Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Па той бок гісторыі

Нездарма яшчэ старажытныя рымляне казалі: "Historia est magistra vitae" (Гісторыя - настаўніца жыцця). Неяк я спытаўся ў польскага калегі-гісторыка, чаму ў сённяшняй Польшчы не меньшае конкурс на гістарычныя факультэты ўніверсітэтаў і куды дзяюцца іх выпускнікі на вольным рынку працоўнай сілы? Калега, трохі падумаўшы, адказаў, што ўніверсітэцкая гістарычная адукацыя дае асобе разуменне і веданне важнейшых заканамернасцяў, прычынаў і матываў дзейнасці людзей і грамадства. Таму, узброеныя гэтым веданнем і разуменнем, выпускнікі гістфакаў добра арыентуюцца ў рэальным жыцці і знаходзяць сабе годнае месца ў самых розных галінах гаспадаркі ад навукі і бізнеса да паліцыі і палітыкі.

Каб навучыць маладых людзей на ўніверсітэцкіх лаўках разумець рэальнае жыццё і добра ў ім арыентавацца, патрэбна, каб іх настаўнікі - прафесійныя гісторыкі, пісалі і выкладалі гісторыю сумленную, адэкватную рэальнаму жыццю. Толькі ў гэтым выпадку гістарычная навука аказваецца ў стане выконваць свае асноўныя функцыі: асветніцкую і выхаваўчую. Толькі сумленная гістарычная навука, незалежная ад жадання існуючай палітычнай улады, можа даць адказы на спрадвечныя чалавечыя пытанні, на якія яна і павінна адказваць: "Хто мы?", "Адкуль прыйшлі?", "Дзе наш шлях?".

На Беларусі сёння з гэтым маюцца сур'ёзныя праблемы. Сённяшнія ўлады спрабуюць вярнуць савецкую сістэму кіравання гісторыкамі і змусіць іх да абслугі ідэалагічных патрэбаў рэжыму. Пад безпрэцэдэнтны па нахабству ўціск з боку Замяталіна і самога Лукашэнкі трапіла галоўная навуковая ўстанова ў краіне - Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. За нежаданне прыслужваць ўладзе звольнены са сваёй пасады ягоны дырэктар Міхал Касцюк - адзіны на Беларусі гісторык-акадэмік непенсійнага ўзросту. На белы свет усё больш вылазіць партыйных гісторыкаў-камуністаў глыбока пенсійнага ўзросту. Яны пішуць, дакладней, перапісваюць савецкія падручнікі для школаў па замове ўладаў, у радыёэфіры і з экранаў тэлевізараў агучваюць усё, што ім загадалі ў адміністрацыі прэзідэнта. Самае сумнае, што сярод гэтых людзей, з палёгкай прасунуўшых шыю ў звыклы ідэалагічны хамут, пачалі з'яўляцца маладыя твары. Яшчэ некалькі гадоў амаль усё гэта былі заядлыя патрыёты Беларусі, пісалі і апавядалі пра слаўную гісторыю краіны, цяпер жа даказваюць спрадвечную нашу сярмяжнасць, адсутнасць дзяржаўных традыцый і адвечнае руска-беларускае братэрства.

Яскравы прыклад у гэтым сэнсе дае "навуковая" дзейнасць галоўнага, паводле пасады, гісторыка на Гарадзеншчыне (дэкан факультэта гісторыі і культуры Гарадзенскага дзяржуніверсітэта) кандыдата гістарычных навук прафесара І.П.Крэня. У сваёй дысертацыі (Борьба профсоюзов Белоруссии за развитие химической промышленности в республике. \1959-1965 гг.\) "даследчык" пісаў, што задача яго працы: "- раскрыть глубоко научный характер курса партии, направленного на ускоренное развитие химической промышленности, как важнейшего условия создания материально-технической базы коммунизма и дальнейшего развития научно-технического прогресса".

Стварыць "базу камунізму" неяк не атрымалася, затое прыйшла незалежнасць Беларусі і ў першай палове 90-х гадоў Іван Платонавіч выступае як прыхільнік беларусізацыі - актыўна працуе ў Камісіі ГрДУ па выкананню Закону аб мовах, піша патрыятычныя тэксты ў розныя выданні. Але прыйшоў Лукашэнка, ідэалагічны вектар зноў памяняўся і сёння І.П.Крэнь, стаўшы дэканам, курыруе БПСМ, пераследуе студэнтаў за ўдзел у беларускіх арга- нізацыях, агітуе за саюз Беларусі з Расіяй (быў старшынёй універ- сітэцкага сходу па гэтаму пытанню). Як неяк сказаў мне сам Іван Платонавіч: "Я пры ўсіх уладах...".

Адрозніць і разпазнаць гісторыкаў-прапагандыстаў можна па некалькіх дастаткова тыповых прыкметах. Яны, як правіла, зараз займаюць розныя пасады, іх навуковыя працы звычайна нікому не вядомыя. Але, самае галоўнае, яны кажуць і пішуць тое, што патрэбна існуючай на сённяшні момант уладзе і заўсёды гатовыя змяніць погляды разам са зменай улады - раней гэта называлася "вагацца разам з лініяй партыі".

Ажыўленне і размнажэнне гісторыкаў-прапагандыстаў прывяло да крызісу гістарычную навуку на Беларусі, найперш, крызісу даверу грамадства да нас і нашых твораў. Гісторыкам перастаюць верыць. Незалежныя гісторыкі не маюць магчымасці свабодна выказваць свае погляды ў дзяржаўных мас-медыа і друкаваць свае навуковыя працы. "Чорныя спісы" непажаданых аўтараў перакрылі нам дарогу ў дзяржаўныя выдавецтвы. Часта ўзнікаюць праблемы на месцы працы. Аўтару гэтых радкоў давялося пераканацца ў гэтым на сваім прыкладзе як выкладчыку Гродзенскага ўніверсітэта. Напрыклад, пасля некалькіх крытычных у адносінах да ўладаў публікацый (у тым ліку ў "БІ") мне адмовілі ў пераводзе з пасады дацэнта на паўстаўкі прафесара, хоць на кафедры гісторыі Беларусі, дзе я працую, іншых дактароў навук няма.

Як рэакцыя на крызіс гістарычнай навукі, прывёўшы да значнага паніжэння яе грамадскага статусу, сярод навукоўцаў праявілася імкненне да стварэння незалежных ад улады аб'яднанняў прафесійных беларускіх гісторыкаў. Іх задача, з аднаго боку, падтрымліваць традыцыі навуковай беларускай гістарыяграфіі, з другога - адмежаванне ад гісторыкаў-калабарантаў. Несумненна, прыйдзе час, калі ўсё стане на сваё месца. Прыклады усіх суседніх (і не толькі суседніх) краінаў сведчаць, што шанец на выжыванне і развіццё мае толькі гістарычная навука, якая адносіцца да гісторыі свайго народу з пачуццём годнасці, а яе працаўнікі - гісторыкі, служаць інтарэсам краіны незалежна ад жадання ці нежадання розных выпадковых правіцеляў. Што датычыцца нашых "калегаў" - т.зв. гісторыкаў-прапагандыстаў, то іх месца яны самыя сабе акрэслілі там, дзе канчаецца навука, а пачынаецца паслужлівасць і прадажнасць. Але гэтае месца знаходзіцца ўжо па той бок гісторыі.

Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук

Назад