№ 350 от 21.10.2004 | |
Политика Заставіць прыгавор без зменаў...Абласная калегiя суда Гродзенскай вобласцi заставiла без зменаў рашэнне Ленiнскага суда Гродна ў дачыненнi да лiдэра незарэгiстраванага страйкама прадпрымальнiкаў Валерыя Леванеўскага i ягонага намеснiка Аляксандра Васiльева. Калегiя таксама не задаволiла хадайнiцтва, дасланае В.Леванеўскiм поштай з турмы, з просьбай асабiста ўдзельнiчаць у разглядзе касацыйнай скаргi.
Нагадаю, што напачатку верасня В.Леванеўскi i А.Васiльеў былi асуджаны Ленiнскiм судом Гродна за абразу гонару i годнасцi Аляксандра Лукашэнкi, а А.Васiльеў яшчэ i за арганiзацыю несанкцыянаванага мiтынгу, якi адбыўся 1 мая ў Гродне. Суд прыгаварыў абодвух да двух гадоў зняволення ў калонii агульнага рэжыму. «Абразай гонару i годнасцi» суд палiчыў улётку, якую распаўсюдзiлi абвiнавачаныя, а дакладней – змешчаны ў ёй тэкст: «Приди и скажи, что ты против, чтобы за твой счет КТО-ТО ездил в Австрию отдыхать, кататься на лыжах, жить в свое удовольствие». Суд палiчыў, што складальнiкi ўлёткi наўмысна пад словам «кто-то» маюць на ўвазе прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i ўказваюць на тое, што ён злоўжывае сваiм службовым становiшчам – за кошт падаткаплацельшчыкаў ездзiць на адпачынак за мяжу.
Падчас разгляду касацыйнай скаргi адвакат Аляксандр Бiрылаў зазначыў калегii, што Ленiнскi суд Гродна не прыняў ягоных довададаў i ягоных падабаронных. Абвiнавачванне Ленiнскага суда было збудавана на паказаннях сведкаў, якiя нават не былi запрошаны ў суд, больш таго, нiхто з iх не з’яўляецца экспертам у вобласцi лiнгвiстыкi, суд адмовiў у правядзеннi прафесiйнай экспертызы. На думку адваката, адбыўся падлог рашэння суда не якаснымi заключэннямi спецыялiстаў, а колькаснымi думкамi звычайных грамадзян. Па словах адваката, вобыскi i выемкi былi праведзены з парушэннем заканадаўства, што таксама, згодна з заканадаўствам Беларусi, не можа класцiся ў аснову рашэння суда. I яшчэ. Адвакат падкрэслiў, што суд пры вынясеннi прыгавора не ўлiчыў нават, што ў абвiнавачваемых ёсць непаўнагадовыя дзецi. Урэшце, адвакат Бiрылаў заключыў у сваёй прамове, што судовае следства было праведзена няпоўна i неаб’ектыўна i прасiў калегiю адмянiць рашэнне.
Пасля працяглага перапынку калегiя суддзяў Гродзенскага абласнога суда вынесла рашэнне: заставiць прыгавор без зменаў.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|