Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Падзея

Удзячныя нашчадкі

8 верасня побач з Каложскай царквой гродзенская грамадскасць адзначыла 485-ыя ўгодкі Аршанскай бітвы. Як і ў мінулым годзе, правядзенне мерапрыемства было дазволена мясцовымі ўладамі. Арганізатарам свята выступіла гродзенская арганізацыя Беларускага народнага фронту "Адраджэньне". У праграме: рыцарскі турнір і канцэрт вядомых беларускіх бардаў.

Як сцвярджаюць гісторыкі, Аршанская бітва - адна з буйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку ХУІ стагоддзя. 30-тысячнае беларуска-літоўскае войска на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскіх ваяводаў. У вайсковай гісторыі нашай дзяржавы гэта была адна з самых бліскучых перамог. У выніку гэтай бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена ад расійскіх войскаў. У той час гэта азначала вельмі шмат для нашага народа і нашай дзяржавы. Адзіная бяда гэтай перамогі - пра яе ніяк нельга ўзгадваць у сучаснай афіцыйнай абстаноўцы. Больш таго, прыдворныя гісторыкі могуць перавярнуць яе з ног на галаву, абы толькі там не прагучала, што беларусы разбілі рускае войска. Сучасная прапаганда навязвае толькі адну думку - мы стагоддзямі жылі разам і таму трэба інтэгравацца. Аднак аб'ектыўная гісторыя паказвае, што мы папросту жылі побач, але не заўсёды мірна. Нашыя продкі ніколі не хацелі скарацца перад сваімі ўсходнімі суседзямі і заўсёды здолелі адстаяць сваю Радзіму. Праўда, да пэўнага часу, пакуль іх тыя ж суседзі з сваімі моцнымі сябрамі ўсё ж не разарвалі на часткі.

І гэта толькі гісторыя, якую змяніць ужо немагчыма. Канечне, яе спрабуюць фальсіфікаваць, трактуюць згодна адпаведнай ідэалогіі, але змяніць яе немагчыма. А вось правільныя вывады зрабіць давядзецца абавязкова. Так як немцам. Яны не маюць звычкі адмаўляць ці фальсіфікаваць тое, што ў Другой Сусветнай вайне іх перамагла Савецкая армія. І толькі дзякуючы праўдзе і пакаянню яны здолелі пабудаваць сапраўдную сучасную цывілізаваную краіну. Нам пара ўрэшце даведацца аб саміх сабе больш падрабязна, каб зразумець, што з намі адбываецца і выправіць становішча, паколькі клаў жа нехта свае галовы на палях бітваў дзеля таго, каб мы нарадзіліся. Пра гэта нельга забываць, як робяць гэта тыя ўдзячныя нашчадкі, што збіраюцца побач з Каложай, каб ушанаваць памяць сваіх продкаў.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад