№ 345 от 16.09.2004 | |
Мнения Аляксандр Мілінкевіч:«Талерантнасць уласцiва жыхарам нашага краю здавён»
Сёлета 10.983 школьнiкi обласцi селi за парты. Адзначым, што кожны год колькасць вучняў змяншаецца. Сёлета «недалiчылiся» шасцi тысяч. У асноўным, гэта з-за кепскага дэ- маграфiчнага стану. Адпаведна змяншаецца i колькасць школ. У 2004 годзе зачынена 14 пачатковых. Сем базавых атрымалi статус школы-сада. Яшчэ пяць рэарганiзаваны. Дадам, што ў 2003 годзе былi зачынены 26 школ. У 2002 – 40.
– Наколькi можна лiчыць гэтыя лiчбы сведчаннем далейшага згортвання беларускамоўнага навучання? Статус беларускамоўных мелi якраз сельскiя школы...
– Агульная тэндэнцыя яскрава сведчыць аб паступовым пераходзе навучання ў вобласцi на рускую мову. У 2002 годзе 43 працэнты вучняў вучылася на беларускай мове, 56 – на рускай. У 2003 працэнт навучання на рускай мове яшчэ больш павялiчыўся.
Гэта асаблiва бачна на прыкладзе Гродна. Актывiст гарадской арганiзацыi Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны Алесь Крой сцвярджае, што колькасць дзяцей, якiя вучацца па-беларуску, зменшылася за апошнiя 10 гадоў у дваццаць разоў. Мiнулы навучальны год беларускамоўныя класы горада закончылi блiзу 660 чалавек. Для параўнання: у 1994 годзе гэтая лiчба складала 13.315.
Згодна з класiфiкацыяй ЮНЭСКО лiчыцца, што калi на роднай мове гаворыць менш за 30 працэнтаў дзяцей i моладзi, то такая мова знаходзiцца пад пагрозай знiкнення.
Спадзяюся, што вяртанню беларускай мовы ў шырокi ўжытак спрыяе Пастанова № 48 Мiнiстэрства адукацыi «Праграма дадатковых мер па пашырэннi сферы выкарыстання беларускай мовы ў сiстэме адукацыi».
Яе прыняцце было выклiкана знiжэннем колькасцi вучняў, якiя навучалiся па-беларуску, з 30 працэнтаў у 1999/2000 навучальным годзе да 26,3 працэнта ў 2002/2003 навучальным годзе. Цяпер па жаданнi студэнтаў ВНУ, навучэнцаў тэхнiкумаў i вучылiшч, напрыклад, могуць стварацца беларускамоўныя патокi цi групы. Прадугледжана магчымасць стварэння цалкам беларускамоўнай гiмназii цi лiцэя. Чаму не распачаць гэтую справу?
– Мы разглядаем моўны стан на прыкладзе Гродзенскай вобласцi. Паводле дадзеных апошняга перапiсу (1999), уласна беларусаў тут жыве 62,3 працэнта (738.216), палякаў – 24,8 (294.000), рускiх – 10,1 (119.200), украiнцаў 1,8 працэнта (21.166). Моўны стан можна зразумець толькi з улiкам гэтай акалiчнасцi.
– Трэба дадаць амаль тры тысячы лiтоўцаў, звыш двух тысяч татар, каля тысячы яўрэяў i яшчэ прадстаўнiкоў без малога 70 нацыянальнасцей, якiя жывуць у нашым рэгiёне.
У нас 37,7 працэнта насельнiцтва, альбо кожны трэцi жыхар вобласцi, з’яўляецца прадстаўнiком нацыянальнай меншасцi. На тэрыторыi кампактнага пражывання яны маюць права мець свае школы цi класы на роднай мове.
Што да Гродна, то тут з 312,5 тысячы чалавек насельнiцтва беларусы складаюць 56,1 працэнта, палякi – 22,1, рускiя – 17,8, украiнцы - 2,7 працэнта. Астатнiя нацыянальныя групы маюць менш тысячы асобаў: армяне, азербайджанцы, яўрэi, татары, лiтоўцы, грузiны.
– Аднак уласныя школы маюць толькi палякi i лiтоўцы...
– Польская меншасць мае дзве школы: у Гродне (амаль 500 школьнiкаў) i Ваўкавыску (звыш 200). Аб гэтым у свой час парупiўся былы старшыня Саюза палякаў Беларусi (СПБ) Тадэвуш Гавiн. Там навучанне вядзецца па-польску. СПБ магла пабудаваць яшчэ адну школу ў Гродне, а таксама ў Воранаўскiм раёне, дзе 83 працэнты насельнiцтва – палякi. Магчыма, школа павiнна быць узведзена ў Навагрудку, дзе месцiцца дом-музей Адама Мiцкевiча. Аднак, спроба атрымаць згоду ад мясцовых ўладаў закончылася пакуль што безвынiкова. Так цi iнакш, польская мова вывучаецца ў 140 школах вобласцi. Пашырэнню польскай мовы садзейнiчаюць 16 Дамоў палякаў у Беларусi, 150 тэрытарыяльных аддзяленняў СПБ, звыш 80 калектываў мастацкай самадзейнасцi.
– Лiтоўскай грамадзе не пад сiлу разгарнуць такую бурлiвую дзейнасць. Аднак тое-сёе зроблена...
– Ёсць дзве школы. Там займаецца звыш 150 вучняў. У цэлым польскую i лiтоўскую мовы вывучае адзiн працэнт ад агульнай колькасцi вучняў вобласцi. Трэба дадаць, што лiтоўская, татарская i яўрэйская нацыянальныя меншасцi маюць свае нядзельныя школы. Дапамогу iм аказваюць грамадскiя аб’яднаннi нацыянальных супольнасцяў.
– Работа намеснiкам старшынi Гродзенскага гарвыканкама засведчыла, што пры непасрэдным вашым удзеле ў Гродне былi адкрыты лiцэй i гiмназiя, польская сярэдняя школа, нядзельныя лiтоўская i яўрэйская школы. Праблемы навучання для вас знаёмыя. У тым лiку, на дзяржаўных i iншых мовах.
– У Гродне ёсць клас, у якiм выкладанне вядзецца на грузiнскай мове. Гэта сведчанне руплiвага стаўлення да вучобы на мове сваёй гiстарычнай радзiмы актывiстаў нацыянальнай суполкi. Паставiлi мэту – i дасягнулi яе. Такi падыход трэба вiтаць. Мовы, якiмi карыстаюцца прадстаўнiкi нацыянальных супольнасцяў Гродзеншчыны, толькi мацуюць беларускую дзяржаву – наш агульны дом.
Мы ўзбагачаем сваю культуру, перадаём уласныя здабыткi iншым.
Гутарыў Антон ЛабовIЧ |
|