№ 345 от 16.09.2004  

БЫЛЫЯ ПАПЛЕЧНІКІ

У яго няма іншага выйсця

Рэферэндум каментуюць былыя паплечнiкi Лукашэнкi А. Сасноў, У. Замяталiн, А. Казулiн, П. Казлоўскi. Як ставяцца да абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйнага рэферэндуму людзi, якiя калiсьцi працавалi ў адной камандзе з маладым кiраўнiком Беларусi?

Уладзiмiр Замяталiн быў галоўным iдэолагам спачатку ва ўрадзе прэм’ер-мiнiстра Вячаслава Кебiча, а пасля паразы Кебiча на прэзiдэнцкiх выбарах перайшоў у адмiнiстрацыю Аляксандра Лукашэнкi. Цяпер спадар Замяталiн беспрацоўны. Але рашэнне свайго былога шэфа працягнуць прэзiдэнцкiя паўнамоцтвы падтрымлiвае:

(Замяталiн:) «Абсалютна слушна Аляксандар Рыгоравiч робiць: на трэцi, на чацверты, на пяты тэрмiн трэба выбiрацца, пакуль грамадства падтрымлiвае. Калi запытаецеся – каго больш падтрымлiваюць? – то вы такой фiгуры не знойдзеце. Тым больш, вядома, хто былi раней, што яны рабiлi i куды iшла рэспублiка? У нiкуды. А цяпер пра Беларусь ведаюць усюды. Ведаюць як суверэнную краiну. I большага ахоўнiка суверэнiтэту, чым Лукашэнка, у Беларусi няма».

Былы рэктар Белдзяржунiверсiтэту Аляксандр Казулiн пасля шэрагу абвiнавачанняў на свой адрас з боку Лукашэнкi не вельмi ахвотна кантактуе з журналiстамi. Наконт абвешчанага рэферэндуму выказаўся гэтак:

(Казулiн:) «Я мяркую, што вы самi ўсё цудоўна разумееце... Рэферэндумы ва ўсiх краiнах праходзяць, але ўсё залежыць ад таго, як яны адбываюцца. Тут усё вiдавочна».

У экс-мiнiстра працы Аляксандра Саснова я запытаўся: цi можна расцэньваць абвяшчэнне канстытуцыйнага рэферэндуму як жаданне Лукашэнкi ўладарыць пажыццёва?

(Сасноў:) «Можа, ён i хоча, але мне падаецца, што праз два гады ў яго ўзнiкнуць вельмi сур’ёзныя праблемы на гэты конт. Ён жа запланаваў абiрацца, вось з гэтым i будуць праблемы. I справа, зрэшты, не толькi ў практыцы рэферэндумаў, колькi ў тым, як яны праводзяцца i як падлiчваюцца галасы. Можна згадаць, што Гiтлер правёў пяць рэферэндумаў i ўсе выйграў (вядома ж, якiм чынам). Наш робiць гэтак сама. Нездарма ж ён выбудоўваў вертыкаль, усю сiстэму, якая без роздуму выконвае ягоныя загады, зусiм не думаючы, што будзе потым».

А былы мiнiстр абароны Павал Казлоўскi лiчыць, што ў Аляксандра Лукашэнкi цяпер проста няма iншага выбару.

(Казлоўскi:) «Тое, што ён прапанаваў запiсаць у Канстытуцыi пункт, што прэзiдэнт Беларусi абiраецца на пяць гадоў, i пры гэтым не ўказваць нiякiх тэрмiнаў: два, тры разы – усё сведчыць аб тым, што ён плануе быць вечным прэзiдэнтам. Праўда, у яго няма iншага выйсця: альбо прэзiдэнтам, альбо – турма».

Радыё СВАБОДА