Творчасць паэта, драматурга, публіцыста, беларускага каталіцкага святара Казіміра Сваяка доўга замоўчвалася, толькі нядаўна яна стала вядомай і паправу ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры.
Казімір Сваяк быў адным з нямногіх, хто ўжо на пачатку ХХ стагоддзя верыў, што яго народ мае права на сваё сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне.
Як адзначае прафесар Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч у сваёй кнізе "Літаратурная Гродзеншчына" (Мн., 1996 г.), Казімір Сваяк з нейкай асаблівай духоўнай апантанасцю служыў Богу і беларускай нацыянальнай ідэі, паядноўваючы ў творах гэтыя два высокія пачаткі жыцця.
Нарадзіўся Казімір Сваяк 19 лютага 1890 года ў вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерніі (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці), у маляўнічай мясцовасці. Бацька паэта служыў лесніком у пана і меў паўвалокі зямлі (прыкладна дзесяць гектараў). Сям'я, у якой было васьмёра дзяцей, была працавітай, дружнай, жыла ў асноўным з гаспадаркі. Ды карміў яшчэ лес і навакольныя азёры. Як не было цяжка, але бацькі здолелі даць адукацыю амаль усім дзецям.
Кастусь скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы, гарадскую ў Свянцянах. Калі скончыў гарадскую школу, пачалася рэвалюцыя 1905 года. Пятнаццацігадовы юнак хадзіў на мітынгі, распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Кастусь марыў аб паступленні ў семінарыю, таму чытаў многа рэлігійных кніг, знаёміўся з працамі вядомых багасловаў. І вельмі захапіўся беларушчынай. Запісваў казкі, прыказкі, прымаўкі, легенды. Любоў да ўсяго роднага, беларускага ўзмацнілася ў час вучобы ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, у якую паступіў у 1908 годзе. Сярод навучэнцаў семінарыі было нямала аднадумцаў. Гэта будучыя вядомыя дзеячы і пісьменнікі Адам Станкевіч, Язэп Германовіч. Сябры марылі аб шчаслівай долі свайго народу, прыходзілі да думкі, што самы лепшы пакуль шлях нацыянальнага Адраджэння - праз веру і мову. І далучацца да каталіцкай веры народ павінен на сваёй роднай мове. Свая мова кожнаму народу. І невыпадкова ён напіша ў сваім дзённіку ў жніўні 1913 года: "Сёння, слухаючы звон наш цудоўны касцельны, раблю пробу аддаць уражанне вершам. Па-польску пішуць усе. Беларусь-сірата: смяюцца з яе мовы. Я люблю бедных, апушчаных… Буду пісаць па-беларуску. Мова беларуская ёсць гладкай і звучнай: можа служыць і паэзіі (але сам сябе залічыць да паэтаў не важуся). Пастараюся выгладзіць стыль свой беларускі".
На трэцім годзе вучобы ў семінарыі ў яго была выяўлена хвароба (сухота), таму зімы 1912/13 і 1913/14 гадоў Казімір Сваяк правёў на курорце ў Закапаным. У 1914 годзе скончыў духоўную семінарыю, а ў 1915 годзе ў Пецярбургу пасвечаны ў ксяндзы. Святарскую дзейнасць пачаў вікарыем у парафіі Камаі Свянцянскага павета, але не затрымаўся там і перавёўся ў Клюшчаны. Гэта была зямля родная з дзяцінства і менавіта на ёй яму хацелася абуджаць ў душах прыхажан беларускасць.
У Клюшчанах Казімір Сваяк шырока разгарнуў рэлігійную і грамадскую дзейнасць. З вуснаў новага каталіцкага святара ў касцёле загучала родная мова, на ёй прамаўляліся казанні. Арганізаваны ім касцельны хор, які аб'яднаў каля сарака чалавек, пастаянна выконваў беларускія народныя песні.
Стварыў К. Сваяк у Клюшчанах культурную арганізацыю "Хаўрус сваякоў" і сцэнічна-драматычную групу, для якой сам пісаў п'есы. Гэта быў сцэнічны абразок "Праклённае зелле", які пазней быў дапрацаваны і стаў называцца "Янка Канцовы".
Зімой 1915 года пад кіраўніцтвам К. Сваяка ў Клюшчанах пачалі працаваць настаўніцкія курсы. Выпускнікі іх сталі вучыць вясковых дзяцей на роднай мове ў васьмі беларускіх школах, адчыненых на тэрыторыі парафіі. Гэтыя школы існавалі 3-4 гады, да закрыцця іх палякамі.
Актыўная дзейнасць К. Сваяка па беларусізацыі касцёла, яго шырокая культурна-асветніцкая праца была не да спадобы польскім духоўным уладам, якія ў канцы 1916 года перавялі яго на пасаду вікарыя ў Карыцін на Беласточчыне.
На новым месцы дзейнасць паэта была акружана атмасферай недаверу, пагроз і перашкод за стварэнне ў касцёле беларускага хору, прапаганды беларускага адраджэнскага руху. Вясной 1918 года К. Сваяк пакідае Карыцін і едзе на лячэнне ў Закапанэ.
У ліпені 1919 года ён прыязджае ў вёску Лапейніца пад Ваўкавыскам, дзе быў тады пробашчам яго сябра Я. Германовіч (Вінцук Адважны). І тут ён выступае з беларускімі казаннямі ў касцёле, далучаецца да стварэння на вёсках беларускіх школ.
У канцы 1920 года К. Сваяка прызначылі пробашчам у Засвір, дзе ён застаўся да канца свайго жыцця, штогод выязджаючы зімою на лячэнне ў Закапанэ.
Засвірская парафія стала месцам найбольш плённай літаратурнай, грамадскай і рэлігійнай дзейнасці К. Сваяка, негледзячы на пільную "апеку" польскага ўраду.
Стан здароўя паэта пагаршаўся і ён просіць ксяндза А. Станкевіча і брата Альбіна забраць яго з Закапанага і перавезці на бацькаўшчыну, дзе спадзяваўся яшчэ папрацаваць. Аднак 6 мая 1926 года цяжка хворы паэт памёр ў Вільні, дзе і быў пахаваны на могілках Роса.
Свой першы верш "На імяніны майго пробашча" К. Сваяк напісаў 23 кастрычніка 1912 года па-беларуску, а ў 1913 годзе надрукаваў некаторыя творы ў газеце "Беларус". Літаратурны псеўданім ён выбраў - Казімір Сваяк, каб быць бліжэй да свайго народа. З 1913 года імя паэта часта сустракаецца на старонках беларускіх перыядычных выданняў у Вільні. А з 1919 года ён рэгулярна змяшчае ў друку свае вершы, апавяданні, эсэ, гумарэзкі, філасоўскія эцюды, публіцыстычныя артыкулы. Заўважаны былі і яго драматургічныя спробы: "Купалле", п'еса "Янка Канцовы".
Але найбольш поўна і глыбока талент К. Сваяка раскрыўся ў паэзіі. У Вільні ў 1924 годзе выйшаў у свет адзіны прыжыццёвы зборнік яго вершаў "Мая ліра". Гэты зборнік вылучаў паэта ў першы шэраг беларускіх літаратараў 1920-х гадоў. Вершы К. Сваяка пранікнуты высокай духоўнасцю, пошукам "найвышэйшай справядлівасці", патрыятычнымі думкамі і гуманістычнымі ідэямі. Для яго характэрны вершы-медытацыі, вершы са зваротам да Бога, дзе знаходзім яго заветныя думкі.
У паэтычнай спадчыне К. Сваяка дасканалыя ўзоры вершаў-імпрэсій, вершаў ў прозе, балад, апрацовак евангелістычных сюжэтаў. Значным творам мемуарнага жанру стаў філасоўскі дзённік паэта "Дзея маёй мыслі, сэрца і волі", які пабачыў свет пасля смерці К. Сваяка.
На радзіме паэта ў Спондаўскай сельскай бібліятэцы ёсць краязнаўчы куток, прысвечаны славутаму земляку К. Сваяку.
Станіслаў МІХАЛЬЧЫК