№ 350 от 21.10.2004  

Фантастыка, панове!

Адзiная акруга №52, дзе не адбылiся выбары ў парламент Беларусi – Цэнтральная Гродзенская. Нiводзiн кандыдат ад апазiцыi ў вынiку галасавання не патрапiў у парламент.На першай паслявыбарчай прэс-канферэнцыi былыя кандыдаты ў дэпутаты ад апазiцыi з Гродзеншчыны дзялiлiся сваiмi ўражаннямi ад праведзеных выбараў i рэферэндуму.

– Выбары ў парламент i рэферэндум не вытрымлiваюць нiякай крытыкi, – заяўлялi былыя кандыдаты ў дэпутаты – нахабная непрыкрытая фальсiфiкацыя – не саромелiся яны ў выслоўях. Усе да аднаго прыводзiлi прыклады, як зрывалiся iх агiтацыйныя плакаты i ўлёткi, як перашкаджалi ўлады праводзiць сустрэчы з кандыдатамi, як на папярэднiх выбарах сталым людзям падавалi заранёў запоўненыя бюлетэнi, як «заганялi» людзей на папярэдняе галасаванне. Спадар Мiлiнкевiч зазначыў, што ў ягонай акрузе, Шчучынскi i Воранаўскi раёны, паўсюдна папярэдне прагаласавалi ад 40 да 70 працэнтаў выбаршчыкаў. Хаця па тэлебачанню нам паказвалi зусiм iншы працэнт: ад 7 да 8. Пра падлiк галасоў увогуле асобныя гiсторыi: назiральнiкаў не пускалi блiжэй як за 6 метраў да стала, на якiм лiчылi бюлетэнi. Таму, як iх лiчылi, нiхто не мог пабачыць. На асобных участках бюлетэнi наогул лiчылi ў iншых пакоях, куды нiкога не пускалi. Старшынi камiсiй не прадастаўлялi вынiковых пратаколаў. Асаблiва ўразiлася «дивными делами» членаў камiсii наглядальнiца Нарвежскага Хельсiнкскага камiтэту Берыт Лiндэман – на ўчастку, дзе яна дзяжурыла, «за» на рэферэндуме прагаласавала 110 працэнтаў выбаршчыкаў. Фантастыка, панове.

З асабiстага назiрання магу зазначыць, што на выбарчых участках у Мастах старшынi некалькiх участковых камiсiй адмовiлiся прадставiць мне колькасць спiсачнага складу ўдзельнiкаў галасавання, колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмiнова. Нягледзячы на тое, што ў Мастах павiнны яшчэ дзейнiчаць Законы Рэспублiкi Беларусь, старшынi ўчастковых камiсiй паводзiлi сябе празмерна.

На адной з акругаў у Гродне ўсё ж удалося правесцi экзiт-пол. Выходзiўшыя пасля галасавання выбаршчыкi былi апытаны на 9 выбарчых участках акругi №53. Аляксей Салей, якi ў гэтым удзельнiчаў, прадаставiў вынiкi. Высветлiлася, што з 951 апытанага «за» на рэферэндуме прагаласавалi 333 чалавекi, «супраць» 446 i 172 выбаршчыка адмовiлiся адказваць на пытанне. На погляд былых кандыдатаў, гэта рэальная карцiна таго, як аддавалi свае галасы выбаршчыкi. Нi ў кога з кандыдатаў не ўзнiкла сумневу, што выбары i рэферэндум былi груба сфальсiфiкаваны.

I яшчэ з асабiстага досведу. Калi я прыйшоў галасаваць, у спiсах не маглi знайсцi майго прозвiшча. – У чым справа? – Мы прыходзiлi спраўджаць спiсы, але вас не было дома – далiкатны адказ. Аказваецца, каб цябе не ўнеслi ў спiсы для галасавання, дастаткова не быць дома. Сапраўды, «ошеломляюще».

Мiхаiл КАРНЕВIЧ