Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

"РАЦЫЯНАЛЬНЫ ДОМ" ПАД ДАХАМ ПРЭЗІДЭНТА

Хутка ў Гродне пачнуць будаваць шматпавярховы жылы дом у мікрараёне "Вішнявец-2". У доме - 142 кватэры, а здаць яго "пад ключ" плануюць праз 10 месяцаў. Адкуль такія тэмпы? Гэтая будова - першы крок у рэалізацыі дзяржаўнай праграмы жыллёвага будаўніцтва "Рацыянальны дом" у нашым горадзе. А створана праграма загадам прэзідэнта яшчэ два гады таму. Яе арганізатарамі назначылі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, Мінскі гарвыканкам і АСБ "Беларусбанк". Адказны выканаўца праграмы - Інвестыцыйна-будаўнічая асацыяцыя "Рацыянальны дом".

Паколькі праграма - дзяржаўная, то кіраўнікі асацыяцыі не могуць самі вырашаць, у якім раёне будаваць дом. Пляцоўкі вызначае гарвыканкам. Таму новы дом з'явіцца ў такім нявыйгрышным раёне. Увогуле з будаўнічымі пляцоўкамі - вялікія цяжкасці. У такіх абставінах кіраўнікі "Рацыянальнага дома" вырашылі ў будучым ісці нетрадыцыйным шляхам. Гэта значыць, што ў новазбудаваны дом будуць засяляць жыхароў прыватнага сектару, а старыя дамы знясуць. А на іх месцы пабудуюць новыя шматпавярхоўкі. Такім чынам будуць вызваляцца новыя пляцоўкі.

Жыллё ў новых дамах размяркоўваць не будуць. Каб атрымаць тут новую кватэру, трэба стаць удзельнікам праграмы "Рацыянальны дом" - гэта значыць інвестарам. Тут трэба прайсці два этапы. На першым назапасіць 50% кошту новай кватэры. Пасля можна ўсяліцца і атрымаць крэдыт, каб заплаціць астатнія 50%. За першую палову кватэры грошы можна ўносіць нерэгулярна і невялікімі сумамі. Крэдыт мусіш выплочваць без затрымак, бо з кватэры могуць проста выселіць, калі не атрымаюць платы на працягу 6 месяцаў. Да таго ж, за новую кватэру можна часткова разлічыцца старой і працягваць там жыць аж да наваселля. Расплочвацца трэба нацыянальнай валютай - беларускімі рублямі. У "Рацыянальным доме" вельмі хітра прыдумалі, як абараніцца ад інфляцыі. Кожны раз ты будзеш не проста плаціць грошы, а выкупляць пэўную колькасць квадратных метраў новай кватэры. Гэта значыць, што кожны месяц кошты на метр можна падымаць.

Цікава, што сама ідэя такой праграмы з'явілася на Захадзе. У Германіі яшчэ ў 1922 годзе стварылі першую будаўнічую зберагальную касу. Цяпер гэтая сістэма ахапіла ўсю Еўропу, а ў Амерыцы яна , чамусьці, не прыжылася.

Кіраўнікі асацыяцыі кажуць, што праграма разлічана на сем'і з сярэднім дастаткам. "Вылучыць 18-19 мільёнаў з сямейнага бюджэту пры сярэднім заробку больш чым дваццаць мільёнаў - гэта нармальна", - лічаць яны. Хоць у нас далёка не кожны атрымлівае такія грошы.

Напэўна, больш за ўсё кіраўнікі "Рацыянальнага дома" любяць расказваць пра самі кватэры. Тут ёсць чым пахваліцца. Усе кватэры планіруюцца па жаданню пакупніка. "Калі вы хочаце мець дзве спачывальні па 12 квадратных метраў, кухню 18 і залу 25 метраў - няма праблемаў", - кажуць у асацыяцыі. Можна зрабіць зімовы сад, а замест прыхожай- цэлы хол. Галоўнае - каб былі грошы. Па заказу тут зробяць кватэру з двух узроўняў: на прешым - напрыклад, крама, а на другім могуць жыць гаспадары. Да таго ж, усе матэрыялы - айчынныя. Усе дамы будуць шматпавярховыя. "Мы, канечне, разумеем, што гэта разумна - жыць у нізкім доме. Але малапавярховыя дамы - гэта не для нашай кішэні. Тут трэба працягваць сеткі, камунікацыю, новыя дарогі пракладваць. Менталітэт у нас не той, ды і не такія мы багатыя".

Трэба дадаць, што раней у нашым горадзе не будавалі высокія дамы з-за таго, што ў пажарнікаў не было лесвіц, якія даставалі б вышэй за 9-ты паверх. Таму, калі б дваццаціпавярховы будынак загарэўся, пажарнікі нічым не змаглі б дапамагчы. Цяпер "Рацыянальны дом" набудзе спецыяльнае абсталяванне для пажарнікаў нашага горада, каб можна было пабудаваць высокія дамы.

Дарэчы, асацыяцыю "сур'ёзна спраўджаў КДБ. Але такіх парушэнняў, за якія трэба было б адсекчы галаву, не знайшлі". Таму офіс "Рацыянальнага дома" знаходзіцца не абы дзе, а ў адным з карпусоў Дома ўрада на вуліцы Мяснікова.

Т.Базылевіч

Назад