Пачынаючы з гэтага нумара і ў двух наступных мы змяшчаем матэрыялы, прысвечаныя падзеям 17 верасня 1939 года. Сёлета ім ужо споўніцца 60 гадоў.

Верасень 1939-га: вызваленне ці заняволенне?

Беларуская гісторыя ў асвятленні савецкіх і постсавецкіх гісторыкаў нагадвае нейкае зачараванае кола. Беларус глядзіцца ў яго і не можа пазнаць сябе. А люстраны адбітак у пэўны момант пачынае жыць уласным жыццём і не без поспеху ўжо дыктуе арыгіналу сваю волю. Падобныя думкі асабліва часта навейваюць падчас святкавання беларускіх дзяржаўных святаў. Чарговая гадавіна 17 верасня 1939 г. у іх ліку. Многае сёння прымушае задумацца: што мы святкуем? Вызваленне ці прыход на беларускую зямлю новых прыгнятальнікаў непараўнальна больш жорсткіх і каварных?

У адносінах да савецкай улады беларусы былі і застаюцца (у большасці) на дзіва ўдзячным народам. Яны казалі "вялікі дзякуй" бальшавікам за развязаную грамадзянскую вайну, за калектывізацыю, што абярнулася знішчэннем беларускага сялянства, за "культурную рэвалюцыю", якая зліквідавала інтэлігенцыю, зруйнавала веру ў агульначалавечыя каштоўнасці і нарадзіла новую істоту - "савецкага чалавека", і г.д. Асаблівую ўдзячнасць беларусы выказвалі за так званае "вызваленне ад панскага прыгнёту" ў 1939 г., за "брацкую дапамогу" ў справе далучэння да ўсіх дасягненняў сталінскага сацыялізму, у тым ліку і да славутага ГУЛАГу.

Распад СССР дазволіў зазірнуць у таямніцы партыйных архіваў, якія доўгі час старанна хавалі праўду пра падзеі 1939-1941 гг. І раптам аказалася, што "вызваленне" суправаджалася такімі пераменамі ў жыцці насельніцтва Заходняй Беларусі, у параўнанні з якімі так званы "панскі прыгнёт" быў проста росквітам дэмакратыі.

Але аўтары некаторых падручнікаў апошняга часу насуперак гістарычным рэаліям ізноў заклікаюць беларусаў паверыць у "правоту партии Ленина-Сталина". Выкладчыкі Гарадзенскага універсітэту І.Коўкель і Э.Ярмусік у падручніку "История Беларуси. С древнейших времён до нашего времени" (Минск,1998) сцвярджаюць, што "западные области БССР за год и десять месяцев после воссоединения сделали значительный шаг вперёд в социально-экономическом и культурном развитии, несмотря на некоторые издержки командно-административной системы".(с.506).

Можна толькі паспачуваць студэнтам-гісторыкам, якія вучацца ў людзей, што лічаць Курапаты, масавую дэпартацыю насельніцтва з Заходняй Беларусі, якая ўяўляла сабой форму забойства соцен тысяч жыхароў Беларусі, і інш., "некоторыми издержками" сістэмы.

Частка 1. Як нас "вызвалялі"

Вытокі вераснёўскіх падзей 1939 г. хаваюцца не толькі ў палітыцы "партыі Леніна-Сталіна". У пэўным сэнсе ўсё пачыналася яшчэ ў 1920 г. У кастрычніку ў Рызе дэлегацыі Савецкай Расеі і Польшчы падпісалі мірную дамову паводле якой тэрыторыя Беларусі дзялілася гэтымі краінамі паміж сабой. Беларускія палітыкі не здолелі адстаяць непадзельнасць сваёй зямлі, бо не мелі масавай падтрымкі. Без гэтага цяжка было разлічваць на тое, што правячыя партыі суседніх дзяржаваў (расейскія бальшавікі і польскія нацыянальныя дэмакраты) будуць лічыцца з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. Першая ў ХХ ст. спроба беларусаў дасягнуць незалежнасці, каб нарэшце зажыць па-людску, была змарнавана. Наступствы былі жахлівымі.

У БССР, гэтым сурагаце беларускай дзяржаўнасці, які цалкам залежаў ад Масквы, партыя камуністаў з канца 20-ых гадоў крывёю і прапагандысцкай хлуснёй ўмацоўвала сваю ўладу. Сімвалам трагедыі Беларусі назаўсёды застануцца Курапаты. А на заходніх беларускіх землях, якія апынуліся ў складзе Польшчы, становішча беларусаў адлюстроўвала здзеклівая прыказка тых часоў: "поляк - то пан, не поляк - то хам". Польскія ўлады адкрыта праводзілі нацыянальную асіміляцыю. Праўда да такой ступені хлусні, гвалту і насілля як у СССР яны ніколі не дайшлі.

Рыжская польска-бальшавіцкая дамова мела і іншыя наступствы. Яна непасрэдна прычынілася да развязвання ІІ святовай вайны і да чарговага падзелу Польшчы паміж Расеяй і Германіяй.У 30-ыя г. Еўропа актыўна ўзбройвалася. Безумоўнымі лідарамі былі нацыянал-сацыялістычная Германія і камуністычны СССР. У 1937 г. доля гэтых дзяржаваў у святовым ваенным патэнцыяле (усё 100%) складала адпаведна - 14,4% і 14,0%. І Сталін і Гітлер імкнуліся да панавання ў свеце. Рознымі былі толькі дзяржаўныя ідэалогіі, якія апраўдвалі імперскія амбіцыі Фюрэра і Правадыра.

Кіраўнікі заходнееўрапейскіх дзяржаваў аказаліся няздольнымі ні спыніць гітлераўскую агрэсію ў Еўропе, ні перашкодзіць Сталіну ператварыць сваю краіну ў імперыю рабоў з самай велізарнай арміяй у свеце.

Сталін і Гітлер хутка зразумелі, якія магчымасці стварае для іх нерашучасць еўрапейскіх палітыкаў. Адзінай перашкодай на шляху падзелу Усходняй Еўропы была Польшча, з якой СССР і Германія вырашылі пакончыць уласнымі сіламі. Тайныя савецка-германскія перамовы распачаліся ў чэрвені 1939 г. у Маскве. Дыктатары спяшаліся. 14 чэрвеня Гітлер загадаў сваім генералам за 8 тыдняў падрыхтавацца да вайны супраць Польшчы. 22 жніўня падрыхтоўка была закончана. На наступны дзень міністр замежных справаў Германіі Рыбентроп паляцеў у Маскву.23 жніўня 1939 г., па словах гісторыка Ігара Кузняцова, над светам быццам выбухнула бомба. СССР і Германія, якія яшчэ нядаўна ганьбілі адзін аднаго на чым свет стаіць, падпісалі пакт аб ненападзе. Ніхто яшчэ не ведаў, што часткай дамовы з'яўляецца тайны пратакол аб падзеле Усходняй Еўропы паміж СССР і Германіяй, які будзе знойдзены праз 6 гадоў у архівах ІІІ Рэйха.

Вось ягоны тэкст:

"З выпадку падпісання Пакту аб ненападзе паміж Германіяй і СССР упаўнаважаныя абодвух Бакоў, якія падпісаліся ніжэй, абмеркавалі ў строга канфідэнцыйных гутарках пытанне аб размежаванні сфераў іхняга ўплыву ва Усходняй Еўропе. Гэтае абмеркаванне прывяло да пагаднення ў наступным:

  1. У выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэнняў у абласцях, якія належаць Прыбалтыйскім дзяржавам (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве), паўночная мяжа Літвы адначасова будзе з'яўляцца рысай, якая падзяляе сферы ўплыву Германіі і СССР. У сувязі з гэтым зацікаўленасць Літвы ў раёне Вільні прызнана абодвума бакамі.
  2. У выпадку тэрытарыяльных і палітычных пераўтварэнняў у абласцях, якія належаць Польскай дзяржаве, сферы ўплыву Германіі і СССР будуць размежаваны прыблізна па лініі рэк Нарава, Віслы і Сана.
  3. Пытанне пра тое, ці пажаданае ва ўзаемных інтарэсах абодвух бакоў захаванне незалежнай Польскай дзяржавы, і пра межы такой дзяржавы будзе канчаткова вырашана толькі ў часе будучых палітычных падзeяў.

    Ва ўсякім выпадку абодва ўрады вырашаць гэтае пытанне шляхам сяброўскай згоды.

  4. Датычна Паўднёва-Усходняй Еўропы Савецкі бок паказаў на сваю зацікаўленасць у Бесарабіі. Нямецкі бок ясна заявіў пра поўную палітычную незацікаўленасць у гэтых тэрыторыях.
  5. Дадзены пратакол разглядаецца абодвума бакамі як строга сакрэтны.

Паўнамоцны прадстаўнік ураду СССР В.Молатаў

За ўрад Германіі Я.Рыбентроп

Пасля падпісання дамовы і сакрэтнага пратакола пачалося застолле. Ігар Кузняцоў адзначаў: Сталін быў задаволены, хадзіў, паціраў далоні. "Падманулі, падманулі",- шапнуў на вуха Молатаву. Прамаўляліся тосты... Развесяліўшыся Сталін прапанаваў Рыбентропу выпіць за здароўе яўрэя-камісара Лазара Кагановіча.

Фюрэр таксама радаваўся. 25 жніўня 1939 г. ён пісаў да Мусаліні: "Я ўпэўнены, што магу паведаміць Вам, Дучэ, што дзякуючы перамовам з Савецкай Расіяй у міжнародных адносінах узнікла становішча, якое павінна прынесці нам найвялікшы выйгрыш".

Савецка-германскі "пакт аб ненападзе" - выдатны праект агрэсіі. Ён непасрэдна прычыніўся да развязвання святовай вайны. Трэба прызнаць, што кіраўніцтва СССР не менш за кіраўнікоў германскага Рэйха адказвае за самую вялікую трагедыю чалавецтва ў ХХ ст.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. У гэты ж дзень Сталін падпісаў загад аб мабілізацыі рэзервістаў. Было ўведзена ваеннае становішча ў Ленінградскай, Беларускай і Кіеўскай ваенных акругах. У баявую гатоўнасць прыводзіліся таксама войскі Маскоўскай, Калінінскай, Арлоўскай і Харкаўскай. Сталін рыхтаваўся да агрэсіі супраць Польшчы. Так распачалася святовая вайна.

Тайны пратакол не прадугледжваў абавязковага ўдзелу Чырвонай арміі ў вайне супраць Польшчы. Але Гітлер быў вельмі зацікаўлены ў гэтым, бо спадзяваўся, што Англія і Францыя будуць вымушаны абвясціць вайну і СССР. Сталін, аднак, не спяшаўся. Праўда, праз новага пасла ў Германіі Шкварцава ён заверыў фюрэра, што СССР ніколі не падводзіць сваіх сяброў. Між тым Польшча змагалася. Уся прэса свету (нават нямецкая) адзначала гераічны супраціў польскай арміі. Абарона Вестэрплятэ, Гдыні, Варшавы, бітва на Дзуры выклікалі вялізарную павагу і сімпатыю да палякаў. А вось савецкі друк публікаваў зусім іншае. Савецкія газеты са здзіўленнем адзначалі, што палякі не аказваюць немцам аніякага супраціву, што Польшча, фактычна, акупаваная, і невядома, дзе знаходзіцца яе ўрад.

Магчыма, што рашэнне пра інтэрвенцыю супраць Польшчы было прынята толькі тады, калі Сталін пераканаўся, што Англія і Францыя сапраўдных ваенных дзеянняў супраць агрэсара весці не будуць. Да таго ж Сталін не мог быць пэўным, што Гітлер так проста падзеліцца сваёй здабычай. Прыняўшы рашэнне, Сталін паклапаціўся, каб напад на Польшчу з боку СССР істотна адрозніваўся ад агрэсіі Германіі. Нарадзілася версія "вызваленчага паходу". Варта нагадаць, што ў 1941 г. іншыя агрэсары, не менш за кіраўніцтва СССР "заклапочаныя" цяжкай доляй беларускага народу, будуць сцвярджаць, што вызваляюць яго ад "бальшавіцкага прыгнёту".

А 2-й гадзіне ночы 17 верасня у Крэмль быў выкліканы германскі пасол граф фон Шуленбург. Сталін прыняў яго ў прысутнасці Молатава і Варашылава. Паслу абвясцілі, што а 6-й гадзіне Чырвоная армія пяройдзе польскую мяжу на ўсёй працягласці ад Полацка да Камянец-Падольска.

Удзень прыйшла чарга польскага пасла. Спадар Гжыбоўскі быў тэрмінова выкліканы ў наркамат замежных спраў. Яму зачыталі ноту: "Нямецка-польская вайна паказала ўнутранае банкруцтва польскай дзяржавы... Варшава, як сталіца Польшчы, больш не існуе. Польскі ўрад распаўся і не выяўляе прыкметаў жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і польскі ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дамовы, заключаныя паміж СССР і Польшчай... Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, каб аднакроўныя беларусы і ўкраінцы, якія жывуць на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабаронныя.

З прычыны гэтага Савецкі ўрад даў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі."

Амаль кожнае слова ў гэтай ноце працята хлуснёй. Пра тое, як кіраўніцтва СССР хваляваў лёс "аднакроўных беларусаў і ўкраінцаў" сведчыць не толькі змест тайных пратаколаў 1939 г. Варта згадаць пра арганізаваны савецкімі ўладамі голад на Украіне, які ўнёс жыццё некалькіх мільёнаў чалавек, пра беларускія Курапаты, пра трагічны лёс беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі. Хлуснёй было таксама сцвярджэнне пра знікненне польскай дзяржавы. Польшча змагалася. Урад знаходзіўся ў мястэчку Куты побач з румынскай мяжой. Гераічна абаранялася Варшава. Толькі 27 верасня яна была захоплена немцамі.

Дзеля ўдара па Польшчы яшчэ 11 верасня былі створаны два франты- Беларускі і Украінскі. Яны налічвалі да 600 тыс. чал., 4 000 танкаў, 5 500 гармат, 2 000 самалётаў. У складзе Беларускага фронту знаходзілася каля 200 тыс. салдат і афіцэраў.

Ваенныя дзеяні пачалі войскі НКВД. У другім эшэлоне ішлі ўдарныя армейскія групы. За імі - зноў НКВД са спісамі "ворагаў народа".

Польшча апынулася паміж молатам і кавадлам. Яшчэ 16 верасня палажэнне палякаў не было катастрафічным. Трымалася Варшава. Ішла бітва пад Кутна. Многія часткі пазбеглі разгрома і акружэння, адышлі на ўсход ад Віслы і рыхтаваліся да баёў. Фарміраваліся новыя дывізіі, у складзе якіх было шмат беларусаў і ўкраінцаў. Польскае войска яшчэ налічвала каля 650 тыс. З іх 200 тыс. знаходзіліся на ўсход ад Віслы. Таксама можна было ўвесці ў бой да 240 тыс. рэзервістаў. Хаця яны былі толькі часткова ўзброеныя і мелі розную ступень падрыхтоўкі. Яшчэ заставалася надзея на саюзнікаў. Прадстаўнік Францыі заявіў, што французскія войскі пачнуць ваенныя дзеянні 21 верасня. (Гэта была хлусня! 12 верасня палітыкі Англіі і Францыі прынялі рашэнне не пачынаць наступальных дзеянняў.) Трэба адзначыць і тое, што ваенныя дзеянні для нямецкай арміі не былі прагулкай. За перыяд баёў германскія войскі страцілі больш за 50 тыс. салдат і афіцэраў забітымі і параненымі (!). Праз два тыдні баёў з'явіліся першыя прыкметы, што немцы пачынаюць выдыхацца.

Уступленне ў вайну СССР зрабіла сітуацыю крытычнай. Галоўнакамандуючы генерал Сміглы-Рыдз прыняў рашэнне аб вывадзе войскаў у Румынію. Ён зразумеў, што вайна не закончыцца падзеямі ў Польшчы, што яна толькі распачынаецца.

У адпаведнасці з ягоным загадам польскія войскі з Гарадзеншчыны, Віленшчыны і Наваградчыны рухаліся ў накірунку румынскай мяжы. На месцах дыслакацыі засталіся толькі часткі Корпуса абароны памежжа (каля 8 тыс. чал. без артылерыі) і запасныя часткі (каля 45 тыс.), палова якіх не мела зброі.

Пры такіх умовах наступленне Беларускага фронта павінна было нагадваць не вайну, а вучэнні. І тым не менш гладкім і лёгкім паход Чырвонай арміі не быў. Было шмат арганізацыйных праблемаў, не хапала паліва, баезапасу, прадуктаў. Салдаты амаль адразу пачалі выкарыстоўваць "НЗ". Узніклі праблемы з сувяззю. Архіўныя дакументы сведчаць пра невысокі ўзровень баяздольнасці большасці падраздзяленняў. Мелі месца выпадкі, калі кіраўнікі высокага рангу былі вымушаныя браць на сябе кіраванне батальёнамі і палкамі. Часта ў штабы паступала непраўдзівая інфармацыя і г.д.

Але галоўнае, што польскае войска ўсё ж аказала супраціўленне. Змагаўся Корпус абароны памежжа і запасныя часткі, якія папаўняліся дабраахвотнікамі.

19 верасня пасля кароткага, але досыць жорсткага бою чырвонаармейцы ўварваліся ў Вільню. Рэшткі абаронцаў адыходзілі на Гародню. Па планам чырвоных камандзіраў Гародня таксама павінна была быць занята 19 верасня. Аднак чырвонаармейцы спазняліся.

Гародня рыхтавалася да абароны. Галоўныя сілы абаронцаў складаліся з двух батальёнаў, узброеных пераважна карабінамі і гранатамі. Сярод салдат было шмат нядаўніх гарадзенскіх гімназістаў, якія вырашылі абараняць родны горад. Агульная колькасць абаронцаў не перавышала 2 тыс.чал. 18 верасня камандзір атрада маёр Б.Серафін паведаміў салдатам пра агрэсію Чырвонай арміі, заявіў, што барацьба супраць двух агрэсараў безнадзейная і прапанаваў пакінуць зброю і разысціся. У атрадзе засталіся толькі дабраахвотнікі, аснову якіх складалі гімназісты.

20 верасня моцны танкавы атрад нечакана ўварваўся ў Гародню з боку Беластока. Танкі прайшлі праз мост і апынуліся ў цэнтральнай частцы горада. Але пяхотнай падтрымкі яны не мелі і таму трапілі ў вельмі цяжкае становішча. Абаронцы хутка аправіліся ад нечаканага ўдару. Выкарыстоўваючы цесныя і вузкія гарадскія вуліцы, яны з дапамогай гранат і бутэлек з бензінам вялі паспяховую барацьбу з танкамі. Адзін з танкаў быў атакаваны на вуліцы Брыгіцкай (сёння вуліца ім. Карла Маркса). Выстралам з карабіна быў забіты механік. Танк пачаў круціцца на месцы, ва ўсі бакі страляючы з гарматы і кулямёта. Ад бутэлькі з бензінам ён загарэўся. Адзін з танкістаў, які спрабаваў пакінуць танк, быў застрэлены, другі - паранены.

У сярэдзіне дня падышлі дадатковыя часткі Чырвонай арміі, але штурм горада перанеслі на наступны дзень. Масіраваныя атакі танкаў і жывой сілы пачаліся раніцай 21 верасня. Польскія гісторыкі адзначаюць, што менавіта пад нашым горадам мелі месца самыя цяжкія баі для Чырвонай арміі. Ад куль і пад гусеніцамі танкаў загінула каля 300 абаронцаў і жыхароў горада. Страты чырвонаармейцаў па афіцыйных звестках склалі 47 забітых і 156 параненых.

На поўдні Беларусі нямецкія і савецкія войскі сустрэліся пад Бярэсцем. Польскі гарнізон крэпасці паспяхова адбіваў атакі Гудэрыяна. Немцы пачалі нервавацца. Але дапамагла Чырвоная армія. Цяжкая артылерыя камбрыга Крывашэіна амаль двое сутак вяла няспынны агонь па пазіцыях абаронцаў. Пасля захопу горада і крэпасці нямецкія і савецкія салдаты абдымаліся на мосце праз Буг.

З нагоды перамогі ў Брэсце адбыўся ваенны парад. Пад гукі Брандэнбургскага маршу на вуліцах горада прайшлі салдаты Гудэрыяна і Крывашэіна. Камандзіры прымалі парад. "Сяброўства, замацаванае крывёю",- адзначыць потым Сталін у тэлеграме Гітлеру. У далейшым цеснае супрацоўніцтва гестапа і НКВД, накіраванае супраць руху супраціўлення на польскіх, беларускіх і украінскіх землях, яшчэ больш умацуе гэтае сяброўства.

25 верасня 1939 г. Шуленбург тэлеграфаў у Берлін: "Сталін … лічыць памылковым пакідаць незалежную польскую дзяржаву. Ён прапануе наступнае рашэнне: з тэрыторыяў на ўсход ад дэмаркацыйнай лініі да нашай часткі павінны быць далучаным усё Люблінскае і частка Варшаўскага ваяводства, якая цягнецца ад Буга. Узамен мы павінны адмовіцца ад нашых прэтэнзіяў на Літву".

Фюрэр згадзіўся. Даведаўшыся пра згоду, Сталін у якасці падарунка перадаў Германіі вялікія ўгоддзі ў Белавежскай пушчы. Ён зазначыў, што гэтаму падарунку найболей будзе рады заўзяты паляўнічы Герынг.

Нам даўно пара зразумець, што ні "дапамога ўкраінскім і беларускім братам", ні нейкае "аднаўленне справядлівасці" ў адносінах да гэтых народаў не хвалявалі Сталіна і савецкае кіраўніцтва. Яно кіравалася выключна імперскімі амбіцыямі і пагардай да народаў суседніх дзяржаваў, у тым ліку і да беларускага народу. Пра апошняе выдатна сведчыла тая палітыка, што праводзілася савецкімі ўладамі ў Заходняй Беларусі з верасня 1939 г. Але пра гэта ў наступным артыкуле.

Алесь Смалянчук
Працяг у наступным нумары

Реклама: