Нас наведае былы мэр Бона
18-19 лютага ў Гродне адбудзецца чарговы семінар, які арганізоўвае місія АБСЕ ў Беларусі. Гэтым разам на ім будуць разглядацца тры вялікія тэмы: "Мясцовыя органы кіравання", "Рэгіянальнае эканамічнае развіццё" і "Вяршынства Закона".
Аб гэтым журналістам паведаміў у аўторак прадстаўнік місіі АБСЕ ў Беларусі Мішэль Рывалье. У гэты дзень ён правёў у нашым горадзе сустрэчы з намеснікам старшыні аблвыканкама М.Бяляевым і лідэрамі грамадскіх, палітычных і прафсаюзных арганізацый. Дарэчы, госць зазначыў, што вельмі ўтульна адчувае сябе ў нашым горадзе. Удзел у семінары возьмуць прадстаўнікі мясцовай "вертыкалі", сябры грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, прафсаюзаў, эксперты з еўрапейскіх краінаў. Цікава, што па кожнай тэме плануюцца выступы, як прадстанікоў улады, так і незалежных беларускіх, а таксама заходніх экспертаў.
Падобныя семінары прайшлі ўжо ва ўсіх абласных цэнтрах за выключэннем Гомеля і Гродна. Плануецца таксама, што на семінар прыедуць эксперты Савета Еўропы, прадстаўнік Сэйма Польшчы, мэры аднаго з гарадоў Літвы, Чэхіі і Францыі, а таксама былы мэр Бона. Цікава, што толькі на гродзенскім семінары будзе прысутнічаць кіраўнік групы АБСЕ ў Беларусі Ханс Георг Вік.
М.КАРНЕВІЧ
|