№ 367 от 17.03.2005 | |
Чарговая галадоўка ў Ваўкавыску У чарговы раз абвясьцiў галадоўку ваўкавыскi прадпрымальнiк, гаспадар фiрмы радыётаксi Мiкалай Аўтуховiч. Ён выказвае нязгоду зь дзеяньнямi падатковых i фiнансавых установаў. Заяву аб сваёй галадоўцы ён паслаў кiраўнiкам Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку i Ваўкавыскага райвыканкаму Савельеву.
Праблемы з уладнымi органамi Мiкалай Аўтуховiч мае ўжо некалькi гадоў запар i вiдавочна, што тыя, у сваю чаргу, не перакананы ў сваёй праваце, але працаваць прадпрымальнiку не даюць. Справа ў тым, што Мiкалай Аўтуховiч мае таксоўкi, на якiх працуюць кiроўцы, якiя знаходзяцца на ўлiку ў iншай фiрме - "Нiкатранс", зь якой супрацоўнiчае прадпрымальнiк. За апошнiя два гады кiроўцы зарабiлi на машынах Аўтуховiча 670 мiльёнаў рублёў выручкi. Падатковыя органы вырашылi, што з гэтай сумы фiрма "Нiкатранс" павiнна заплацiць 445 мiльёнаў рублёў падаткаў, хаця гэтыя грошы не належалi фiрме. Гэты спор разглядаўся ўжо некалькi разоў у судах, але да канца так i застаўся невырашаным. Тым ня менш, па словах М.Аўтуховiча, па гэтым факце ўпраўленьне фiнансавых расьсьледаваньняў Гарадзенскай вобласьцi распачала крымiнальную справу супраць кiраўнiкоў прадпрыемства, галоўнага бухгалтара i дырэктара Нiкатранс. Працуе ўжо i сьледчы з абласной управы фiнансавых расьсьледаваньняў i дапытвае кiроўцаў, якiя працуюць на таксоўках Аўтуховiча. У знак пратэсту Аўтуховiч i распачаў галадоўку.
Што датычыць прававых нюансаў гэтай справы, то самi чыноўнiкi кажуць, што схема тыпу камерцыйнае прадстаўнiцтва, гэта значыць, людзi "Нiкатрансу" як быццам бы здавалiся ў арэнду i працавалi на аўтамабiлях прадпрымальнiка заканадаўствам беларускiм дапускаецца, але форма супрацоўнiцтва дакладна ў законах не распрацавана. А ў Гарадзенскай вобласьцi такi выпадак наогул адзiн. Вось i цягнецца далейшае разбiральнiцтва, а Аўтуховiч працягвае галадаць, бо, як сам кажа, не бачыць iншага выйсьця.
Мiхал Карневiч
|
|