Мы адправілі дзяцей у школу

Бадай самая значная падзея адыходзячага тыдня - першага верасня. На Гарадзеншчыне ўчора ў 667 школ прыйшло 19 тысяч настаўнікаў і 188 тысяч вучняў. Некаторыя, як настаўнікі, так і вучні, ўпершыню пераступілі парог школы ў новай для іх ролі. Напэўна хвалююча, асабліва для дзетак, якія так доўга чакалі гэтага дня... Ён наступіў. У іх жыцці ён здарыцца толькі аднойчы, бо ўсё астатняе, звязанае са школай, зрэшты, як і ўсё ў нашым жыцці, стане будзёным і знаёмым. Добра, калі большасці дзетак гэты дзень запомніцца сонечным і святочным. Напэўна ў некага складзецца па-іншаму. Таксама і ў маладых настаўнікаў.

Сёлета за камплект падручнікаў для пачатковых класаў бацькам давядзецца заплаціць 558 тысяч рублёў, для восьмага - 1 мільён 93 тысячы, для дзесятага - 1 мільён 288 тысяч. Камусці гэта падасца немагчымай ношай, паколькі для школьніка патрэбны, на жаль, не толькі падручнікі, але і новыя кашулькі, штаны, абутак... Што ж - усё лепшае дзецям.

У гэтым годзе 51% школьнікаў Гродзеншчыны наведваюць школы з беларускай мовай навучання, 48 - з рускай. 72% школ маюць статус беларускамоўных і толькі 5% - рускамоўных. 23% школ - двухмоўныя. Аднак навучальныя ўстановы, дзе прадметы выкладаюцца на роднай мове, знаходзяцца ў вёсках, класы там нешматлікія. У школах жа Гродна, Ліды, Слоніма навучанне вядзецца па-руску. Гэта статыстыка, за якой крыецца той факт, што беларуская школа адмірае разам з роднай мовай, літаратурай, гісторыяй. Нашы дзеткі не могуць пакуль гэтага зразумець, адказнаць за гэта ляжыць на дарослых, якія не хочуць гэтага разумець.

На мінулым тыдні давялося пабываць на Беласточчыне, дзе сустракаўся з беларускай моладдзю. Шмат хто з хлопцаў і дзяўчат сканчалі вышэйшыя навучальныя установы ў Мінску. Гэта быў час, калі Беларусь атрымала незалежнасць, і яны, выхаваныя ў беларускім духу бацькамі і настаўнікамі ліцэя, прыехалі да нас умеючы размаўляць толькі па-польску і па-беларуску. Беларускасць за некалькі гадоў з іх выбілі абзываючы нацыяналістамі, рускасць да іх не прыжылася і палякамі ў Польшчы іх таксама не лічаць. Але ў беларускасць, да якой іх прывучылі бацькі ў дзяцінстве, яны больш не вераць, таму што ведаюць, што яе не існуе нават ў гэтай самай Беларусі. Я ім нічога не здолеў адказаць.

Напэўна, праз некалькі гадоў тое самае будзе цяжка патлумачыць і нашым дзецям у Беларусі. А стаіць за гэтым усім перш за ўсё дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі, ды і не толькі... І ўсё ж, са святам вас, дарагія настаўнікі і вучні! Поспехаў вам!

М.МІКАЛАЙЧЫК

Реклама: