Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Татары ў гісторыі Беларусі
(Працяг. Пачатак у № 42 ад 21.10.1999 г.)

У просьбе да Сігізмунда І, якая была пададзена ў 1519 годзе, татары выказалі сваю пашану да памяці Вітаўта наступным чынам: "Не маем ужо слаўнага Вітаўта, ён не дазваляў нам забыць пра прарока, і мы, звяртаючы нашы погляды да святых мекаў, паўтаралі імя яго, як імёны нашых Халіфаў. Мы давалі клятву на мячах нашых, што любім літоўцаў, калі яны падчас вайны лічылі нас за ваеннапалонных, і пры ўступлені нашым у сію землю ўвеялі, што пясок гэты, вада гэтая і дрэвы гэтыя будуць для нас агульнымі. Яны вядомы нашым дзецям і пры Салёных Азёрах (у Крыму) і ў Кіпчаку ведаюць, што мы ў зямлі нашай не чужаземцы". Так паступаў Вітаўт і з караімамі, якіх разам з татарамі перасялялі з Крыма. Іх было каля 400 сямей. Нават асабістая ахова Вітаўта складалася з караімаў, нашчадткі якіх дагэтуль жывуць у Троках. Калі ў 1410 годзе пачалася вайна Тэўтонцаў з каралём Ягайлам, у шматлікай раці Вітаўта, як сцвярджаюць летапісцы, было 30000 татар пад кіраўніцтвам сына Тахтамыша Джалал-эд-дзіна. Бітва адбылася пад Грунвальдам 15 ліпеня. Праўда, сучасныя гісторыкі лічаць, што колькасць татарскай конніцы пры Грунвальдзе налічвала толькі каля трох тысяч чалавек, што таксама нямала. Тым не менш, татары атрымалі права пачаць бітву. Існуюць легенды аб тым, што тэўтонцам наносілі ўрон не столькі стрэлы, колькі арканы, з дапамогай якіх воіны Джалал-эд-дзіна скідвалі крыжакоў з коней, і пасля падзення рыцару цяжка было самому падняцца на каня без чыёй-небудзь дапамогі. Пасля Грунвальда татары ўдзельнічалі ў ваенных паходах аж да заключэння міру з Ордэнам у 1411 годзе. Новы прыток татараў у Вялікае княства Літоўскае адбываўся напачатку ХУІ стагоддзя. Справа ў тым, што пасля смерці Вітаўта (1430) і распаду Залатой Арды на асобныя ханствы з утварэннем Крымска-татарскай дзяржавы - паўднёвага суседа ВКЛ - па шэрагу прычынаў пачалася паласа непрыязных адносінаў крымскіх ханаў да Польшчы. Адбываліся набегі татараў на Падолле. Так, у 1503 годзе Менглі Гірэй, спустошыўшы Падолле, падыйшоў да Клецка і зруйнаваў яго. Не паспеў Клецк адбудавацца, як тая ж Перакопская арда, уварваўшыся другі раз у Літву, падышла ў 1506 годзе да Клецка. Гэтым разам татары былі жорстка пакараны. Іх сустрэў тут гарматнай пальбой выхадзец з літоўскіх татараў князь Міхаіл Глінскі і, нягледзячы на шматлікага праціўніка (каля трыццаці тысяч), разбіў яго. Бой працягваўся каля трох гадзін паблізу Цёмнага возера, што пад Клецкам.Вялікая колькасць татараў была ўзята ў палон. Дарэчы, пазней іх пасялілі ў Клецку і Мінску. Так з'явілася ў Клецку вуліца - Татарская слабада, а ў Мінску - Татарская. У сярэдзіне ХУІ ст. аўтар "Рысале" лічыў татарскую супольнасць Вялікага княства Літоўскага колькасцю ў 200 тысяч чалавек. Аднак гісторыкі лічаць гэту лічбу перабольшанай. Згодна з падлікамі гісторыка С.Крычынскага ў сярэдзіне ХУІ ст. у ВКЛ і на Валыні татарскае насельніцтва складала толькі 14-16 тысяч чалавек. Першае пакаленне літоўскіх татар захоўвала і валодалі роднай мовай. Шмат хто з іх служыў тады ў канцэлярыях вялікіх князёў талмачамі (перакладчыкамі) і пісарамі, ездзілі пасламі ў Вялікую Арду і Крым, выконвалі адказныя даручэнні літоўскіх уладаў. Але ўжо ў сярэдзіне ХУІ ст., як паведамляе "Рысале", татары ў Літве, згубіўшы мову сваіх продкаў, размаўлялі ў асноўным па-беларуску ці па-польску. Гэта было характэрна перш за ўсё для татараў, якія жылі ў гарадах. Да таго ж, адбывалася асіміляцыя татараў з карэнным насельніцтвам. Многія мурзы і князі прынялі хрысціянства. Аднак большасць татараў захавала веру і мусульманскую рэлігію і тым самым захавалася як асобная этнагрупа пад назвай "татары". Будычы вернымі воінамі, многія з іх атрымлівалі маёнткі з правам называцца шля- хцічамі, ім надаваліся афіцэр-скія і генеральскія званні. Князі ВКЛ высока цанілі вайсковы вопыт і баявыя якасці татар, плацілі ім грошы, дарылі падарункі. Кнігі раздачы жалавання караля Казіміра другой паловы ХУ ст. сведчаць, што група літоўскіх татараў суправаджала Вялікага князя ў Польшчу, складала частку яго асабістай аховы. Акрамя харунжых, існавалі "татары-казакі", якія мелі сваіх атаманаў. Тыя, у сваю чаргу, падпарадкоўваліся харунжаму. Атаманы існавалі яшчэ ў першай палове ХУІІ ст., аб чым сведчаць матэрыялы рэвізіі 1631 года, у якіх узгадваецца атаман Ласосна з пад Гродна. Цікава змяняліся імёны і прозвішчы літоўскіх татараў. Напрыклад, Хасан- Асан - Асановіч, Ізмаіл-Смоля - Смольскі, Якуб-Якубоўскі - Якубовіч і г.д. Татары ўдзельнічалі ва ўсіх войнах ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Так у 60-70-ых гадах ХУІІІ ст. у складзе Літоўскай арміі былі палкі генерала Беляка і палкоўніка Мустафы Карэцкага. Яны ж удзельнічалі ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі ў перыяд трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1793-94 г.г. Акрамя іх на баку Касцюшкі ваявалі такія вядомыя камандзіры як палкоўнік Мустафа Бараноўскі, Мустафа Ахматовіч, Якуб Азюлевіч, Аляксандр Ахматовіч і іншыя. Адз’ютантам Тадэвуша Касцюшкі быў маёр Сулейман Беганскі. Дарэчы, пазней татарын Аляксандр Сулькевіч быў блізкім спадвіжнікам Юзэфа Пілсудскага. Ён жа і выратаваў яго ад рускай турмы. Акрамя таго Сулькевіч быў адным з арганізатараў Польскай сацыял-дэмакратычнай партыі. С.ГАРДАНАЎ (Працяг будзе)

Назад