Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Жаночы след у гісторыі

Зараз у нашым жыцці з'явілася шмат новых з'яў. Не абмінаюць яны і гістарычную навуку. Гендэрная тэорыя стала адной з самых папулярных на Захадзе тэндэнцый, якая знайшла сваю глебу і ў Беларусі. Гендэрны падыход разглядае гісторыю з пункту гледжання жаночага ці мужчынскага полу. У асноўным вывучаецца дзейнасць жанчыны ў розных сферах: палітыка, эканоміка, культура, сям'я, літаратура і іншыя. Канферэнцыя "Ад гісторыі да гісторыі: гендэрны падыход да гістарычнай навукі ў краінах транзітыўнага тыпу", якая праходзіла ў Мінску з 30 верасня па 2 красавіка, якраз і закранала гэтыя праблемы.

Яе ладзіў Цэнтр гендэрных даследванняў пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Форум удаўся прадстаўнічым. На ім прысутнічалі прадстаўнікі з ЗША, Венгрыі, Германіі, Балгарыі, Чэхіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Албаніі, Францыі, Украіны, Расіі, Аўстрыі.

Канечне, жаночая гісторыя можа вызваць пэўны скептыцызм, але ў дадзеным выпадку былі даклады, якія па-новаму раскрывалі старонкі здавалася б вядомай гісторыі. Напрыклад, Ілля Куркоў (Беларусь) нетыпова прадставіў беларускую вёску ў 20-х годах. Так у архівах КПБ скрываліся факты, якія дагэтуль ніколі не агучваліся. Сяляне забаранялі сваім дочкам уступаць у камсамол, бо лідэры гэтай арганізацыі занадта вольна сябе паводзілі. Сялянкі не хацелі ўступаць у калгасы і біліся на сходах са сваімі мужамі, якія падавалі заявы аб прыняцці іх у калгас. На адным са з'ездаў сялянак, куды былі запрошаны прадстаўнікі ўраду, стаяла пытанне аб кантрацэпцыі, паколькі пасля звяртання да павятух, пры непажаданай цяжарнасці, многія жанчыны трацілі здароўе жанчын. Гэта быў адзіны такі прэцыдэнт у гісторыі сялянскіх з'ездаў.

Рыма Прыспаліаўскіене (Літва) выкрыла сацыяльныя прычыны забойства пазашлюбных немаўлят сялянкамі. На такое злачынства жанчыну штурхала непрыйманне грамадствам яе дзіцяці і тое, што яны выводзіліся па-за рамкі грамадскіх нормаў. Гэтаму спрыяла і каталіцкая мараль. Жанчыны хавалі сваю цяжарнасць не толькі ад сялянскай грамады, але і ад сваіх бацькоў. Калі прыходзіў час нараджэння дзіцяці, яна знаходзіла бязлюднае месца, дзе магла нарадзіць яго, а потым... забіць. У выніку жачына станавілася злачынцам - і калі гадавала пазашлюбнае дзіця, і калі забівала яго. Але ў вачах грамадства другі выпадак лічыўся меншым злом.

Незвчыйнай для гістарычнай навукі стала тэма хатняга насілля. Далія Марцінкевічыене (Літва) у сваім даследванні паказала, што пасля таго як мужы білі сваіх жонак, не па-людску да іх ставіліся, апошнія вымушаны былі ўцякаць з дому разам з дзецьмі. Былі выпадкі, калі жанчыне на трэці дзень пасля шлюбу муж казаў, што будзе біць яе да канца жыцця. Гэта былі не жартаўлівыя пагрозы, паколькі ў судах часта разглядаліся справы, у якіх канстатавалася, што жанчына загінула з-за пабояў. Урач, які аглядаў цела, канстатаваў, што на ім не было ніводнага жывога месца.

З даклада Мерыты Косіў стала вядома, што ў горных паселішчах Албаніі да сярэдзіны 80-х гадоў нашага стагоддзя паводзіны жанчыны рэгуляваліся канонам. Шлюб заключаўся без яе згоды яшчэ ў дзяцінстве. Яна магла адмовіцца ад шлюба, але павінна была застацца нявіннай да канца жыцця. Калі яна парушала зарок, то гэта станавілася прычыный для пачатку кроўнай помсты паміж сем'ямі. Іншы позірк на гісторыю адкрывае шмат цікавых тэм. Аналіз дакументаў па ім прыводзіць да незвычайных вывадаў. Дарэчы, грунтоўнасці і шырокай базы крыніц не хапала некаторым выступаючым з-за мяжы. Даклады іх больш нагадвалі разважанні, а не навуковыя даследванні. У прафесійнасці некаторых выступоўцаў можна было ўвогуле сумнявацца.

Арганізатары канферэнцыі наладзілі для ўдзельнікаў экскурсію ў Хатынь. Зроблена гэта было мэтанакіравана, каб паказаць, што давялося перажыць людзяць у час Вялікай Айчыннай вайны. У цэлым канферэнцыя стала неардынарнай з'явай і паказала новыя тэндэнцыі ў развіцці сучаснай гісторыі.

Н.Сліж

Назад