Страйк на «Мастоўдрэў»
9 лютага работнікі лесадрэваапрацоўчага цэха, які ўзначальвае Генадзь Іванчык, ААТ "Мастоўдрэў", як толькі атрымалі разліковыя квіткі па заработнай плаце за студзень, пабачылі, што налічэнні сталі значна менш, чым у снежні мінулага года, аб'явілі страйк.
Адзінае патрабаванне, якое яны вылучылі - павышэнне заработнай платы. Ініцыятары пратэсту напачатку звязаліся з адміністрацыяй прэзідэнта, але там іх далікатна адфутболілі, спаслаўшыся на тое, што "Мастоўдрэў" акцыянернае таварыства і таму Аляксандр Рыгоравіч нічым дапамагчы не можа, але параілі звярнуцца ў рэспубліканскі канцэрн, да якога належыць аб'яднанне і які мае больш за 50% акцый гэтага прадпрыемства. Неўзабаве з'явіўся генеральны дырэктар Віктар Буры ў суправаджэнні падначаленых. Выслухаўшы крыўды рабочых, ён напачатку аўтарытэтна аб'явіў, што грошай плаціць большы заробак няма. Тады рабочыя прапанавалі яму прадаць недабудаваны за кошт прадпрыемства ўласны катэдж, сцвярджаючы, што гэтых грошай хопіць на заробак працуючым усяго прадпрыемства на працягу года. Напомнілі, што набытая сантэхніка для яго каштуе болей, чым выплаты дэвідэнтаў па акцыям ды успомнілі пра 400-тысячныя штомесячныя заробкі трэнера мясцовай футбольнай каманды, спонсарам якой выступае ААТ. Начальства адразу пачало "апрацоўваць" калектыў на свой лад: у вас нічога не атрымаецца, няма прэсы, няма тэлебачання, тых, хто часта ўжывае гарэлку на працоўным месцы сталі палохаць неадкладным звальненнем. Былі і іншыя захады, каб спыніць забастоўку. Афіцыйны прафсаюз заняў, як звычайна, дваякую пазіцыю: і нашым, і вашым. Забастоўка спынілася толькі на наступны дзень, калі рабочыя атрымалі гарантыю, што заробкі будуць павышаны. Да гэтай акцыі мелі намер далучыцца рабочыя іншых цахоў. Гэта ўжо не першы стыхійны выступ рабочых на прадпрыемстве.
«ГС»
|