№ 351 от 28.10.2004 | |
Новости «Працяг жыцця» у МікелеўшчынеГэтыя дзяўчаткi з Мiкелеўшчынскай базавай школы Мастоўскага раёна, якiх вы бачыце на здымку, мараць стаць мадэльерамi. Калекцыя, якую яны прадстаўляюць, называецца "Працяг жыцця". Усё дзяўчаты зрабiлi сваiмi рукамi. Прычым, белыя стужачкi на чорным матэрыяле – гэта не што iншае, як звычайныя белыя гарбузныя семячкi. Арыгiнальна i вельмi свежа ў параўнаннi з прафесiйнымi беларускiмi мадэльерамi. Можна толькi ўявiць, наколькi крапатлiвай была праца, каб потым атрымалася такая элегантная эксклюзiўная калекцыя.
У Мiкелеўшчынскай школе ўжо некалькi гадоў iснуе тэатр моды "Надзея". Назва тэатра ў гонар дырэктара школы Надзеi Канстанцiнаўны Гардзiеўскай. А займаецца з дзяўчатамi настаўнiца матэматыкi Галабурда Ала Мiхайлаўна. У "Надзеi" ужо шмат калекцый, з якiмi iм давялося выступаць у гарадах нашай вобласцi, а таксама ў сталiцы Беларусi. Самай важнай адметнасцю гэтага тэатра мод з'яўляецца тое, што ва ўсiх сваiх калекцыях яны стараюцца перадаць нацыянальны каларыт беларускага этнасу. Варта пабачыць, чаго каштуе iх калекцыя "Беларусачка" з iльна i саломкi. Непаўторная рэч, якую з поспехам можна прадстаўляць нават на заходнiх подыўмах. Ёсць i калекцыя, у якой сукенкi пашыты з аднае стужкi даўжынёй у 600 метраў. Проста i ўражлiва, асаблiва, калi прадстаўляюць яе самi дзяўчаты.
Усе яны кажуць, што аддаюць гэтаму занятку шмат часу, але iх стае i на тое, каб дапамагчы матулям па гаспадарцы i вывучыць урокi - усе будучыя мадэлi i мадэльеркi вучацца паспяхова.
Роўнага вам подыўма, дзяўчаты.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|