№ 364 от 03.02.2005  

Улёткі раскідвалі? Даставайце.

<<risАкруговая выбарчая камiсiя Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акругi №52, дзе застаўся не абраным адзiны ў краiне дэпутат у Палату прадстаўнiкоў, вынесла на мiнулым тыднi два рашэннi: папярэдзiць iнiцыятыўную групу Яраслава Раманчука за распаўсюд улётак з праграмай Аб'яднанай Грамадзянскай Партыi па паштовых скрынках гарадзенцаў, i другое рашэнне: абавязаць сябраў iнiцыятыўнай групы дастаць улёткi з паштовых скрынак.

На паседжанне камiсii быў запрошаны кiраўнiк iнiцыятыўнай групы Яраслава Раманчука, Юры Iстомiн. Старшыня камiсii, спадар Нерад, давёў прысутным, што да iх паступiлi скаргi ад сябраў iншых iнiцыятыўных груп, а таксама ад жыхароў гораду аб тым, што ў паштовыя скрынкi гарадзенцаў раскiдалi ўлёткi, аддрукаваныя ў Смаленску накладам 10 тысяч асобнiкаў. Па яго словах, у iх змешчана перадвыбарчая праграма Яраслава Раманчука. Маўляў, гэта зрабiлi толькi сябры ягонай iнiцыятыўнай групы, што, наогул, недапушчальна, паколькi той яшчэ не зарэгiстраваны кандыдатам i на гэтыя мэты камiсiя не выдзяляла сродкаў. У адказ Юры Iстомiн заявiў, што ўлёткi аддрукаваны на сродкi сябраў партыi, але наогул не датычаць перадвыбарчай кампанii, а скiраваны на тое, каб пазнаёмiць гарадзенцаў з праграмай Аб'яднанай Грамадзянскай партыi, якая збiраецца ў 2006 годзе браць удзел у прэзыдэнцкiх выбарах. Па яго словах, яны былi распаўсюджаны да рэгiстрацыi iнiцыятыўнай групы i будуць распаўсюджвацца пасля правядзення выбараў ва ўсiх гарадах Беларусi.

Насамрэч, улётка ўяляе сабой праграму АГП жыхарам Гораднi для абмеркавання i ўнясеньня прапаноў па эканамiчнаму развiццю горада i рэгiёна i называецца: "Стань гаспадаром сваёй краiны". На першай старонцы знаходзiцца здымак Яраслава Раманчука, як распрацоўшчыка гэтых прапаноў. Тым ня менш сябры камiсii ня сталi абмяркоўваць улётку, а палiчылi, што падобнае зьяўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства i адзiнагалосна прагаласавалi на прапанову спадара Нерада: 1) вынесьцi iнiцыятыўнай групе Яраслава Раманчука папярэджаньне i 2) прымусiць сябраў iнiцыятыўнай групы дастаць улёткi з паштовых скрынак гарадзенцаў. Вось што на гэты конт сказаў Юры Iстомiн: "Нiякiх улётак з паштовых скрынак мы даставаць ня будзем. У заканадаўстве не прапiсана, што мы павiнны падобнае рабiць. А па-другое, мушу заўважыць, як юрыст, гэта было б парушэннем у адносiнах да прыватнай уласнасьцi грамадзян. Як можна ўявiць, калi я буду хадзiць i забiраць зь iх паштовых скрынак тое, што сам iм даў". Юры Iстомiн зьвярнуўся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камiсiю на рашэнне акруговай камiсii.

Нагадаю, што ў Гораднi працягваюць зьбiраць подпiсы iнiцыятыўныя групы былых дэпутатаў групы "Рэспублiка" Валерыя Фралова i Сяргея Скрабца, а таксама дэпутата гарсавета i сябры БНФ Сяргея Антусевiча i рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта Сяргея Маскевiча. Рэгiстрацыя кандыдатаў павiнна адбыцца 7 лютага, а выбары 20 сакавiка.

Мiхал КАРНЕВIЧ