№ 352 от 04.11.2004 | |
Событие недели Павал Мажэйка абвесьціў галадоўкуУ панядзелак на 7 сутак асудзiлi Паўла Мажэйку, кiраўнiка Гродзенскай фiлii Беларускай асацыяцыi журналiстаў. Рашэнне абвесцiла суддзя Ленiнскага суда Гродна Вiкторыя Кулакоўская. У судовай залi Павал абвясцiў, што будзе галадаць за кратамi. У сераду адбудзецца суд над журналiстамi Наталляй i Анатолем Макушынымi. Iм таксама iнкрымiнуецца ўдзел у несанкцыянаваным шэсцi.
Павал Мажэйка – кiраўнiк гродзенскай фiлii Беларускай асацыяцыi журналiстаў. 4 кастрычнiка на вулiцы Савецкай у Гродне журналiсты пратэставалi супраць пакарання Алены Раўбецкай – галоўнай рэдактаркi газеты "Биржа Информации", за публiкацыю пра абвешчаны рэферэндум суд аштрафаваў яе на 1 мiльён 330 тысяч рублёў. Некалькi журналiстаў моўчкi стаялi на тратуары вулiцы Савецкай i трымалi ў руках аркушыкi паперы са словамi "У Гродна судзяць журналiстаў". У руках у Паўла быў аркуш паперы з словам "журналiстаў". Пасля таго, як мiлiцыянт запатрабаваў разысцiся, палiчыўшы гэта дзеянне за несанкцыянаваны пiкет, журналiсты падпарадкавалiся. Менавiта за пiкет пратакол складаць не сталi. Пасля гэтага ўдзельнiкi пайшлi па вулiцы Савецкай, трымаючы ў руках кожны свой аркушык са словамi, якiя разам складалi фразу "У Гродна судзяць журналiстаў!!!". Усё гэта дзейства фiльмавалi на стужку мiлiцэйскiя аператары, а затым "кiно" дэманстравалi ў судзе. Ня глядзячы на тое, што журналiсты мiрна прайшлiся па вулiцы, не замiнаючы нi мiнакам, нi транспарту, суд расцанiў такiя дзеяннi, як несанкцыянаванае шэсце.
Павал Мажэйка пакараны на 7 сутак арышту, у наступным нумары "БI" паведамiць, якую кару дасталi нашы калегi Наталля i Анатоль Макушыны. Нагадаю толькi, што ў руках Наталлi на аркушыку было напiсана слова "судзяць", а ў Анатоля "Гродна".
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|