Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя і культура

Жыццёпіс Вялікіх Князёў Літоўскіх

(Працяг. Пачатак у №№ 30, 32, 34)

Вялікі Князь Міндоўг

(кіраваў у 1248 - 1263 гг.)

На пачатку 13 ст. прайшло ўжо больш двухсот гадоў пасля рассялення на Панямонні ўсходніх славянаў. За гэты час тут стварылася і паспяхова функцыянавала свая мясцовая сістэма ўзаемаадносінаў. Мірна ўжываліся і выгодна супрацоўнічалі ўсходнеславянскія гарады-дзяржавы (самы багаты і ўплывовы сярод іх - Наваградак) і балцкія племянныя арганізацыі, у межах якіх паступова ўзрасталі ўплывы ваяўнічых ваенных правадыроў. Гарадскія рамеснікі забяспечвалі неабходнымі рэчамі суседзяў і вяскоўцаў з наваколля. Багатыя гандляры выпраўляліся ў далёкія небяспечныя падарожжы за рэдкімі і дарагімі таварамі ў Кіеў, Полацак, Вялікі Ноўгарад, за Чорнае ці Балтыйскае мора. Балцкія воі прывозілі ў гарады сваю ваенную здабычу, каб выменяць яе на патрэбныя ім тавары ці атрыбуты раскошы: дарагую зброю, адукаваных рабоў, пародзістых коней, каштоўнасці, дзівосныя заморскія рэчы.

Ваявалі і гінулі ў бясконцых паходах іхнія правадыры. Тыя, каму ўдавалася ацалець, патроху збіралі багацці, будавалі і ўмацоўвалі свае замкі-сядзібы, памнажалі ўласныя дружыны і паступова бралі ў свае рукі кіраванне ваколіцай. Упамінанне валынскім летапісам "старэйшых князёў" сведчыць пра тое, што некаторым з правадыроў удалося пераўзысці іншых багаццем і сілай. Водгукі такога суперніцтва чутныя і ў нямецкай хроніцы, напрыклад, калі жамойты кажуць Міндоўгу, што яго бацька быў "вялікім правадыром" і не меў сабе роўных у Літве.

Эвалюцыя першабытнага грамадства да дзяржавы займае шмат часу. Праходзяць дзесяцігоддзі ў варожасці і калатнечы, супернікі пільна сочаць адзін за адным, ствараючы і парываючы часовыя саюзы, каб толькі не даць узвысіцца каму-небудзь з канкурэнтаў. Ніхто не жадае саступіць. Аднак раней ці пазней сярод групы самых моцных павінна з'явіцца асоба, якая сілай ды хітрасцю пераўзыйдзе супернікаў, захопіць замкі і землі суседзяў і такім чынам пакладзе пачатак дзяржаве. Далейшы поспех залежыць ужо ад збегу многіх фактараў: спрыяльнай унутранай сітуацыі (ці не перагрызуцца між сабой нашчадкі аб'яднальніка, ці не ўздымуцца дзеці яго ворагаў) і ад знешніх абставінаў (ці хопіць сілаў у суседніх краінаў задушыць маладую дзяржаву).

На Панямонні, таксама як і ў іншых балцкіх землях уласная балцкая дзяржава сфармавацца не паспела. Для гэтага не хапіла часу. Надзвычайныя знешнія абставіны 13 ст., найперш актывізацыя нямецкай узброенай каланізацыі Прыбалтыкі, парушылі ход дзяржаваўтваральных працэсаў. Напачатку нямецкую атаку прынялі на сябе жыхары Ніжняга Паддзвіння і Прусіі. Пакуль яны супраціўляліся, на Панямонні мелася трохі часу (некалькі дзесяткаў гадоў) каб паспець арганізавацца для абароны.

Яшчэ адна пагроза нечакана насунулася ад паўднёвага ўсходу з прычарнаморскага стэпу. Бязлітасныя, выдатна арганізаваныя заваёўнікі - мангола-татары, адным імклівым націскам разбілі полаўцаў і выйшлі да межаў Русі. У 1223 г. аб'яднанае войска рускіх князёў выправілася ў стэп і было ўшчэнт разгромленае на рацэ Калцы. Хан-пераможца загадаў наслаць памост на целах пасечаных рускіх князёў і справіў на ім пераможны пір. Дарога на Русь была адкрытая, але па невядомых прычынах манголы павярнулі назад у азіяцкія стэпы. Бяда аддалілася гэтак жа хутка як і прыйшла.

Нейкі час пра манголаў не было чутно, але праз пятнаццаць гадоў яны вярнуліся, на гэты раз назаўжды. У 1238 г. за некалькі тыдняў агнём і шабляй спустошылі ўсю Уладзіміра-Суздальскую зямлю. У 1239 г. былі знішчаныя Пераяслаў і Чарнігаў. На наступны год дайшла чарга да Кіева. Пасля некалькіх тыдняў аблогі, штурму, адчайнай сечы на вуліцах багацейшы і слаўнейшы славянскі горад - маці гарадоў рускіх, быў разрабаваны і цалкам знішчаны. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў было забіта, іншых забралі ў палон. Папскі нунцый францішканец Плана Карпіні быў у Кіеве праз шэсць гадоў пасля пагрому і пакінуў такі запіс: "Калі мы там ехалі, то бачылі мноства людскіх чэрапаў і касцей на палях. Горад гэты быў вельмі вялікім і людным, а цяпер зведзены на нішто. Ёсць там заледзьве дзьвесце будынкаў, а люд знаходзіцца ў найвялікшай няволі".

У 1241-1242 гг. хан Бату з баямі правёў свае непераможныя тумены праз Галіцка-Валынскую зямлю, Малапольшчу, Венгрыю і дасягнуў берагоў Адрыятычнага мора. Ахвярай мангола-татараў стала недалёкае ад Панямоння Бярэсце. Адзін з татарскіх загонаў адхіліўся на поўнач ад асноўнай лініі паходу і завітаў сюды, пасля чаго як запісаў летапісец, "князі Даніла і Васілька ... не маглі ў поле выйсці з-за смуроду ад мноства забітых...". На гэты раз бяда мінула Літву, прайшла толькі па самым краёчку, дыхнула жарам ў твар. Аднак на працяг спакойнага жыцця спадзявацца не выпадала. Усе галоўныя гандлёвыя сувязі на поўдні аказаліся перарванымі. Татарскае войска ў любы момант магло з'явіцца і на Панямонні.

У прычарнаморскіх стэпах хан Бату стварае дзяржаву са сталіцай на беразе Волгі. Пасярод бясконцай стэпавой роўнядзі далёка відна бліскучая верхавіна залатога ханскага шатра. Ад яго ўсю дзяржаву пачалі называць Залатой Ардой. Мангольская прысутнасць на Русі стала пастаяннай і пагрозлівай рэальнасцю. Галіцка-Валынскі князь Даніла Раманавіч вымушаны ў 1246 г. ехаць у ханскую сталіцу і, стоячы на каленях, прасіць у хана ярлык - дазвол на кіраванне ўласнай дзяржавай. Ханская ласка на некаторы час ацаліла Галіцка-Валынскае княства і яно амаль на паўстагоддзя становіцца самай моцнай дзяржавай на Русі. Гэтая залежная ад Залатой Арды усходнеславянская дзяржава ўдзельнічае ў вялікай еўрапейскай палітыцы і прэтэндуе на ўладу над Панямоннем. Здавалася б дзіўная, але тым не меньш дастаткова тыповая для феадалізма сітуацыя.

Такім чынам у форме надзвычайнай знешняй пагрозы панямонская этна-культурна-палітычная сістэма атрымала Выклік Гісторыі. Цяпер усё залежала ад таго ці будзе сфармуляваны адпаведны Адказ. Жыхары Панямоння (як балты так і славяне) мусілі паклапаціцца пра ўласную бяспеку і прыступіць да стварэння дзяржаўнай арганізацыі, якая б здолела надзейна абара- ніцца перад знешнім ворагам. І ім гэта ўдалося, дзякуючы збегу некалькіх спрыяльных фактараў.

Па шчасліваму геаграфічнаму палажэнню Панямонне аказалася ўбаку ад галоўных кірункаў татарскіх пагромаў. На захадзе Тэўтонскі ордэн паўстагоддзя ламаў супраціў тубыльцаў у Прусіі і выйшаў да мяжы Панямоння толькі ў 1283 г. Лівонскія немцы таксама былі занятыя вайной з мясцовымі плямёнамі, разборкамі між сабой ды з суседнімі Псковам і Ноўгарадам. Галіцка-Валынскія князі самі знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай татарскага нашэсця і не мелі дастаткова сілаў, каб спыніць працэс утварэння панямонскай дзяржавы ў самым яго пачатку, хоць зрабілі для гэтага ўсё магчымае. Паміж пачаткам 40-х і пачаткам 80-х гадоў 13 ст. Панямонне атрымала адносна спакойны адрэзак часу, якога аказалася дастатковым для фармулёўкі Адказу.

На самым Панямонні меліся ў наяўнасці гатовыя ўзоры дзяржаўнасці ў выглядзе мясцовых усходнеславянскіх княстваў, а таксама добрыя ваенныя арганізатары - правадыры балцкіх ваенных дружынаў. Вельмі дарэчы прыйшоўся больш чым двухвекавы вопыт мірнага балта-славянскага супрацоўніцтва. Пачатак новай дзяржаве паклаў якраз палітычны саюз паміж самым багатым ўсходнеславянскім горадам і самым магутным балцкім правадыром. У выніку дамовы, заключанай паміж Наваградкам і Міндоўгам, апошні стаў наваградскім князем (да Наваградскай зямлі належалі таксама Слонім і Ваўкавыск, магчыма і Гародня).

Гісторыя не захавала сведчанняў пра тое, як дамаўляліся наваградчане з Міндоўгам. Невядома, хто быў ініцыятарам, не ведаем таксама акалічнасцяў і дэталяў перагавораў. У тыя часы нашыя продкі яшчэ не мелі звычаю афармляць падобныя пагадненні ў выглядзе юрыдычных дакументаў. Дамову замацоўвалі клятваю, хрысціяне прысягалі на бібліі, язычнікі кляліся сваімі багамі. Пра існаванне саюзу мы даведваемся праз апісанне летапісамі і хронікамі яго дзейнасці.

Нельга пагадзіцца са сцвярджэннем летувіскіх гісторыкаў, быццам Міндоўг захапіў Наваградак узброенай сілай. У такім выпадку няма адказу на пытанне: чаму наваградчане падтрымлівалі гэтага князя і разам з ім бараніліся ад галіцка-валынскіх войскаў - сваіх суродзічаў-русінаў? Маглі ж спакойна адкрыць брамы аднаверцам, калі падыйшло валынскае войска і вырвацца з-пад улады князя-паганца. Аднак дзеянні жыхароў Наваградка, як і іншых беларускіх гарадоў Панямоння, выразна паказваюць, што гэтыя русіны не звярталі асаблівай увагі на этнічнае сваяцтва ці хрысціянскую роднасць, а больш пільнавалі свае жыццёвыя інтарэсы, абаронцам якіх лічылі балта Міндоўга, а не аднаверца і русіна Данілу Раманавіча - князя галіцка-валынскага.

Беларускі даследчык Мікола Ермаловіч выказаў процілеглае летувісам меркаванне, менавіта, што Міндоўг прыйшоў у Наваградак як уцякач, пацярпеўшы паразу ў міжусобнай вайне ў Літве. Наваградчане далі яму грошы і войска, і Міндоўг пайшоў заваёўваць для іх сваю радзіму - Літву ўжо як служылы князь наваградскі. Паводле Ермаловіча, гэтая Літва была востравам балцкага насельніцтва ў беларускім абшары і мясцілася паміж Наваградкам, Маладзечнам, Менскам, Клецкам і Слонімам. Даследчык лічыць, што з той заваёвы і пачалося Вялікае Княства Літоўскае. Такім чынам, па Ермаловічу атрымліваецца, што не летувісы заваявалі беларусаў, а, наадварот, наваградцы падпарадкавалі сабе балцкую Літву. А паколькі яна размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то ўсе гэтыя падзеі належаць выключна да беларускай гісторыі, а Вялікае Княства Літоўскае ад пачатку з'яўлялася беларускай дзяржавай.

Як бачым версія летувісаў і меркаванні Ермаловіча моцна супярэчаць між сабой і кожная мае мэтай даказаць галоўную ролю свайго народу ў працэсе стварэння буйнейшай еўрапейскай дзяржавы. Аднак у гэтай спрэчцы не ўлічваюцца вынікі агромністай працы дзесяткаў спецыялістаў-мовазнаўцаў і археолагаў, якія за апошнія пяцьдзесят гадоў даказалі, што адносіны паміж балтамі (продкамі летувісаў) і славянамі (продкамі беларусаў) насілі мірны характар. Пра гэта мы шмат распавядалі ў папярэдніх раздзелах. Яшчэ нікому не ўдалося знайсці ніводнага сведчання пра напад летапісных літоўцаў на панямонскія славянскія гарады.

Меркаванне Ермаловіча пра слабасць Міндоўга не мае ніякага хоць бы самага малога падцвярджэння ў крыніцах (наадварот усюды падкрэсліваецца яго сіла), ды і логіка падзеяў падказвала наваградчанам саюз менавіта з самым моцным. Пачатковая Літва, па ўсёй верагоднасці, знаходзілася зусім не там, дзе яе шукаў Ермаловіч. Інфармацыя пісьмовых крыніц, падцверджаная археалагічнымі даследаваннямі, пера- канаўча паказвае на яе месцазнаходжанне ў сярэднім цячэнні Віліі.

Злучэнне двух галоўных сілаў Панямоння: самага вялікага беларускага горада і аднаго з мацнейшых балцкіх кунігасаў дало саюзнікам магчымасць аб'яднаць усё Верхняе і Сярэдняе Панямонне ў адзіную дзяржаву. А ў самым пачатку яна складалася з Наваградскай зямлі і родавага ўладання Міндоўга. На падставе даволі падрабязнага апісання падзей у Галіцка-Валынскім летапісе, дапоўненага яшчэ інфармацыяй Старэйшай рыфмаванай лівонскай хронікі, мы можам прасачыць разгортванне працэсу дзяржаваўтварэння на Панямонні і нават вызначыць прыблізную дату стварэння саюзу Наваградка з Міндоўгам, гэта значыць, знайсці пачатак ВКЛ.

Пад 1238 г. летапісец занатаваў, што галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч "узвёў на Кандрата (мазавецкага князя - А.К.) Літву Міндоўга, Ізяслава Наўгародскага". Адсюль вынікае, што яшчэ ў 1238 г. у Наваградку кіруе князь са славянскім імем Ізяслаў, а Міндоўг гаспадарыць у нейкай частцы Літоўскай зямлі (што на Віліі). Каля 1248 г., паводле таго ж летапісу, Міндоўг выганяе з Літоўскай зямлі сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эрдзівіла і захоплівае іх уладанні. Пляменнікі пабеглі ва Уладзімір-Валынскі прасіць дапамогі ў князёў Раманавічаў. Тыя прынялі ўцекачоў і адразу разгарнулі актыўную дыпламатычную і ваенную падрыхтоўку да вайны з Міндоўгам. Неўзабаве, зімой 1249/50 г. валынскія войскі накіраваліся ў першую ваенную выправу супраць Міндоўга і мэтай іх паходу быў ... Наваградак!

Якраз гэты летапісны запіс з'яўляецца першым дакументальным сведчаннем існавання палітычнага саюзу наваградцаў з Міндоўгам, а гэта значыць - доказам пачатку новай дзяржавы. Першай бачнай праявай саюзу стала аперацыя па далучэнню новых земляў у Літве (выгнанне Таўцівіла і Эрдзівіла), праведзеная Міндоўгам каля 1248 г. Таму менавіта гэты год можна прыняць як дату пачатку Вялікага Княства Літоўскага.

А.КРАЎЦЭВІЧ, гісторык

(Працяг будзе.)

Назад