленiнскага суда Гродна для лiдэра незарэгiстраванага страйкама прадпрымальнiкаў Валерыя Леванеўскага i ягонага намеснiка Аляксандра Васiльева за абразу гонару i годнасцi Аляксандра Лукашэнкi, а таксама за арганiзацыю несанкцыянавага мiтынгу 1 мая ў Гродне. Прысуд вынесены ў мiнулы аўторак.
Абвiнавачанне выкарыстала тэкст першамайскай улёткi, якую яны распаўсюдзiлi. Ва ўлётцы быў заклiк да гродзенцаў прыйсцi на першамайскi мiтынг, а таксама быў надрукаваны верш, у якiм следства выявiла нiбыта абразу прэзiдэнта. Удзельнiкi мiтынгу запатрабавалi адстаўкi прэзiдэнта Лукашэнкi.
Падчас зачытвання прысуду суддзя зазначыў, што лiчыць iхнюю вiну даказанай, што яны абразiлi гонар i годнасць прэзiдэнта Лукашэнкi i абвiнавацiлi яго ў здзяйсненнi цяжкага злачынства – у «злоўжываннi службовым становiшчам». Аляксандра Васiльева асудзiлi па двух артыкулах КК, у дадатак яшчэ i за арганiзацыю несанкцыянаванага мiтынгу 1 мая. За гэта яму яшчэ належыла адзiн год i 6 месяцаў зняволення, але, як зазначыў суддзя, больш цяжкае злачынства паглынае лягчэйшае. Таму агульнае пакаранне для Васiльева павiнна быць роўным двум гадам. Адразу ў зале суда на яго адзелi кайданкi.
Падчас зачытвання прысуду стала ўрэшце зразумела за што канкрэтна асудзiлi Леванеўскага i Васiльева. У першамайскай улётцы, якую яны распаўсюдзiлi, было напiсана: «Приди и скажи, что ты против, чтобы за твой счет КТО-ТО ездил в Австрию отдыхать, кататься на лыжах, жить в свое удовольствие». Прычым, слова «кто-то» выдзелена вялiкiмi лiтарамi. Дадзены заклiк, на думку суда, указвае на тое, што складальнiкi ўлётак наўмысна пад словам «кто-то» маюць на ўвазе прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i ўказваюць на тое, што ён злоўжывае сваiм службовым становiшчам – за кошт падаткаплацельшчыкаў ездзiць на адпачынак за мяжу.
Iншай думкi трымаецца адвакат Аляксандр Бiрылаў. Ён зазначыў, што «доказаў было недастаткова для вынясення абвiнаваўчага прысуду. I ў большасцi яны даказваюць не склад злачынства, яны даказваюць толькi тое, што сапраўды распаўсюджвалiся кiмсцi гэтыя ўлёткi, сапраўды там змяшчаўся верш. Нават можна дапусцiць, што ён меў абразлiвы характар, але цi адносiўся ён да прэзiдэнта i цi абвiнавачваў ён у здзяйсненнi цяжкага злачынства, я лiчу – не даказана».
Суд таксама пастанавiў канфiскаваць на карысць дзяржавы ўсю тэхнiку (некалькi кампутараў, прынтары, сканеры i г.д), якiя былi сканфiскаваны ў Леванеўскага i Васiльева падчас следства. В.Леванеўскi абавязаны таксама выплацiць дзяржаве 643278 рублёў у якасцi кампенсацыi за праведзеныя падчас следства экспертызы.
Цiкава, што пры вынясеннi прысуду суддзя ўлiчыў тое, што Леванеўскi неаднойчы прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi, але не ўзгадаў, што ў яго застануцца выхоўвацца без бацькi чацьвёра дзяцей, з якiх толькi адзiн сын паўнагадовы.
На працягу дзесяцi дзён асуджаныя маюць права абскардзiць прысуд у абласным судзе.
Мiхал КАРНЕВIЧ |
|