Валютныя студэнты

"Мы сталі ахвярамі палітычнай гульні і нядобрасумленнай канкурэнцыі", - лічыць дырэктарка гродзенскага філіялу Недзяржаўнага інстытуту сучасных ведаў Дар'я Галубовіч. 1 верасня тут не распачаліся заняткі, як у астатніх беларускіх ВНУ. Міністэрства адукацыі не хоча дазволіць інстытуту далей працягваць сваю дзейнасць.

Гэтым летам, калі з самога інстытуту падавалі дакументы, каб працягнуць ліцэнзію на дзейнасць, гродзенскі філіял туды не ўключылі. Бо яшчэ ў 1998 годзе кіраўнікі філіялу звярнуліся ў Міністэрства з мэтай яго пераўтварэння ў самастойную ВНУ. З адказам цягнулі. Затое 16 ліпеня выйшаў загад №51 аб заканчэнні тэрміну дзеяння ліцэнзіі для гродзенскага філіялу Недзяржаўнага інстытуту сучасных ведаў і аб ліквідацыі самога філіялу.

"Росчыркам пяра міністра нельга ліквідаваць філіял", - кажуць кіраўнікі інстытуту. Паводле статута, ліквідаваць яго можа толькі заснавальнік альбо суд. Яны таксама лічаць, што Міністэрства павінна было папярэдзіць аб заканчэнні тэрміну дзеяння ліцэнзіі.

Трэба дадаць, што загад выйшаў якраз напярэдадні ўступных экзаменаў. Таму частка абітурыентаў, што падалі дакументы на паступленне ў Недзяржаўны інстытут сучасных ведаў, адначасова напісалі заявы ў гродзенскі ўніверсітэт. Цяпер яны могуць перайсці ў ГрДзУ. Аднак прымаць гэтыя заявы ўніверсітэт не меў права, бо ўсе дакументы знаходзіліся ў інстытуце сучасных ведаў. Абітурыенты, якія не захацелі ісці ва ўніверсітэт, засталіся ні з чым. Яны страцілі цэлы год, бо ў Міністэрстве кажуць, што інстытут не меў права набіраць сёлета першакурснікаў.

Былыя студэнты і рэшта абітурыентаў Недзяржаўнага інстытута сучасных ведаў будуць вучыцца на гуманітарным факультэце ГрДзУ, які быў заснаваны яшчэ ў 1994 годзе. Раней тут вучыліся ўсе студэнты факультэту, якія плацілі за навучанне. 5 гадоў таму платнікаў было вельмі мала. Цяпер на кожным факультэце створаны два аддзяленні: для юрыстаў і эканамістаў.Паколькі вучоба ў інстытуце была платная, ва ўніверсітэце студэнты будуць таксама плаціць за навучанне. Бацькі ўпэўненыя, што кошты тут будуць разы ў два большыя - замест 500 даляраў за год трэба заплаціць 1000 альбо нават 1200. Шмат хто не можа знайсці такія вялікія грошы. Але Таццяна Бадзюкова, новы дэкан гуманітарнага факультэту, запэўніла, што кошты ніхто змяняць не будзе. Яна сказала таксама, што вучыцца студэнты будуць як у інстытуце - 4 гады на дзённым і 5 на завочным. Карацей, усё будзе як раней, а студэнты яшчэ і атрымаюць дыпломы дзяржаўнага ўзору. Выкладаць тут, дарэчы, будуць тыя ж самыя людзі, што чыталі лекцыі для студэнтаў інстытуту сучасных ведаў. Гэта настаўнікі ГрДзУ, якія раней працавалі там па кантракце.

На пытанне, чаму ўніверсітэт прымаў ад абітурыентаў заявы, не маючы на гэта права, адказала, што яны дзейнічалі згодна са спецыяльным загадам. Паводле яго ГрДзУ, а таксама іншыя навучальныя ўстановы павінны былі прымаць заявы без дакументаў дзеля таго, каб аказаць сацыяльную дапамогу студэнтам. Заявы прымаліся да першага верасня. "Мы нікога не цягнулі за вушы", - сказала спадарыня Бадзюкова. Яна паведаміла таксама, што ў інстытуце дакументы аддаваць не хацелі. Дырэктарка інстытуту кажа, што кожны студэнт у любы час мог забраць сваю заяву разам з дакументамі.

Тут з універсітэту паскардзіліся ў сталіцу. Разбірацца прыехаў з Мінску намеснік начальніка камітэта па вышэйшай і сярэдняй адукацыі Б.Дашкевіч. Сход правялі на мінулым тыдні ў галоўным корпусе ўніверсітэту. У актавай зале сабраліся кіраўнікі інстытута і студэнты з бацькамі.

Ён сказаў, што, калі ўсё будзе добра, інстытут зможа набраць студэнтаў у 2000-м годзе. Аднак вучыцца можна толькі на першым курсе, бо гэта будзе ўжо не філіял, а самастойная ўстанова. Другакурснікі, што захочуць працягваць вучобу ў інстытуце, мусяць чакаць год, трэццякурснікі - два і гэтак далей. "Імець дзіпломы гасударственнага абразца - бальшое шчасце для вас. А еслі вы хаціце астацца ва ўчрэждзеніі, каторага не сушчэствует - эта вашэ права", - сказаў Дашкевіч. Калі ў зале пачалі абурацца, ён дадаў: "Еслі мы будзем шумець, то я сійчас уйду".

Карацей, у барацьбе за студэнтаў перамог Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. У выніку дзяржава мае дадатковы даход, адначасова пазбавіўшыся незалежнай навучальнай установы, дзе выхоўваліся студэнты, якія заўсёды прытрымліваліся дэмакратычных поглядаў.

Цікава, што заняткі на гуманітарным факультэце гродзенскага ўніверсітэта ўсё адно не пачнуцца своечасова. Зараз тут падлічваюць колькасць паданых заяваў, а раскладу лекцый яшчэ няма ўвогуле.

Тэрэса Базылевіч

Реклама: