№ 363 от 27.01.2005 | |
"Амэрыканскі куток" у гарадзенскай бібліятэцы імя Я.Карскага Амбасадар ЗША ў Беларусi Джордж Альберт Крол перадаў у дар Гарадзенскай абласной бiблiятэцы iмя Я.Карскага кнiжак, оргтэхнiкi, вiдэакасэт, кампакт- i вiдэадыскаў на суму больш чым на 25 тысяч даляраў. Свой падарунак ён назваў абавязкам амэрыканскага народа перад беларускiм, якi 60 гадоў таму сумесна з амэрыканцамi змагаўся супраць фашызму.
"Шаноўнае спадарства, шаноўныя калегi, сябры!
Для мяне вялiкi гонар адкрыць сёньня "амэрыканскi куток" у гарадзенскай бiблiятэцы iмя Я.Карскага. Спадзяюся, што гэтыя матэрыялы дапамогуць стаць ёй сапраўдным цэнтрам узаемаразьвiцця памiж беларускiм i амэрыканскiм народамi" - пачаў сваю прамову на беларускай мове Джордж Крол.
Супрацоўнiкi замежнага адзьдзелу бiблiятэкi iмя Я.Карскага, якi месьцiцца ў доме музэi Элiзы Ажэшкi, казалi мне, што такiх багатых падарункаў iм нiхто не дарыў. Гэта сучасныя выданьнi па эканомiцы, палiталогii, культуралогii i нават знакамiтая энцыклапедыя Брытанiка. А таксама вiдэакасэты для вывучэньня ангельскай мовы з тэлевiзарам i вiдэамагнiтафонам, кампакт-дыскi з СД-плэерам i некалькi кампутараў. Прычым, iнфармацыi шмат, як для дарослых, так i для дзяцей. Асаблiва амбасадар зазначыў, што гэта не падарунак беларускаму народу, а абавязак амэрыканцаў перад тымi, хто ў гэтым годзе будзе сьвяткаваць сумесную перамогу над фашызмам. Падобныя "амэрыканскiя куткi" раней ужо былi адкрыты ў iншых гарадах Беларусi: Менску, Гомелi, Магiлёве i будуць адкрывацца надалей.
Падчас свайго вiзыту ў Горадню Джордж Крол сустрэўся з кiраўнiцтвам горада, прадстаўнiкамi апазiцыйных партый, незалежных СМI, грамадзкiх арганiзацый, а таксама з сям'ёй асуджанага ўладамi лiдэра незарэгiстраванага страйкама Валерыя Леванеўскага.
Мiхал КАРНЕВIЧ
|
|