№ 366 от 03.03.2005  

Культура

Браслаўскія пейзажы Вацлава Рамашкі

<<risУ галерэi "У майстра" адкрылася персанальная выстава гродзенскага мастака Вацлава Рамашкi – "Браслаўскiя замалёўкi". Яна стала вынiкам нядаўнiх некалькiх падарожжаў аўтара на Вiцебшчыну i вельмi прыемна ўразiла наведвальнiкаў галерэi – жывапiсныя пейзажы, шмат цёплых фарбаў i незвычайная энергетыка. Падчас адкрыцця аўтар пачуў мноства добрых слоў ад крытыкаў, калегаў i наведвальнiкаў. Сёння мастак госць "Биржи информации".

– Вацлаў, карцiны сапраўды ўражваюць i мне нават шмат хто сёння сказаў, што хацеў бы пабываць на Браслаўшчыне. Толькi ўсе працы прысвечаны прыродзе, нiводнага чалавека, храма...

– (Смяецца) Магчыма яшчэ дамалюю i людзей. А калi сур'ёзна, першы раз я наогул разам з сябрамi выбраўся туды ў госцi, а не маляваць. Мясцовасць мяне ўразiла i, дарэчы, людзi таксама ўразiлi нейкай большай шчырасцю, дабрынёй, прастатой у адносiнах. Адразу вырашыў, што буду маляваць. Там ёсць мясцiны, дзе нават можна не бачыць чалавека i гэта, магчыма, галоўнае, паколькi прырода абсалютна не кранутая, не сапсаваная людзьмi, натуральна архаiчная. Такое рэдка сустрэнеш.

– Зрэшты, наколькi я ведаю тваю творчасць, i з Гродзеншчыны ты найбольш пiшаш прыроду.

– Пейзаж напэўна самы традыцыйны жанр, але ён найбольш блiзкi чалавеку. Я ўжо не магу не заўважаць сумных восеньскiх дрэваў над рэчкай, адзiнокi хмызнячок, сакавiтую траву на балоце, пакiнутую старую хатку на хутары. З усяго гэтага якраз i складаюцца нашы краявiды, якiя так мiлыя нам i прыезджаму чалавеку. Iх так шмат, што ўсе немагчыма намаляваць. Але яны вартыя гэтага. А на Браслаўшчыне якраз вельмi шмат архаiчных краявiдаў, якiя я найбольш люблю маляваць.

– Што яшчэ вельмi ўражвае – фарбы. Цёплыя, напоўненыя, глыбокiя. Здавалася б, як такiя ўжываць, калi малюеш шэры восеньскi пейзаж... I яшчэ ад гэтага вельмi вея рамантызмам.

– Гэта проста настрой таго часу, калi я там быў. Маё светаадчуванне. Я, напрыклад, вельмi люблю зiму за яе несамавiтую графiку, па-свойму мне падабаецца вясна, восень, лета. Думаю, кожны чалавек любiць iх па-свойму. Так i я. I мае колеры – гэта маё адчуванне жыцця. I з рамантызмам таксама слушна заўважана, ён iснуе у карцiнах.

– Многiя нашы мастакi часта любяць пiсаць бурлiвае мора, скалiстыя горы, а твае пейзажы пераважна датычаць Беларусi.

– У мяне ёсць некалькi працаў з Iталii, дзе я быў нейкi час, маляваў у Польшчы i Нямеччыне. Але, вяртаючыся дамоў, з яшчэ большым жаданнем мне пiшуцца родныя краявiды. Я iх не толькi бачу, але з дзяцiнства адчуваю, ведаю, як яны пахнуць, пра што думаюць. Упэўнены, што падобных мясцiн няма на зямлi i было б выдатна, каб i праз мае карцiны iмi любавалася як мага больш людзей ва ўсiм свеце.

– Дарэчы, вядома, што на Вiцебшчыне жылi i пiсалi бадай самыя выбiтныя мастакi: Шагал, Малевiч, Рэпiн... Ты там не адчуваў iх прысутнасцi, не цiснула на цябе ноша адказнасцi.

– Памятаю, калi вучыўся ў мастацкай вучэльнi ў Мiнску, шмат хто з мiнскiх выбiтных мастакоў прысвячаў свае працы менавiта Браслаўшчыне. I толькi пасля таго, як сам пабываў у гэтых мясцiнах, зразумеў, чаго варта тая зямля для мастака. Гэта месца зараджана нейкай асаблiвай энергетыкай. Прыемна, што i сусветныя нашы знакамiтасцi тварылi ў гэтых мясцiнах.

– Вацлаў, а якi далейшы лёс тваiх карцiнаў?

– Ёсць дамоўленасць, што выстава паедзе ў Браслаўль. Там я буду выстаўляцца разам з сваiм калегам Алесям Суравым, мы разам працавалi i ён ужо паказаў гродзенцам сваю Браслаўшчыну. Спадзяюся, што гэта будзе цiкава. Iснуюць яшчэ некалькi прапаноў выставiцца, але час пакажа.

– А наступная серыя тваiх працаў чаму будзе прысвечана?

– Хочацца зрабiць выставу прысвечаную майму бачанню Iталii. Думаю, што гэта ў блiжэйшых планах. Ужо даўно збiраюся аб'ехаць нашу вобласць i напiсаць беларускiя храмы. Накшталт, шляхамi Напалеона Орды. Ёсць яшчэ шмат якiх задумаў, але дзялiцца пакуль не буду.

– Цiкава, што Напалеон Орда цi Язэп Драздовiч, абыйшлi пешшу практычна ўсю Беларусь i заставiлi пасля сябе спадчыну, якой зараз папросту няма цаны. А сучасныя мастакi любяць вандраваць?

– Як i заўсёды, цяпер ёсць розныя мастакi. Праўда, вандруюць яны на машынах. Толькi, па сабе ведаю, не заўсёды ўдаецца гэта рабiць. Такое жыццё. Але перакананы, што трэба паставiць перад сабой мэту i калi хочаш яе ажыццявiць, то цалкам магчыма. Упэўнены, што падобныя вандроўкi прынясуць шмат плёну.

– Часам даводзiцца чуць ад самiх мастакоў, што iм цяжка даецца той цi iншы колер. У цябе ёсць такi?

– Я калi бяру ў руку кiстачку, усё астатняе адбываецца iнтуiтыўна, як кажуць, святы дух водзiць рукой. I колеры атрымлiваюцца самi. Я не мучаюся над iмi.

– Калi б табе заказалi напiсаць карцiну пра наш час, ХХI стагоддзе, якiя б там прысутнiчалi вобразы?

– Гэта вельмi складанае пытанне. Жыццё стала надзвычай шматгранным i падзейным. ХХI стагоддзе ўвабрала ў сябе мноства ўсяго i выказаць падобнае ў адной карцiне хутчэй за ўсё немагчыма. I вельмi не хацелася б, каб калi-небудзь нехта змог увасобiць наша стагоддзе ў адным пейзажы.

– Дзякуй за гутарку i поспехаў у творчасцi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ