Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гарадзеншчына. Верасень 1999 г.

Нядаўна завяршылася польска-беларуская навуковая экспедыцыя па Гродзеншчыне. Вераснёўская экспедыцыя па Гродзеншчыне была працягам чэрвеньскай па Віленшчыне. Гэтым разам даследаваўся беларускі бок беларуска-літоўскай мяжы. У экспедыцыі ўдзельнічалі прафесар Пётр Эберхардт (кіраўнік) і дактарант Марыюш Кавальскі з Варшавы. Беларусь прадстаўлялі дацэнт абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў Мікола Еўдакіменка і Алесь Смалянчук. Карэспандэнт "БИ" удалося пагутарыць з сталым аўтарам нашай газеты - Алесям Смалянчуком.

- Якія мэты на гэты раз стаялі перад экспедыцыяй?

- У першую чаргу нас цікавіў нацыянальны і канфесійны склад насельніцтва паўночна-заходніх рэгіёнаў нашай вобласці. І не толькі яе. Мы наведалі Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Іўеўскі, Воранаўскі, Карэліцкі, Лідскі, Ваўкавыскі, Шчучынскі раёны Гродзеншчыны, Мядзельскі, Вілейскі, Валожынскі, Стаўбцоўскі, Івянецкі, Дзяржынскі раёны Міншчыны, Докшыцкі раён Віцебшчыны.

Як і ў папярэдняй экспедыцыі па Віленшчыне, вынікі аказаліся даволі нечаканымі. Для большасці нашых рэспандэнтаў паняцце нацыянальнасці проста не існавала. Або яна разумелася як канфесійная прыналежнасць ("Мы палякі і ходзім да касцёла, а беларусы ходзяць да царквы"), або як грамадзянства ("Мы жывем у Беларусі, а значыць мы ўсе беларусы"; "Мы былі палякамі (да 1939 г.-А.С.), а потым сталі беларусамі"). Калі ж у размове мы спрабавалі патлумачыць, што такое нацыянальнасць, што яна можа не супадаць з канфесійнай прыналежнасцю і з грамадзянствам, то разгубленыя людзі адказвалі: "А мы ніхто", "Мы абыякія", "Чорт ведае", "Мы мешаны народ" і г.д.

- Людзі, напэўна, успаміналі...

- Многія з крыўдай згадвалі як у 70-ыя г., калі, нарэшце, жыхары беларускай вёскі пачалі атрымліваць пашпарты, то іх запісвалі не "палякамі", а "беларусамі". Маўляў, жывеце ў Беларусі, значыць - беларусы. Пратэстаў ніхто не слухаў, а найбольш актыўных палохалі рэпрэсіямі або абмежаваннямі ў правах як "іншаземцаў".

Як і на поўдні Віленшчыны беларускую мову, на якой яны размаўлялі, людзі звычайна называлі "простай", "мясцовай" або "тутэйшай". Яны быццам саромеліся яе. Нізкі сацыяльны статус беларускай мовы быў відавочным і пры наведванні могілак. За дзесяць дзён экспедыцыі мы наведалі іх болей чым паўсотні, і знайшлі толькі сем помнікаў падпісаных на беларускай мове. Прычым тры з іх належалі даволі вядомым постацям нашай гісторыі - Францішку Багушэвічу (Жупраны), Ларысе і Янку Геніюшам (Зэльва). Ходзячы па могілках, здавалася, што няма ніякай Беларусі, ёсць толькі польска-рускае памежжа.

Колькі ж трэба часу і намаганняў, каб пакончыць з гэтым самапрыніжэннем, з неразуменнем каштоўнасці ўласнай беларускай культуры, уласнай мовы?! Савецкая прапаганда, якая грунтавалася на традыцыях русіфікацыі былой Расійскай імперыі, пакінула пасля сябе страшныя сляды.

- Дык можа і не патрэбная людзям гэтая нацыянальная свядомасць? Па меншай меры будзем пазбаўленыя міжнацыянальных канфліктаў.

- Думаю, што яна вельмі патрэбная сёння беларусам. Усвядамляць уласную нацыянальнасць - гэта значыць далучыцца да культурных і гістарычных каранёў нацыі, жыць з пачуццём гонару за свой народ, за сваю зямлю і быць дастаткова патрабавальным і жорсткім да палітыкаў, якія прыносяць нацыянальныя інтарэсы ў ахвяру ўласным амбіцыям. А што датычыць міжнацыянальных (міжэтнічных) канфліктаў, то ўпэўнены, што павага да іншай нацыі з'яўляецца толькі тады, калі чалавек паважае сябе як прадстаўніка пэўнай нацыі.

- Вашая экспедыцыя адбывалася ў той час, калі Беларусь захліснула хваля чарговага "ўсенароднага свята" - 60-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ці не размаўлялі вы з людзьмі пра падзеі 1939 г.?

- Размовы пра верасень 1939 г. заходзілі досыць часта. І нават не таму, што экспедыцыя адбывалася на фоне славутага савецкага "свята". На многіх могілках або каля касцёлаў мы бачылі нядаўна пастаўленыя помнікі людзям, якія былі растраляны чырвонаармейцамі ў верасні 1939 г. Звычайна, гэта былі або духоўныя асобы, або мясцовая інтэлігенцыя.

Памяць пра жыццё ў Заходняй Беларусі да 1939 г. найбольш дакладна перадаў адзін з жыхароў в.Ляхавічы Ваўкавыскага раёна: "Мы былі "пад палякамі", але не былі пад прыгнётам. Мы былі гаспадарамі". 1939 год звычайна згадваўся як жыццёвая трагедыя. З боллю людзі казалі пра камуністычныя рэпрэсіі, пра стварэнне калгасаў. Жыхары савецкага боку памежжа, якое існавала да верасня 1939 г., казалі, што "палякі" жылі як "багатыры" (багатыя - А.С.), бо не ведалі калгасаў, а потым прыйшла да іх Чырвоная армія, і яны сталі такімі, як і мы. Не цяжка было заўважыць, як асцярожна згадваюць пра рэпрэсіі жыхары былой усходняй часткі Беларусі. Яны, быццам, усё яшчэ баяцца...

- А як жывецца сучаснай беларускай вёсцы?

- Большасць вёсак тых рэгіёнаў, якія мы наведалі, праз 10 - 20 гадоў проста знікне. У вёсках не застанецца жыхароў. Сёння там пераважаюць людзі 60-гадовага ўзросту і старэйшыя. Моладзь не затрымліваецца, бо звычайны месячны заробак калгасніка складае 2-4 мільёны рублёў. Да таго ж, не заўсёды грошы выплачваюцца своечасова. Нормай стала затрымка ў некалькі месяцаў. Трэба кардынальна мяняць дзяржаўную палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, каб гарантаваць жыццё беларускай вёскі.

- Дарэчы, а калі параўнаць жыццё селяніна на Гродзеншчыне з тым як жвыць вяскоўцы на Віленшчыне...

- Там амаль на кожны кроку мы натыкаліся на "руіны" былых калгасаў. Толькі двойчы за 11 дзён паездкі пабачылі буйныя статкі малочных кароў. Але ніякіх праблемаў, каб купіць прадукты на вячэру, у Літве мы не мелі. Відавочна, што нешматлікія фермерскія гаспадаркі цалкам забяспечваюць краіну харчаваннем. Па-іншаму было ў Беларусі. Мы не бачылі калгасных "руінаў", назіралі статкі кароў на выганах, а ў крамах немагчыма было купіць масла. Каўбасныя ж вырабы мала нагадвалі вырабы з мяса.

- З кім апроч вяскоўцаў вы размаўлялі?

- Мы наведвалі школы, музеі, сельскія саветы, калгасы. Вельмі цікавымі былі размовы з каталіцкім духавенствам. Суразмоўцы рабілі ўражанне неардынарных, добра адукаваных людзей, якія жывуць праблемамі сваіх прыхажан. Амаль усе яны павінны былі прыкласці велізарныя намаганні, каб аднавіць касцёл. Толькі лічаныя касцёлы ў гады савецкай улады маглі існаваць. Большасць была або разбурана, або пераўтворана ў які-небудзь склад. Ксяндзы асабліва былі заклапочаныя станам духоўнасці жыхароў беларускай вёскі. Сітуацыю ў пасляваеннай Беларусі вельмі трапна ахарактарызаваў ксёндз касцёла ў Жупранах: "У людзей адабралі польскасць і нічога не далі ўзамен".

Дарэчы, пасля размоваў і наведвання касцёлаў узнікла ўражанне, што сучасныя апасенні пра паланізацыю беларусаў праз каталіцкі касцёл неабгрунтаваныя. Размовы пра паланізацыю - гэта або свядомая правакацыя, якая павінна адвесці ўвагу ад актывізаваўшайся русіфікацыі Беларусі і выклікаць польска-беларускую міжэтнічную і міждзяржаўную напружанасць, або недарэчнасць, народжаная няведаннем рэальнай сітуацыі. Каталіцкае духавенства заклапочана галоўным чынам пашырэннем сваіх уплываў на людзей. І таму ўсё часцей у касцёлах гучыць беларуская мова (а часам і руская). Па-беларуску звычайна ідзе навучанне дзяцей асновам веры. У касцёлах можна ўбачыць каталіцкую літаратуру на беларускай мове. Паступова духавенства з Польшчы замяняюць мясцовыя ўраджэнцы, выхаванцы Гродзенскай духоўнай семінарыі. Працэс беларусізацыі каталіцкага касцёла відавочны.

- А як выглядае вясковая школа ўзору 1999-2000 навучальнага года? Яна таксама зрусіфікаваная, як і гарадская?

- Не, пра такі высокі ўзровень русіфікацыі гаварыць не прыходзіцца, хаця класы з рускай мовай навучання з'явіліся амаль паўсюль. У вёсцы пераважае беларуская школа. Выкладанне прадметаў адбываецца пераважна на беларускай мове. Сёння нашай мове, як і ў савецкія часы, навязаны статус "вясковай". Людзі гэта адчуваюць, і вельмі часта выпускнік беларускай школы, які прыязджае ў горад, імкнецца як мага хутчэй пазбавіцца беларускай мовы і перайці на "гарадскую мову".

Матэрыяльнае становішча вясковай беларускай школы даволі цяжкае, як, зрэшты, і гарадской. На гэтым фоне моцнае ўражанне зрабілі літоўскія школы ў Рымдзюнах (Астравецкі раён) і Пелясе (Воранаўскі раён). Гэта новыя школы, пабудаваныя з улікам патрабаванняў сучаснай архітэктуры, якія маюць падтрымку літоўскага ўраду. 2 кастрычніка адкрылася польская школа ў Ваўкавыску. Яе архітэктурныя формы і ступень матэрыяльнай забяспечанасці могуць толькі выклікаць зайздрасць у беларускіх настаўнікаў і вучняў.

- Вы ездзілі па мясцінах слаўных на гістарычныя падзеі. Як выглядаюць сёння такія помнікі беларускай гісторыі як Крэўскі або Мірскі замкі?

- Сапраўды, мы наведвалі мясціны са слаўнымі гістарычнымі традыцыямі. Але ганарыцца сённяшнім становішчам помнікаў культуры, на жаль, не даводзіцца. Добра выглядаюць толькі Мірскі і Лідскі замкі, дзе працягваецца рэстаўрацыя. Затое замкі ў Крэве, у Гальшанах, палац Мікалая Дарагастаеўскага ў Мураванай Ашмянцы, дзе ў XVII ст. знаходзілася друкарня, цалкам зруйнаваныя. А між тым гэтыя помнікі могуць упрыгожыць кожную еўрапейскую краіну.

Адзін з жыхароў в.Крэва згадаў, як увосень 1939 г. новая савецкая ўлада заклікала ўсіх дарослых жыхароў мястэчка з рыдлёўкамі і ломамі сабрацца каля замка. Людзям загадалі разбіваць замкавыя муры на цэглу і на камяні. Толькі некаторыя знайшлі смеласць не падпарадкавацца гэтаму дзікунскаму загаду. Большасць пад наглядам мясцовых камуністычных чыноўнікаў старанна знішчала ўласную гісторыю. Затое добра дагледжаны помнікі Уладзіміру Ульянаву, аднаму з галоўных віноўнікаў грамадзянскай вайны.

Гутарыла Ф.МАЛЕЦКАЯ

Назад