№ 345 от 16.09.2004 | |
О чем говорят Крыстафер Сміт: «Трэба прыняць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі як мага хутчэй»Кангрэсмен ад штату Нью-Джэрсi Крыстафер Смiт з’яўляецца сустаршынёй Хэльсiнскай камiсii пры Кангрэсе ЗША, а таксама намеснiкам старшынi Камiтэта па мiжнародных справах Кангрэсу. Ягоная рэакцыя на абвешчаны рэферэндум: выбар не будзе вольны i справядлiвы. «Я думаю, гэты рэферэндум адчынiць дзверы для пажыццёвага прэзiдэнцтва. Анi ён, анi Беларусь не следавалi парадам АБСЕ ў справе выбарчага працэсу. I хоць некаторы манiторынг магчымы, але калi выбары не свабодныя i не справядлiвыя, тады вынiк такiх выбараў сумнеўны. Гэта прыхаваная спроба Лукашэнкi легiтымiзаваць свой рэжым. Мы гэтым вельмi ўстурбаваныя», – сказаў Крыстафер Смiт у iнтэрв’ю «Радыё Свабода». Пры гэтым кангрэсмен адзначыў, што «трэба прыняць Акт аб дэмакратыi ў Беларусi як мага хутчэй i пачаць як толькi магчыма дапамагаць грамадзянскай супольнасцi, вольнай прэсе i абароне фундаментальных правоў асобы».
– Акт аб дэмакратыi ў Беларусi знаходзiцца ў Кангрэсе ўжо доўгi час. Цi думаеце Вы, што абвяшчэнне рэферэндуму паспрыяе хутчэйшаму прыняццю гэтага законапраекту?
– Так, я думаю, гэта парадаксальным чынам дапаможа. Многiя сябры парламенту спадзявалiся, што прэсiнг можа паспрыяць таму, што беларуская дзяржава пойдзе на нейкiя пазiтыўныя змены. Гэтага не адбылося. Таму нам трэба прыняць Акт аб дэмакратыi ў Беларусi як мага хутчэй i пачаць як толькi магчыма дапамагаць грамадзянскай супольнасцi, вольнай прэсе i абароне фундаментальных правоў асобы. I гэта ўсё тое, з чым беларускi ўрад пагадзiўся як сябра АБСЕ. Гэта не нейкiя патрабаваннi-люкс, гэта пытанне фундаментальных правоў, з якiмi беларуская дзяржава добраахвотна пагадзiлася, але не выконвае.
– Цi будзе законапраект прыняты ўжо сёлета?
– Я ўпэўнены, што сёлета мы здолеем прыняць гэты законапраект. Мы ўжо прынялi яго ў Палаце прадстаўнiкоў, ён прайшоў як частка закону Дзярждэпартаменту, i зараз мы рыхтуемся да прыняцця яго як асобнага закону.
– Прэзiдэнт Лукашэнка ў тэлезвароце да нацыi выкарыстаў «страх тэрарызму» i спаслаўся на нядаўнi захоп закладнiкаў у Расii, каб давесцi iдэю пра прэзiдэнта, якi здольны гарантаваць бяспеку. Наколькi гэтая спасылка, на вашу думку, легiтымная?
– Я думаю, гэтая прэтэнзiя абсурдная. Расiя мае вельмi рэальную чачэнскую праблему, i гэта былi чачэнскiя тэрарысты, якiя правялi жахлiвы напад на невiнаватых расiйскiх людзей. Наколькi я ведаю, Беларусь нiяк не звязаная з чачэнскай праблемай, а таму тут няма анiякай сувязi i прычыны, каб Беларусь апынулася пад прыцэлам. Гэтая заява мела на мэце скарыстаць сiтуацыю, каб збiць з панталыку насельнiцтва i забяспечыць сабе перамогу ў перавыбарах.
– Якая можа быць рэакцыя Кангрэса ЗША на рэферэндум?
– Я думаю, што я гавару i ад iмя дэмакратаў, i ад iмя рэспублiканцаў: Кангрэс бачыць гэта як яшчэ адну праяву дыктатарскiх учынкаў Лукашэнкi. Ён бы не прадставiў iдэю рэферэндуму ў апошнюю хвiлiну, калi б не меў вынiкаў выбараў у кiшэнi. Гэты рэферэндум пройдзе па ягоным сцэнары. Гэта не будзе вольны i справядлiвы выбар.
Радыё Свабода |
|