Канфлікт у Гежыцку
У нядзелю 13 лютага ў горадзе Гежыцку (РП) Вармінска-Мазурскай пагранічнай службай былі затрыманы 75 грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Як паведаміў нашай газеце супрацоўнік беларускага консульства ў Беластоку Павел Латушка, 28 з іх былі адпушчаны адразу, паколькі мелі ў пашпарце польскую візу. Астатніх пратрымалі ў пастарунку 12 гадзін - з 10.00 раніцы да 22.00, але потым таксама адпусцілі. Ў панядзелак 22 чалавекі, ў асноўным жыхары Гродзенскай вобласці, звярнуліся ў беларускае консульства ў Беластоку за дапамогай. Адразу ж, у панядзелак, у Кентшын, дзе знаходзіцца штаб Вармінска-Мазурскага пагранатрада, выехаў супрацоўнік беларускага консульства. Там і высветлілася, што ўсе нашы грамадзяне былі затрыманы за незаконны гандаль на тэрыторыі Польшчы (так значылася ў пратаколах затрымання), праўда, не ў воднага з іх не былі канфіскаваны ні гарэлка, ні цыгарэты. Падчас судовага разбіральніцтва, якое адбывалася ў Ольштыне, высветлілася, што ў 10-ці з нашых грамадзян былі пратэрмінаваныя ваўчары, і яны не мелі законнага права знаходзіцца ў РП. Дарэчы, некаторыя з іх незаконна знаходзіліся ў Польшчы аж з мінулага года. За гэта яны былі выдалены з краіны польскай пагранслужбай. 37-мі грамадзянам, у выніку ўмяшання беларускага консульства ў справу, польскі бок прынёс прабачэнні, людзі і надалей змогуць прыязжаць у Польшчу.
Па словах П.Латушкі, польскія пагранічныя службы падчас затрымання беларускіх грамадзян "паводзілі сябе безтактоўна, арыштоўвалі людзей толькі за тое, што ў іх быў беларускі пашпарт". Больш таго, нашым грамадзянам не дазволілі звязацца з беларускім консульствам і не прадаставілі магчымасці карыстацца паслугамі перакладчыка.
Як вядома, у панядзелак у МЗС Беларусі быў выкліканы пасол РП у Мінску, якому была заяўлена нота пратэсту.
М.МІкалайЧык
|