Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

"Чэслаў Немэн больш не хоча на Беларусь"

Калісьці Чэслаў Немэн быў вельмі папулярным спеваком. Кар'еру ён зрабіў у Польшчы. Але нарадзіўся пад Горадняй - у вёсцы Васілішкі. Сапраўднае ягонае прозвішча - Выдрыцкі, а псеўданім ён прыдумаў сабе ўжо на эміграцыі.

Бацька Ч.Немэна быў майстрам па рамонту гадзіннікаў і арганістам у мясцовым касцёле. Чэслаў скончыў 8 класаў, пасля паехаў у Гродна, каб вучыцца ў музычна-педагагічным вучылішчы. Паступіць туды было вельмі цяжка, таму сям'я Валчковічаў, на кватэры якой жыў Немэн, выдала яго за свайго пляменніка. "Вучыцца ён не хацеў. Лекцыі прапускаў, хадзіў толькі на музычныя заняткі. Фізіка, хімія ды гісторыя КПСС яго не цікавілі. Ясна, што з такою стараннасцю Чэслаў не здолеў нават скончыць першы курс. Таму ён вярнуўся ў Васілішкі, каб давучыцца ў вясковай школе апошнія два класы", - апавядае спадарыня Ірына Валчковіч.

Бацькі збіраліся з'язджаць у Польшчу. Немэн быў тады закаханы ў аднакласніцу і сказаў, што не можа ехаць, пакуль з ёю не ажэніцца. Але ўсе страшэнна спяшаліся пакінуць Беларусь, так што вяселле згулялі ўжо ў Гданьску. Хутка яны развяліся.

У 1972-м годзе спадарыня Ваўчковіч ездзіла ў госці да Немэна. "У ягонай кватэры амаль не было мэблі, спаў ён на нейкім старым матрацы, што ляжаў проста на падлозе. Карацей, вёў хіповы лад жыцця. Да яго прыходзіла шмат сяброў, такія ж багемныя, як і сам Чэслаў". Цяпер ён больш пісаў музыку для кіно. Апрача гэтага, перакладаў на музыку вершы ўлюбёнага паэта Цыпрыяна Норвіда.

Праз 4 гады ён прыехаў у Горадню выступаў у Доме афіцэраў. "З новай жонкай. Звалі яе, здаецца, Малгажата. Такая брудная, нечасаная - хіпі, карацей. Падчас ягонага канцэрту ўсё сядзела на кукішках ды слухала". Моладзь тут аж вар'яцела ад ягоных песняў - так падабаліся. Немэн адведаў таксама старых знаёмых - спадарства Валчковічаў. На маё пытанне, ці настальгічна выказваўся Немэн пра Горадню, Ірына Валчковіч адказала: "Ды яны ж усё жыццё ірваліся ў Польшчу. Усе сваякі паехалі разам з імі, тут амаль ніхто не застаўся. Сяброў у Горадні ў Чэслава не было. Так што ён больш ніколі не збіраўся прыехаць на радзіму".

Праз некаторы час Немэн прыслаў спадарыні Ірыне запрашэнне, каб яна магла яшчэ раз прыехаць у Польшчу. У тыя часы, каб выехаць за мяжу, нават у краіны сацлагеру, апрача запрашэння трэба было атрымаць спецыяльную паперку - характарыстыку, якую трэба было зацвердзіць на спецыяльным сходзе. Выдавалі яе на месцы працы. Змест паперыны, якую выдалі спадарыні Валчковіч, быў прыблізна такі: "Таварыш Валчковіч ужо доўга працуе на нашым прадпыемстве. Службовыя абавязкі выконвае сумленна, праяўляе ініцыятыву. Прымае ўдзел у грамадскім жыцці, з'яўляецца сябрам рэдкалегіі сценгазеты. Валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі.

Адміністрацыя, партыйная і прафсаюзная арганізацыі не будуць супраць, калі таварыш Валчковіч паедзе ў ПНР падчас яе адпачынку. Працягласць адпачынку 24 працоўныя дні, а з выхаднымі - 28 календарных дзён".

Спадарыня Валчковіч паехала ў Польшчу да знаёмых, а заадно вырашыла наведаць Чэслава. Ён жыў у Варшаве ў высокім будынку, каля ўваходу ў які стаяў швейцар. Спадарыня Ірына прывезла ў падарунак самавар. "Больш за ўсё ў Варшаве мяне ўразілі крамы. Зойдзеш - усё, што хочаш. Сервізы, дываны і ўсё астатняе". Тым не менш, калі спадарыня Валчковіч збіралася дахаты, атрымала ад палякаў заказ: прывезці швейную машынку і дзіцячую машыну з педалямі, у якой можна было катацца.

Распытала Тэрэса БАЗЫЛЕВІЧ

Назад