Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх (Працяг. Пачатак у №№ 30, 32)

Вялікі Князь Міндоўг

(кіраваў у 1248 - 1263 гг.)

Старажытная Літва была акружана як бы "пасам бяспекі" з прылеглых мірных земляў, праз якія літоўцы маглі безперашкодна праходзіць пад час паходу і вяртацца назад на радзіму. Ворагу не так лёгка было дабрацца да літоўскіх паселішчаў - трэба было прайсці сотню-другую кіламетраў праз гэтыя заміраныя з літоўцамі землі. Суседзі-славяне таксама цанілі мірныя адносіны з балтамі. Яны безперашкодна прапускалі іх атрады праз сваю тэрыторыю, а пры зручным выпадку і самі былі не супраць выправіцца па здабычу разам з літоўцамі. Так, напрыклад, зрабілі палачане ў 1198 і 1258 г., калі хадзілі разам з літоўскімі атрадамі ваяваць супраць Смаленска - свайго суперніка ў кантролі над важнай гандлёвай дарогай - Дзвіной.

У 1203 г. васал Полацка, князь Усевалад з Герцыке, з саюзным літоўскім атрадам нечакана з'явіўся каля Рыгі, забраў жывёлу з пашы і захапіў двух святароў, якія разам з пілігрымамі секлі лес. У 1245 г. пінскі князь патаемна паслаў ганца папярэдзіць літоўскі атрад пра надыход валынскага войска.

Ваенную здабычу, ці "лупы" па-старабеларуску, удачлівыя балтыйскія ваяры прадавалі ў бліжэйшых панямонскіх гарадах. Літоўскіх правадыроў ужо не так цікавілі рабы і жывёла, як прывезеныя здалёк шыкоўныя рэчы: каштоўная зброя, добрае вытраўнае віно, дарагія тканіны, вытанчаныя ўпрыгожванні, начынне для ежы і піцця. Усё гэта можна было набыць у тых жа славянскіх гарадах -Наваградку, Гародні ды іншых.

Некаторыя з такіх рэчаў былі адкрытыя пад час археалагічных раскопак у Наваградку. Ювелірныя вырабы, вытанчаныя шкляныя начынні з майстэрняў Заходняй Еўропы, Візантыі, Сірыі, Ірану былі сапраўднымі атрыбутамі раскошы і каштавалі, як на той час, цэлыя маёнткі. Няблага працавалі і мясцовыя славянскія ўмельцы. Археолагі раскрылі ў Наваградку цэлы квартал майстроў-ювеліраў, якія спецыялізаваліся на вырабах з золата. Напэўна, яны мелі каму прадаваць свае вырабы і добра на гэтым зараблялі. Некаторыя дамы ў гэтым ювелірным квартале былі двухпавярховымі, мелі на сценах фрэскавы роспіс, а ў вокнах ўстаўленыя шкляныя шыбы - вялікая на той час рэдкасць і раскоша! Наваградак у 13 ст. становіцца багацейшым горадам Панямоння. З ім не магла параўняцца Вільня - будучая сталіца Вялікага Княства.

Пра бацьку Міндоўга мы ведаем толькі, што ён быў багатым і уплывовым чалавекам. Храніст 13 ст. паведамляе, што паслы жамойтаў, стараючыся дагадзіць Міндоўгу, казалі: "Твой бацька быў магутным уладаром і не меў сабе роўных у Літве". Імя яго засталося невядомым, хоць летапісцы 15-16 стст. называюць бацьку Міндоўга Рынгольдам. Аднак у дакументах 13 ст. такая асоба нідзе не ўзгадваецца, таму сучасныя гісторыкі прызналі гэтае імя міфічным, прыдуманым пазнейшымі храністамі.

Пра самога Міндоўга звестак таксама захавалася не вельмі многа. Амаль усе яны прысвечаны дзяржаўнай дзейнасці нашага героя і вельмі рэдка характарызуюць яго асобу. Невядома калі ён нарадзіўся, які меў рост, целасклад, голас, колер валасоў і вачэй. Усе вядомыя партрэтныя выявы Міндоўга, дарэчы, як і ўсіх наступных за ім вялікіх князёў аж да Ягайлы, гэта творы фантазіі іх аўтараў-мастакоў. Пра індывідуальныя рысы асобы нашага героя: ягоны характар, атрыманае выхаванне і інш. мы можам меркаваць, зыходзячы з нешматлікіх звестак пра яго паходжанне, род заняткаў, зробленыя справы і спосабы іх вырашэння.

Багацце і аўтарытэт бацькі ад самага моманту нараджэння забяспечылі Міндоўгу высокае грамадскае становішча. Тым не менш, калі хлопец падрос, яму давялося цалкам самастойна сцвярджаць сваю вартасць воіна і ваеннага кіраўніка ў небяспечных ваенных выправах. Як вядома, характар і разумовыя здольнасці, ў адрозненні ад багацця і радавітасці, не абавязкова перадаюцца ад бацькоў дзецям. Аднак у нашым выпадку сын не толькі аказаўся варты свайго бацькі, але намнога яго пераўзышоў.

Несумненна, Міндоўг быў асобай з яркай індывідуальнасцю. Напэўна, не выпадкова менавіта яго наваградцы абралі сабе за князя. Ягоныя нестандартныя і дакладна разлічаныя палітычныя і дыпламатычныя рашэнні адыгралі не апошнюю ролю ў справе пабудовы дзяржавы. Тагачасныя летапісцы з храністамі таксама не выпадкова пісалі пра яго больш, чым пра іншых. Пры ўсёй нешматлікасці звестак аб Міндоўгу, іх усё-такі намнога больш, чым пра яго наступнікаў: Вайшэлка, Траняту, Трайдэна, Віценя.

Несумненна, Міндоўга з малых гадоў вучылі ваеннай справе - сына ваяра рыхтавалі да вайны. Напэўна, не было праблемаў з харчаваннем, у адрозненні ад большасці людзей у сярэднявеччы, якія елі мала і рэдка, часта былі змушаны галадаць. Значыць, можна меркаваць, што наш герой атрымаў добрую фізічную загартоўку і калі не быў надзелены магутным целаскладам (людзі ў сярэднявеччы былі пераважна дробнымі), то па меншай меры меў высакародную паставу, як звычайна людзі, прывыкшыя валадарыць. Пры двары бацькі - багатага і ўплывовага балцкага нобіля - хлопчык рос у атмасферы ўвагі і пашаны да сваёй асобы. Такія людзі з маленства прывыкаюць валадарыць і звычайна лічаць цалкам натуральным, што іх жаданне з'яўляецца законам для навакольных.

Валынскі летапісец 13 ст. засведчыў, што калі Міндоўг "пачаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай; і стаў ганарыцца вельмі, і ўзнёсся славаю і гонарам вялікім, і нікога не ставіў уровень з сабой". Такія паводзіны характэрныя для людзей прагных да ўлады ў любыя часы, а тым больш у сярэднявеччы з яго культам фізічнай сілы, ды калі яшчэ носьбіт улады не абцяжараны лішняй культурай і цывілізаванасцю. Забіваючы і зганяючы з зямлі кроўных сваякоў-канкурэнтаў, Міндоўг дабіраўся да ўлады цалкам у адпаведнасці з традыцыямі свайго часу. Несумненна, ён быў чалавекам прагным да ўлады і гатовым дорага за яе заплаціць. Несумненна, што ён любіў гэтай уладай пакарыстацца, як у эпізодах з захопамі чужых жонак (пра іх гаворка будзе пазней). Ужо ў маладым узросце Міндоўг быў адным з пяці "старэйшых" князёў на Літве.Варта падзіву тое ўменне і дакладнасць, з якой гэты дзікун-паганец здолеў арыентавацца ў тонкасцях вялікай міжнароднай палітыкі, як уводзіў сваю краіну і ўваходзіў сам у свет еўрапейскай цывілізацыі. Напэўна, у яго былі неблагія дарадцы, ды і самога Міндоўга не выпадае лічыць цалкам дзікуном, чыстым ад цывілізацыйных уплываў. Напэўна, ён тое-сёе пабачыў пад час паходаў на багатыя хрысціянскія землі. Не магло не пакінуць свой след даўняе знаёмства ягоных продкаў і яго самога з усходнеславянскай культурай. Адзін з аўтараў 13 ст. - манах-місіянер, які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга - пісаў пра лёгкасць прапаведання хрысціянства сярод яцвягаў, літоўцаў і нальшанцаў, бо яны "узгадаваныя ад самай калыскі хрысціянскімі карміліцамі". Вельмі верагодна, што Міндоўг умеў чытаць і пісаць (зразумела, кірыліцай, бо ў балтаў сваёй пісьмовасці не было).

Міндоўг быў, несумненна, вялікім дзяржаўным мужам, аднак яго асоба чамусьці не выклікае ў мяне асаблівай цікавасьці. Можа таму, што ён занадта тыповы прадстаўнік свайго часу. Усе яго дзеянні былі скіраваныя да адной мэты - захавання і ўмацавання ўласнай ўлады. Ён прагнуў улады і дзеля яе быў гатовы на ўсё. Звычайная сярод людзей дамінанта паводзінаў, якая не патрабуе ні асаблівага інтэлекту, ні значнай духоўнай працы над сабой (іншы прыклад - яго сын Вайшэлк). Наадварот, чым ніжэйшы інтэлект, тым выразней такая прага праяўляецца. Міндоўг паклаў пачатак арыентацыі на Заходнюю Еўропу, але зрабіў гэта пад ціскам абставін, не ўсведамляючы значэння гэтага стратэгічнага выбару. Прыняў каталіцтва і карону ад Папы Рымскага, але праз некалькі гадоў адмовіўся ад хрышчэння і, здаецца, не надаваў асаблівага значэння свайму каралеўскаму тытулу.

Міндоўг быў больш здольны і ўдачлівы за іншых, меў лепшыя стартавыя магчымасці для кар'еры. Спадарыня Гісторыя распарадзілася так, што яго асабістыя інтарэсы супалі з важнейшай грамадскай патрэбай Панямоння - арганізацыяй моцнай дзяржавы. Менавіта дзякуючы гэтаму супадзенню і спрыяльным знешнім умовам, справа ўдалася і Міндоўг заняў ганаровае месца ў пантэоне герояў нашай гісторыі.

Сёння ў Летуве славяць Міндоўга як вялікага летувіскага патрыёта - будаўніка першай летувіскай дзяржавы. На Беларусі часам паказваюць яго як выбітнага рупліўца беларушчыны. Аднак у 13 ст. яшчэ не існавалі сучасныя летувіскі і беларускі народы. Міндоўг не мог ведаць, што праз сем стагоддзяў пасля яго смерці будуць стварацца летувіская і беларуская дзяржавы, таму і не мог пакласці жыццё на іх стварэнне. Ён будаваў дзяржаву на біэтнічнай балта-славянскай тэрыторыі, будаваў для сябе і сваіх дзяцей, карыстаючыся зручным момантам і спрыяльным складам абставінаў.

У гэтым будаўніцтве выкарыстоўваўся той матэрыял, які меўся ў наяўнасці. У бліжэйшым яго атачэнні былі як балты, так і усходнія славяне. Летапіс упамінае ваяводу Міндоўга - разанца Астафія Канстанцінавіча. Побач меліся гатовыя ўзоры дзяржаўнасці ў выглядзе мясцовых усходнеславянскіх княстваў з іх развітымі дзяржаўнымі інстытутамі і сістэмай феадальнай іерархіі. Міндоўг іх цалкам засвойвае. Пад рукой была акультураная і распрацаваная русінская мова, якая падыходзіла да абслугі гэтай дзяржаўнасці і яна становіцца дзяржаўнай.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах імя Міндоўга ўпамінаецца пад 1219 г. (Галіцка-Валынскі летапіс) ў апісанні мірнай дамовы групы балцкіх князёў з Галіцка-Валынскай дзяржавай. Ён названы на чацьвёртым месцы сярод пяці "старэйшых" князёў. (Усяго прыехаў 21 кунігас). Адсюль выводзім, што наш герой у 1219 г. знаходзіўся ўжо ў дастаткова свядомым узросце. Ведаючы дату яго смерці (1263 г.) і улічыўшы, што яна адбылася не з натуральных прычын, можам вывесці, што Міндоўг нарадзіўся не раней мяжы 12 і 13 ст. У тым жа запісе 1219 г. летапісец дадае, што Міндоўг забіў князя Вішымунта Булевіча " ... і жонку яго забраў і браццю яго пабіў, Едзівіла, Спрудэйка". Відавочна, гэта адбылося значна пазней, бо той жа летапіс (ён складаўся ў канцы 13 ст.) паведамляе, што князь па імю Вішымонт загінуў у баі з войскам Міндоўга ў 1251 г.

Вядома, што Міндоўг валодаў уласным замкам - "градам", паводле летапісу, ці "бургам", як запісана ў нямецкай хроніцы. Летапіс апавядае, як пад час вайны з валынянамі Міндоўг зачыніўся "ва градзе варуце". Адсюль гісторыкі вывелі назву "Варута". Аднак іншыя даследчыкі прапаноўваюць чытаць "ва градзе ва Руце". Няма згоды сярод гісторыкаў адносна месца знаходжання гэтага града. На працягу другой паловы 19 - 20 ст. яны назвалі паўтара дзесятка мясцовасцей і канкрэтных мясцінаў у Летуве і Беларусі, дзе мог быць замак Міндоўга. Некаторыя з гэтых мясцін знаходзяцца не менш, чым у двух сотнях кіламетраў адна ад другой.Умацаванні ў міндоўгавым замку былі, несумненна, драўлянымі і таму не маглі захавацца да нашага часу. Адзінае, што магло застацца - узвышша са слядамі абарончых равоў і валоў. Але падобных узвышшаў-гарадзішчаў у Паўночнай Беларусі і Летуве вядома некалькі дзесяткаў. Звужае поле пошуку ўказанне летапісу, што Міндоўг княжыў у Літоўскай зямлі. Гэта была самая паўднёвая частка Аўкштоты і яе мяжа з Наваградскай зямлёй праходзіла прыблізна па Нёману. Гэта значыць, што ўладанне Міндоўга знаходзілася дзесьці ў міжрэччы Нёмана і яго буйнейшага прытока - Віліі. Тут ужо гарадзішчаў значна менш.

Самым магутным і цяжкадаступным з іх з'яўляецца гарадзішча каля мястэчка Гальшаны Ашмянскага раёна, збудаванае на найвышэйшай у той мясцовасці гары з незвычайнай назвай "Карабель". Выдатна захаваныя валы, праз якія і сёння не так лёгка перабрацца, цудоўная пляцоўка на вяршыні, з якой праглядаецца наваколле на дзесяткі кіламетраў. Археалагічныя раскопкі сцвердзілі, што тут у 13 ст. быў менавіта феадальны замак. Праўда, мясцовая легенда звязвае яго з імем ворага Міндоўга - князя Даўмонта. Аднак легенда можа памыляцца, ды і мы добра ведаем, што Даўмонт княжыў у Нальшанах, гэта значыць далёка на поўнач ад гэтых мясцінаў.

Пад час выцечак па турыстычнаму маршруту "Крэвія" мы абавязкова прывозім сюды школьнікаў і заводзім на самую верхавіну Карабля. Рэакцыя дзяцей заўсёды такая самая. Разгарачаныя і развесялёныя пад'ёмам, яны выбягаюць на край замкавай пляцоўкі і раптоўна заціхаюць, агаломшаныя нечаканай велічнасцю відовішча. Проста пад нагамі рассцілаецца бясконцая чарада рознавысокіх акруглых пагоркаў Ашмянскага ўзвышша, перарэзаных маляўнічымі лагчынкамі і пафарбаваных пяшчотнымі і няяркімі, толькі гэтай зямлі ўласцівымі, зялёна-шэраватымі колерамі. Калі глядзіш на ўсё гэта з вышыні птушынага палёту, то надзвычай востра адчуваеш дух гэтай зямлі, разумееш і перажываеш повязь яе з гісторыяй. Міжволі пачынаеш верыць, што можа сем стагоддзяў таму назад гэтаксама сцішана разглядаўся адсюль па роднай зямлі сам Міндоўг - першы вялікі князь літоўскі...

Алесь Краўцэвіч,  гісторык

Реклама: