№ 361 от 13.01.2005  

Скасаваць дамову, пакінуць будынак

Чатыры грамадзкiя арганiзацыi Гораднi: гарадская рада БНФ "Адраджэнне", абласная рада, рада Ленiнскага раёну гораду i гiстарычна-культурны клюб "Паходня" атрымалi прадпiсаньне ад жыллёва-эксплуатацыйнай службы Ленiнскага раёну Гораднi аб скасаваннi арэнднай дамовы. Падставай для гэтага стала заключэнне iнстытуту "Горадняграмадзянпраект" аб аварыйна-небясьпечным стане будынку.

Згодна з прадпiсаннем, грамадзкiя арганiзацыi павiнны скасаваць дамову арэнды i пакiнуць будынак у старым горадзе па вулiцы Карла Маркса, 11 да 17 студзеня. На зварот старшынi гарадзкой рады БНФ "Адраджэньне" Мiколы Ворана паказаць яму заключэньне аб абсьледаваньнi будынку, начальнiк эксплуатацыйнай службы Анатоль Лiтвiн адказаў адмовай i параiў звяртацца ў аддзел арэнды гарвыканкаму з просьбай выдзялення iншага памяшкання. Нагадаю, што менавiта па гэтым адрасе знаходзяцца юрыдычныя адрасы арганiзацыяў.

Загадчык аддзелу iнстытуту "Горадняграмадзянпраект" Леанiд Бяляўскi сказаў мне, што заказ на абследаванне будынку ён атрымаў з гарвыканкаму прыкладна за тыдзень да новага году. Пасля праведзеных iм i ягонымi калегамi неабходных работаў высветлiлася, што будынак адносiцца да пятай катэгорыi тэхнiчнага стану, гэта значыць, што ягоная эксплуатацыя павiнна быць прыпынена. Са словаў Бяляўскага, яму асаблiва шкада будаўнiчай крамы, якая месцiцца на першым паверху, маўляў, столь там зусiм нi на што ня гожа. Скасоўваецца арэнда i з офiсам Партыi камунiстаў беларускай - iх офiс на другiм паверсе.

Мiкола Воран, старшыня гарадзкой рады БНФ "Адраджэньне", упэўнены, што высяленне офiсаў грамадзкiх арганiзацыяў мае толькi адну прычыну - палiтычную. З яго словаў, будынак на Маркса, 11 у такiм стане знаходзiцца з таго часу, як з iмi заключылi арэнду. Але цяпер, як мяркуе Воран, настаў час, калi ўлады цалкам зачышчаюць палiтычнае поле з тым, каб у далейшым, на новых прэзыдэнцкiх выбарах не было нiякiх альтэрнатываў Аляксандру Лукашэнку.

Дарэчы, будынак на Карла Маркса, 11 - адзiнае месца ў Гораднi, дзе дагэтуль яшчэ лунае бел-чырвона-белы сцяг.

Мiхаiл КАРНЕВiЧ