БIБЛIЯТЭЧНЫЯ ПЛАСЦIНКI

Скарынаўская Бiблiя

У 1830 годзе, калi горад захапiла Расiйская iмперыя, у Гродне заснавалi публiчную бiблiятэку. Праз 7 гадоў пасля заснавання бiблiятэчны фонд складаўся ўсяго з 650 экземпляраў. Хоць Гродна нiколi не быў бедным на кнiгi горадам. Беларускi даследчык Аўген Калубовiч пiша, што яшчэ ў XVII стагоддзi тут iснавалi бiблiятэкi ў брыгiцкiм i езуiцкiм кляштарах. А ў канцы XVIIIст. у гродзенскай дамiнiканскай бiблiятэцы захоўвалася 10000 тамоў. Паводле ж справаздачы 1801 года (на шостым годзе расiйскай акупацыi) у бiблiятэках Гродна было 3128 кнiг. Дзе ж рэшта?
Яшчэ падчас войнаў з Расiяй у XVI-XVII стагоддзях кнiгi вывозiлiся ў гэтую краіну i папаўнялi бiблiятэкi ды прыватныя зборы. Напрыклад, на адным з экземпляраў Бiблii Скарыны, што знаходзiцца ў Маскоўскiм архiве, ёсць надпiс:"Книга сия Алексея Петровича Гладкова, а взята книга сия на Литовской земле в граде Гродно 26 августа 1655 года".

Слайды i ноты
Пасля вайны бiблiятэцы надалi статус абласной. А ў 1957 годзе яна пачала насiць iмя Я.Карскага. Зараз тут захоўваецца 600 тысяч асобнiкаў. Бiблiятэка мае 10 аддзелаў i 2 фiлiялы. Дарэчы, раней iснаваў аддзел рэдкай кнiгi, але большасць экземпляраў перадалi ў музей. У аддзеле мастацтва знаходзiцца выдатны збор кнiг, мемуараў, альбомаў, ноты. Тут ёсць таксама калекцыя слайдаў, пласцiнак, вiдэакасет, якiя можна паслухаць альбо перапiсаць. У аддзеле замежнай лiтаратуры ёсць выданнi на французскай, польскай, англiйскай i нямецкай мовах. Можна знайсцi слоўнiкi нарвежскай, эстонскай, дацкай, фiнскай, японскай моваў i нават мовы хiндзi. Ужо тры гады пры аддзеле працуе каардынацыйны цэнтр Брытанскага савета, ад якога атрымана больш за 300 кнiг.

Камп'ютэрызацыя
Колькi разоў я назiрала ў абласной бiблiятэцы падобную сцэну. Студэнт, што спяшаецца на заняткi, мiнае расчыненыя дзверы пакойчыку, дзе ў шафках знаходзяцца карткi з шыфрамi кнiг. Заходзiць у абанементны аддзел. Выстойвае чаргу. З надзеяй працягвае бiблiятэкару сшытак, у якiм запiсана назва патрэбнай кнiгi. А праз секунду чуе:" Ну колькi можна паўтараць! Iдзi, адшукай у картатэцы шыфр кнiгi, а потым ужо станавiся ў чаргу!" Страчаныя 20 хвiлiн. У пакойчыку з шыфрамi, як заўсёды, душна. Цэлы тлум моладзi за сталамi карпее над шуфлядамi ды шукае патрэбныя карткi. Студэнт падыходзiць да шафкi. Прабягае вачыма па шыльдачках. Патрэбнай шуфляды няма. Падобна на тое, што калега з факультэту атрымаў падобны адказ каля стала з абанементамi.

Даўно ўжо гродзенскiя студэнты мараць не корпацца ў пыльных картках, а спакойна пашчоўкаць пару секунд на камп'ютэры i знайсцi патрэбны шыфр. Тым больш, што на Захадзе гэтую праблему даўно ўжо вырашылi.

У мiнулым годзе мiнiстр культуры Беларусi зацвердзiў "Праграму iнфарматызацыi ў галiне культуры". Паводле яе ў бiблiятэках рэспублiкi праводзiцца камп'ютэрызацыя, якую трэба цалкам закончыць да 2000 года.

Яшчэ ў 1993 годзе ў Гродзенскай абласной бiблiятэцы пачалася аўтаматызацыя. Так што ўсе кнiгi, што паступалi ў бiблiятэку з таго часу, атрымоўвалi электронныя нумары i былi занесеныя ў памяць камп'ютэраў. Са студзеня праз камп'ютэр праводзiцца рэгiстрацыя чытачоў. Плануецца, што хутка i выдаванне лiтаратуры на дом таксама будзе праходзiць у аўтаматызаваным рэжыме.

Супрацоўнiкi бiблiятэкi вучацца працаваць на камп'ютэрах. Кожны месяц курс навучання праходзiць адзiн аддзел. Потым усе будуць здаваць залiк.

Зараз абласная бiблiятэка мае 14 камп'ютэраў, 6 прынтэраў i 2 ксераксы. Аднак гэтага мала. Як заўсёды, асноўная праблема - недахоп грошай. Аказваецца, нашая вобласць адзiная ў Беларусi не мае мэтанакiраванага фiнансавання камп'ютэрызацыi бiблiятэк. У вынiку мы знаходзiмся на апошнiм месцы па аўтаматызацыi. Цiкава, што на 100% аўтаматызаваны Магiлёўская i Гомельская вобласцi.

Сёлета нашая бiблiятэка здолела набыць толькi адзiн камп'ютэр з прынтэрам. А патрэбна яшчэ мiнiмум 20. Да таго ж, неабходна мець таксама новы ксеракс, каляровы сканер i факс. Апрача гэтага некаторыя машыны трэба мадэрнiзаваць.

Гродзенская бiблiятэка адзiная з абласных у рэспублiцы не мае агульнага будынку. Аддзелы знаходзяцца ў розных канцах гораду, досыць далёка адзiн ад аднога. Гэта таксама ўскладняе працу бiблiятэкараў, бо ўсе камп'ютэры немагчыма злучыць у адзiную сетку. Таму патрабуюцца дадатковыя машыны, якiя маглi б працаваць у аўтаномным рэжыме. Да таго ж, плануецца камп'ютэрызацыя раённых бiблiятэк. На гэтую справу ў кожным раёне трэба вылучыць 5000 у.а. з мясцовага бюджэту.

Тэрэса Базылевiч

Реклама: