Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Верасень 1939-га: вызваленне ці заняволенне? Працяг. Пачатак у нумары 35(80) ад 2.09.99. Частка ІІ.

Як з нас рабілі "савецкіх людзей"

Як беларусы сустракалі Чырвоную армію? Бяднейшая частка вітала з энтузіазмам. У некаторых вёсках нават будаваліся трыўмфальныя брамы. У асобных мясцовасцях наступаючым войскам аказвалася ваенная падтрымка. Так, у Скідалі адбылося ўзброенае паўстанне супраць польскіх уладаў, у мястэчку Лунна быў захоплены мост праз Нёман, які ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі. Ініцыятарамі гэтай актыўнасці звычайна былі члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Галоўнай прычынай выразных прабальшавіцкіх настрояў часткі беларусаў была палітыка польскіх уладаў. Вельмі вострай была зямельная праблема. Беларуская вёска задыхалася ад недахопу зямлі, якая зачастую перадавалася асаднікам з ліку былых салдат Войска польскага. Працягваўся ўціск беларускай культуры. У 1938-39 навучальным годзе на ўсю Заходнюю Беларусь засталося толькі 5 сярэдніх беларускіх школ і 1 беларуская гімназія. За некалькі дзён да нападу Германіі на Польшчу ў Вільні распачаліся арышты беларускіх дзеячоў. У турму быў кінуты нават дэпутат Сейма Янка Станкевіч, там жа апынуўся дырэктар беларускай гімназіі Міхась Анцукевіч, рэдактар газеты "Шлях моладзі" Язэп Найдзюк і інш. Адбыліся арышты ў Гародні, Наваградку, Баранавічах, Ашмянах. Да таго ж , частка беларусаў паверыла камуністычнай прапагандзе, якая ўслаўляла савецкі лад у БССР. Пра сапраўдны твар савецкага сталінізма яны нават не здагадваліся. У 1939 г. гэтым людзям здалося, што прыйшла "свая" ўлада. У многіх "радасць" вітання была выклікана звычайнай бояззю чужога войска. Гэтую "беларускую радасць" савецкая прапаганда і гістарыяграфія раздулі да неверагодных памераў. У кнізе "Гродно. Историко-экономический очерк", выдадзенай у Мінску ў 1988 г.(!) (пад рэд. гродзенскіх гісторыкаў-прапагандыстаў І.Крэня і М.Жарскага), напрыклад, сцвярджалася: "Весть об освободительном походе Красной Армии быстро облетела западнобелоруские и западноукраинские земли и с восторгом была встречена их населением. Во многих местах ещё до прихода советских войск рабочие и крестьяне разоружали полицию, осадников, брали власть в свои руки" (с.107-108) і г.д. Сёння відавочна, што тэзіс пра адзінства беларусаў у падтрымцы Чырвонай арміі - гэта міф, які не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю верасня 1939 г. Большасць беларусаў заняла чакальную пазіцыю (здаецца, гэта тыповая "беларуская пазіцыя"). Людзі назіралі і чакалі, што будзе далей. Шоку ў адрозненні ад палякаў беларусы не перажывалі. ІІ Рэч Паспалітая так і не стала для іх Радзімай. Аднак за перыяд 1939-41 гг. у свядомасці многіх палякаў замацаваўся вобраз беларуса-бальшавіка - ворага польскай дзяржавы. Справа ў тым, што разам з "вызваленнем" пачаліся масавыя арышты, вобыскі, рэквізіцыі. Ад імя народу рабаваліся маёнткі і сядзібы асаднікаў, здзекваліся над гаспадарамі, якіх у лепшым выпадку проста выкідалі на вуліцу. Нярэдкай з'явай былі забойствы. Так, былі забітыя амаль усе мужчыны з роду Скірмунтаў. У рабаваннях і забойствах актыўна ўдзельнічала беларуская і яўрэйская бедната. Але гістарычныя факты ўсё ж такі сведчаць, што ў антыпольскіх выступленнях прымала ўдзел меншасць беларускага насельніцтва. Большасць пасіўна назірала. Частка беларусаў, рызыкуючы ўласным жыццём, дапамагала пераследуемым. Адразу пасля "вызвалення" распачалося ўстанаўленне таталітарнага камуністычнага рэжыму, або так званая "саветызацыя" Заходняй Беларусі. У адносінах да беларусаў выкарыстоўвалася палітыка "бізуна і перніка". Бальшавікі на ўвесь свет крычалі пра "гістарычнае ўз'яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве", запрашалі беларускіх дзеячоў да супрацоўніцтва. Але адначасова распачаўся антыбеларускі тэрор і "перавыхаванне" ў камуністычным духу. З прыходам Чырвонай арміі былі зліквідаваны мясцовыя органы ўлады і самакіравання, забаронены партыі і грамадскія арганізацыі. Аснову кіруючых кадраў складалі так званыя "ўсходнікі". Да 1 кастрычніка 1940 г. у Беластоцкую вобласць для кіравання прыехала каля 12 400 начальнікаў ("спецыялістаў"). Гэта былі камуністы і камсамольцы, супрацоўнікі НКВД, афіцэры міліцыі і войска разам з сем'ямі. Толькі з восені 1940 г. пачалі прызначаць на кіруючыя пасады мясцовых ураджэнцаў. Фактычна, новыя органы ўлады, партыйныя і камсамольскія арганізацыі не мелі масавай апоры сярод насельніцтва і дзейнічалі выключна адміністратыўнымі метадамі, абапіраючыся на карныя органы і войска. Усё рабілася па раней распрацаванаму сцэнарыю. "Выбары" ў Народны сход, якія павінны былі пацвердзіць жаданне людзей далучыцца да СССР, сталі сапраўдным спектаклем. Кандыдатаў у дэпутаты вызначалі толькі партыйныя ўлады. Пры чым, як у лепшых савецкіх традыцыях у выбарчым бюлетэню быў толькі адзін кандыдат. (Вось такі выбар!) Ніхто з выбаршчыкаў не ведаў, якія пытанні будзе вырашаць Сход. Пазней выбары і рашэнні Народнага сходу гісторыкі пачалі называць "плебісцытам", што ў святле гістарычных фактаў было проста хлуснёй. 28 кастрычніка 1939 г. у Беластоку сабраўся Народны сход. На ім дамінавалі партыйныя функцыянеры з Усходу. У выніку былі прыняты дэкларацыі пра ўваходжанне ў СССР, стварэнне органаў савецкай улады, нацыяналізацыю зямлі, банкаў, прамысловасці і транспарту. Рэальны ўплыў мясцовых беларусаў на гэтыя рашэнні быў блізкі да абсалютнага нуля. Але ўсё было пададзена якраз як воля беларусаў. Хаця на гэтым сходзе за ўваходжанне ў СССР былі вымушаныя галасаваць і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку і 127 палякаў. Саветызацыя адбывалася сістэматычна і па плану ва ўсіх галінах жыцця. Галоўнымі мэтамі пераўтварэнняў у сацыяльна-эканамічнай галіне была нацыяналізацыя зямлі і ўсёй эканомікі, індустрыялізацыя і калектывізацыя. Зямельная рэформа ліквідавала не толькі памешчыцкае і касцёльнае землеўладанні, але і буйныя сялянскія гаспадаркі ("кулацкія"). Спачатку іх памеры абмежавалі 10-15га. Потым у 4-5 разоў павялічылі падаткі і натуральныя зборы. У выніку пачаўся ўпадак гэтых гаспадарак. Затое бяднейшыя сяляне атрымалі зямельныя надзелы. Уводзілася савецкая сістэма вытворчасці, якая грунтавалася на прымусовай працы і нізкім узроўні аплаты. Прамысловасць падпарадкоўвалася бюракратычнаму апарату. Уводзілася жорсткая дысцыпліна працы. Спазненне, невыхад на працу караліся лагерным зняволеннем. У фінансавай галіне злоты зраўнялі з рублём, а ў снежні 1939 г. проста зліквідавалі. Гэта прывяло да рэзкага зніжэння жыццёвага ўзроўня і высокай ступені залежнасці ад уладаў, бо людзі не мелі рублёў. Значныя перамены адбываліся ў галіне адукацыі. Пачаўся працэс русіфікацыі і беларусізацыі школ. Польская мова ў школах забаранялася. З'явілася шмат беларускіх школ, хаця многія прывілеі беларусы атрымалі толькі фармальна. Мясцовыя настаўнікі часткова звальняліся, часткова накіроўваліся на курсы "палітычнага перавыхавання". У ліпені 1940 г. у Беластоку на спецыяльных курсах па вывучэнню гісторыі ВКП(б) займалася каля 4 тыс. настаўнікаў. Значная частка навучальнай праграмы адводзілася крытыцы "контррэвалюцыйных" партый і атэістычнаму выхаванню. У прававой сістэме на змену часовым вайсковым судам прыйшлі грамадзянскія "народныя" суды. Аднак прававая сітуацыя прынцыпова не змянілася. Суды па-ранейшаму кантраляваліся партыйнымі органамі. Прававая сістэма насіла рэпрэсіўны характар. Усё, што служыла "справе сацыялізма", а гэта значыць, што адпавядала інтарэсам камуністычных чыноўнікаў, было згодным з правам. Таму і шматлікія рэпрэсіі зусім не пярэчылі заканадаўству. Камуністычныя ўлады ўмела распальвалі канфлікты паміж рознымі народамі. У часовым фавары была яўрэйская бедната і беларусы. Уладам трэба было каго-небудзь супрацьпаставіць палякам. Аднак нацыянальна-культурныя імкненні нават у фаварытаў падаўляліся. Затое для ўсіх быў адкрыты доступ да савецкай адукацыйнай сістэмы. Польскасць прыціскалася ва ўсіх галінах жыцця. Палякаў называлі "каланізатарамі". Распачаліся рэпрэсіі супраць дзеячоў польскай культуры, адміністратыўных чыноў і, наогул, супраць усіх, хто так ці інакш меў дачыненне да дзяржаўных структураў. Толькі ўлетку 1940 г. пасля разгрома гітлераўскай Германіяй Францыі пачалі адбывацца пэўныя перамены ў адносінах да польскай грамадскасці. Улады, быццам, пачалі шукаць яе падтрымкі. Нават распаўсюджваліся чуткі пра магчымае стварэнне польскай аўтаномнай вобласці. Усё гэта савецкія гісторыкі акрэслілі "сацыялістычнай рэвалюцыяй". Пры гэтым яны абапіраліся выключна на прапагандысцкую версію падзей. Разам з уступленнем Чырвонай арміі распачаліся рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва. Адной з першых ахвяраў "вызваліцеляў" сталі беларускія дзеячы Віленшчыны. Рашэнне пра перадачу Вільні Літве было прынята ў канцы верасня. Да гэтага часу хадзілі чуткі, што Вільня застанецца ў складзе Заходняй Беларусі і менавіта тут будзе сталіца БССР. Пасля прыняцця рашэння пра перадачу Вільні ўлады адразу распачалі рэпрэсіі супраць віленскай беларускай інтэлігенцы. Яны спяшаліся, каб паспець да прыходу літоўскіх уладаў. На астатняй тэрыторыі такой спешкі не назіралася. Першыя арышты адбыліся ў ноч на 27 верасня. Адной з першых ахвяраў стаў славуты Антон Луцкевіч. Ягонае "знікненне" паспрабавалі захаваць у таямніцы, але не атрымалася. Прыйшлося афіцыйна заявіць, што Луцкевіч выехаў на працу ў Менск. Былі арыштаваныя Антон Трэпка, Вячаслаў Багдановіч, Уладзімір Самойла, Янка Пазьняк, Макар Касцевіч і інш. Гэта быў страшны ўдар па Беларусі. Знішчаўся адзіны незалежны цэнтр інтэлектуальнага і культурнага жыцця беларусаў, які яшчэ заставаўся. Ягоная ліквідацыя азначала крах беларускіх надзей на незалежную Беларусь. У выніку рэпрэсій і арыштаў на доўгія гады быў затрыманы працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці і пачатак новага этапа беларускага Адраджэння. Беларусаў вызвалілі не толькі ад "панскага прыгнёту", але і ад уласнай інтэлігенцыі, ад уласнай нацыянальнай эліты. Усё грамадства было ахоплена сістэмай рэпрэсій і запалохвання. Людзей дзялілі на тых, каму можна давяраць і каму нельга. Вялікую ролю ў гэтым падзеле адыгрывалі рознага роду анкеты. Звярталася ўвага на сацыяльнае паходжанне, працу, сваякоў і сяброў, на матэрыяльнае становішча. Шырока выкарыстоўваліся правакацыі. Падчас выбараў у Народны сход пыталіся, хто супраць прапанаванай кандыдатуры? Падчас рэгістрацыі бежанцаў ставіліся пытанні, хто хоча вярнуцца ў Генерал-губернатарства, якое было было ўтворана гітлераўцамі на захопленых польскіх тэрыторыях, і г.д. Нормай жыцця сталі арышты і дэпартацыі. Для арышту дастаткова было ананімовага даносу. Лёс чалавека цалкам залежаў ад супрацоўніка НКВД. Турмы былі перапоўнены. У Беластоцкай турме замест 1,5 тыс. чалавек знаходзілася 8 тыс. Шмат арыштаваных было вывезена на ўсход. Адчыняліся новыя турмы: у Аўгустове - у будынку яхт-клуба, у Шчучыне - у кляштары піяраў. Умовы ўтрымання былі жудаснымі. Наогул, у 1939-41 гг. у турмах Заходняй Беларусі знаходзілася ў 4 разы больш зняволеных, чым ў часы вайны 1941-44 гг. Па звестках беларускага гісторыка А.Хацкевіча рэпрэсіі пачаліся адразу са з'яўленнем "вызваліцеляў". Арыштоўвалася прыблізна па 800 чалавек у тыдзень. Судзіла іх вядомая сталінская "тройка". Толькі за красавік-май 1940 г. было растрэляна каля 22 тыс. чалавек, сярод якіх былі і польскія афіцэры-рэзэрвісты. Як паказала раследаванне беларускага журналіста Яўгена Гарэліка, каля 3 тыс. з іх было растраляна ў Курапатах. З пачатку 1940 г. распачаліся масавыя дэпартацыі. За гэтым тэрмінам хавалася звычайнае забойства, бо амаль немагчыма было (асабліва старым і дзецям) вытрымаць умовы пераезду і выжыць дзе-небудзь у пустынным казахскім стэпу. Тэхналогія дэпартацый была распрацавана значна раней і ўжо прайшла "абкатку", у прыватнасці, у БССР. Першая дэпартацыя адбылася 10 лютага 1940 г. Планавалася "высяліць" 51 300 чалавек. На зборы даваліся 2 гадзіны. Па дакументах НКВД на 24.00. гэтага дня было "выселена" 44 тыс. чал., з якіх 29 тыс. былі ўжо "загружаны" ў эшалоны. Цалкам план быў выкананы 13 лютага. Недабор кампенсавалі дэпартацыяй людзей, якіх планавалася высяляць у наступны раз. Умовы дэпартацыі былі жахлівымі. Смяротнасць сярод дзяцей дасягала 50%. Па этнічнаму складу сярод дэпартаваных пераважалі палякі. Цікава, што дакументы НКВД амаль не зафіксавалі спробаў актыўнага супраціўлення. Хаця частка людзей усё ж здолела схавацца. Тое, што адбывалася было поўнай нечаканасцю. Амаль ніхто не мог уявіць сабе нешта падобнае. Наступная дэпартацыя (13 красавіка) адбывалася ў атмасферы значна большай сакрэтнасці. У гэты дзень было накіравана на смерць 27 тыс. чалавек. Адначасова адбываліся растрэлы. Так, 5 сакавіка 1940 г. Палітбюро прыняло рашэнне пра растрэл 14 700 чалавек. Гэта былі сябры розных партый, прадпрымальнікі, памешчыкі і бежанцы з СССР. У чэрвені 1940 г. адбылася трэццяя высылка. (23 тыс. чал.). Цікава, што пасля гэтых трох дэпартацый рэпрэсіі не толькі не спыніліся, а нават узмацніліся. Усё часцей іх аб'ектам становяцца сяляне і рабочыя. Рух супраціўлення ў Заходняй Беларусі распачаўся ўжо ў 1939 г. Ягоным лозунгам было адраджэнне незалежнай Польшчы. Аснову яго складалі палякі, але былі і беларусы, і прадстаўнікі іншых народаў. Галоўны карнік Беларусі Цанава ў сваёй справаздачы Панамарэнку сцвярджаў, што да ліпеня 1940 г. было знішчана 109 падпольных арганізацый, арыштавана і забіта болей за 3 тыс. чалавек. Трэць з іх складала моладзь ва ўзросце да 25 гадоў. Уначы на 20 чэрвеня 1941 г. адбылася апошняя дэпартацыя. Яе ахвярай сталі яшчэ 22 тыс. чалавек. Па інфармацыі гісторыка Яўгена Мірановіча на 24 чэрвеня была запланавана яшчэ адна дэпартацыя. Калі немцы ў чэрвені 1941 г. занялі беларускую вёску Рыбава пад Бельскам, то паказвалі людзям захопленыя дакументы, па якім уся вёска падлягала высылцы. Прыкметай "ворага" ў гэты час з'яўлялася дахоўка на доме, веранда са шклянымі вокнамі, 2-3 коней у гаспадарцы і г.д. У адпаведнасці з захаваўшыміся дакументамі шляхам дэпартацый было знішчана каля 125 тыс. чалавек. Але вядома, што рэпрэсіі ў адносінах да многіх людзей праводзіліся без афармлення дакументаў. Да таго ж у 1941 г. архівы НКВД не паспелі вывезці з Менску, і яны былі знішчаны. Даследчыца Таццяна Процька на падставе матэрыялаў расейскіх архіваў называе лічбу 360 тыс. вывезеных і рэпрэсіраваных людзей. Савецкая прапаганда рабіла ўсё, каб стварыць уражанне, што Чырвоная армія і новыя ўлады паўсюль у Заходняй Беларусі сустракаліся з энтузіязмам і радасцю.

І сапраўды, прыклады падобнага захавання былі шматлікімі, хаця і не працяглымі. Але cёння мы ведаем, што было потым, і на падзеі 17 верасня 1939 г. павінны глядзець скрозь прызму амаль поўнага вынішчэння нешматлікай беларускай нацыянальнай эліты, здольнай кіраваць народам і весці яго па шляху культурнага і палітычнага Адраджэння. Верасень 1939 г. быў трагедыяй не толькі палякаў, але і беларусаў. Абвешчанае ўз'яднанне беларускага народа ў БССР на справе азначала заняцце беларускай зямлі хітрымі і бязлітаснымі ворагамі ўсяго сапраўды беларускага. Адной з мэтаў новай улады пасля знішчэння беларускай эліты была асіміляцыя беларусаў і ператварэнне іх у частку так званага "савецкага народа", галоўнымі рысамі якога з'яўляецца адмова ад уласных каранёў і рабская псіхалогія абсалютнай паслухмянасці кожнаму чарговаму начальніку беларускай зямлі, прызначанаму ў Маскве. Трэба прызнаць, што на гэтым шляху "саветызацыя" дасягнула значных поспехаў.

Алесь Смалянчук

Назад