Зэльва
Падобных ім у свеце больш не існавала
Напачатку лютага ў невялікай вёсачцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна адбылася падзея гістарычная для ўсёй Беларусі. Пры ўдзеле святароў з Ваўкавыскага, Зэльвенскага, Слонімскага і іншых прыходаў, паломніцтве шматлікіх вернікаў і з благаславення епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія быў асвечаны іканастас унікальнай і вядомай ва ўсім свеце мясцовай Міхайлаўскай царквы.
У свеце існуе толькі два такіх праваслаўных храма абарончага тыпу ХV-ХVІ ст. - у Сынкавічах і ў мястэчку Вялікае Мажэйкава Лідскага раёна. Яны занесены ва ўсе сусветныя навуковыя каталогі і знаходзяцца пад аховай беларускай дзяржавы. Праўда, дагэтуль невядома дакладная дата іх пабудовы. Не ведаюць навукоўцы і імёны тых, хто будаваў гэтыя ўнікальныя храмы. Адзін беларускі навуковец выказаў меркаванне, што магчыма іх будаваў сам Вялікі князь Вітаўт. Пасля знакамітага пабегу з Крэўскага замку, прабіраючыся ў Гародню, ён хаваўся менавіта ў гэтых мясцінах. Пазней, дзеля дасягнення сваіх палітычных мэтаў яму давялося памяняць рэлігію і, магчыма, у памяць аб мінулым ён і збудаваў храмы, падобных якім у свеце ніколі больш не існавала.
Цяжка ўявіць, як Сынкавіцкая царква магла пратрымацца столькі часу. Напэўна, сам Бог апекаваўся ёю. У савецкія часы набудавалі побач кароўнікаў, а яе не кранулі. Дзіўна? Магчыма таму, што стаіць яна ў глухім месцы далёкім ад дарогі і вялікіх гарадоў. Яшчэ больш дзіўным з'яляецца тое, што ў такім месцы яе будавалі. Дарэчы, прыведзеная вышэй версія беларускага гісторыка, цалкам магла б адпавядаць такому варыянту.
У 1990 годзе, напачатку аднаўлення незалежнасці Беларусі, Сынкавіцкая царква была перададзена вернікам і нанова асвечана. У той час слонімскі майстар аднавіў і іканастас царквы, аднак тое, што зрабіў народны ўмелец яўна не адпавядала сусветнаму і непаўторнаму ўзроўню храма. Праз некалькі гадоў Сынкавічы наведаў Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт разам з былым міністрам замежных спраў Пётрам Краўчанкам. Пасля гэтага візіту беларускай дзяржавай было выдзелена дзве тысячы даляраў на аднаўленне іканастаса, які зрабілі лепшыя мінскія майстры.
Цяпер у храм павінны зноў хадзіць людзі, толькі дай Бог, каб яны памяталі аб тым, у якім унікальным храме ім даводзіцца звяртацца да Усявышняга.
П.ЖЭБРАК
|