№ 345 от 16.09.2004 | |
ЗША І АБСЕ Віцэ-прэзідэнтка ПА АБСЕ: «Я супраць гэтага рэферэндуму»Дзейны старшыня АБСЕ, мiнiстр замежных спраў Балгарыi Саламон Пасi прызначыў чатырох парламентарыяў адмысловымi каардынатарамi, якiя ачоляць назiральныя мiсii на выбарах у Беларусi, Казахстане, Украiне ды Злучаных Штатах. Каардынатарам па Беларусi стала вiцэ-прэзiдэнтка ПА АБСЕ Тунэ Тынгсгорд, дэпутатка рыксдагу Швецыi. Адрозна ад брытанкi Одры Главер, якая будзе кiраваць мiсiяй назiральнiкаў ад Бюро дэмакратычных iнстытутаў i правоў чалавека АБСЕ, шведка Тунэ Тынгсгорд будзе ачольваць групу кароткачасовых назiральнiкаў ад усяе АБСЕ.
«Парламентарыi, я мяркую, прыбудуць за два-тры днi да выбараў. Гэта, як чакаецца, будзе даволi вялiкая група, таму што людзi зацiкаўленыя ў Беларусi. I мiнулы раз, калi я брала ўдзел у назiраннi ў Беларусi, мы былi вялiкай групай», – паведамiла вiцэ-прэзiдэнтка ПА АБСЕ Радыё Свабода.
Спадарыня Тынгсгорд удакладнiла, што яна была назiральнiцай на мiнулых парламенцкiх выбарах 2000 году.
Мы папрасiлi яе пракаментаваць таксама рашэнне Аляксандра Лукашэнкi правесцi рэферэндум.
«Я не здзiўленая. Я ў значнай ступенi супраць гэтага. I я думаю, што гэта зроблена за такi кароткi тэрмiн! Шмат якiя палiтычныя партыi ў Швецыi былi занятыя рознымi праектамi з палiтычнымi партыямi ў Беларусi якраз таму, што мы заклапочаныя тым, каб Беларусь рухалася ў больш дэмакратычным кiрунку», – сказала Тунэ Тынгсгорд.
Радыё СВАБОДА |
|