Пресс-конференция
Галандцы дбаюць пра здароўе беларускай нацыі
На мінулым тыдні ў Абласным цэнтры здароўя адбылася прэс-канферэнцыя. Яна пачалася з кавы і крэкераў, што для нашай краіны зусім нетыпова. На самой жа справе журналістаў запрасілі, каб расказаць пра супольны беларуска-галандскі праект. Называецца ён "Новыя падыходы да адукацыі ў вобласці прафілактыкі залежнасцяў" і праводзіцца дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця. Удзельнікі - дактары-валеолагі, педагогі, школьнікі, а таксама іх бацькі. Фінансаванне ўзяло на сябе Міністрэрства замежных спраў Нідэрландаў.
Ідэя такога праекту з'явілася ў 1994 годзе. "Мы, прафесіяналы, задумаліся над тым, што робіцца ў нашай краіне для прафілактыкі. У рэшце рэшт прыйшлі да высновы: людзі нават не ведаюць дакладна, што ж такое наркотыкі. Тым больш нас занепакоіў той факт, што Гродна - памежны горад, а ў Польшчы тады гіганцкімі тэмпамі пачаў распаўсюджвацца СНІД," - сказаў нарколаг Аляксандр Канаваленка. Дактары пачалі шукаць краіну, якая мела найбольшы досьвед у вырашэнні гэтых праблемаў. Аказалася, Галандыя ўжо болей за 20 год змагаецца з наркаманіяй.
У рамках праекта спецыялісты выдалі каля 10 дапаможнікаў. Сярод іх кніжкі, якія можна выкарыстоўваць на класных гадзінах - для настаўнікаў. Бацькам - пра раннюю дыягностыку алкагалізму і наркаманіі, каб прасцей распазнаць сімптомы залежнасцяў у дзяцей. Для апошніх таксама ёсць пазнавальныя брашуры, усе артыкулы якіх можна падсумаваць выразам: "Мы расказваем усю праўду пра наркотыкі. Але выбіраеце Вы! Маем надзею, гэта будзе разумны выбар на карысць здароўя". Паводле меркавання навукоўцаў, досьвед замежных краінаў паказвае, што менавіта гэтую стратэгію падтрымлівае моладзь, і яна прыводзіць да канкрэтных вынікаў. А старая тактыка проста забараняць алкаголь і наркотыкі не мае будучыні. У любым выпадку па адной з такіх кніжак атрымае кожная школа горада.Трэба дадаць, што ў працэсе падрыхтоўкі дапаможнікаў нашыя дактары выкарыстоўвалі матэрыялы галандскіх спецыялістаў, адаптаваныя да ўмоваў Беларусі.
Асноўны ўдзел у праекце прыняла школа №6, што на вуліцы Гарнавых. Па словах намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, тут вельмі актуальная прапаганда супраць палення цыгарэтаў. Школа месціцца каля тытунёвай фабрыкі, таму школьнікі практычна кожны дзень удыхаюць пах тытуню. Шмат хто пачынае паліць яшчэ ў шостым класе. Здаровы лад жыцця прапагандуюць так: настаўнікі прыглядаюцца да маладзёнаў, шукаюць тых, хто карыстаецца аўтарытэтам сярод школьнікаў. Педагогі працуюць з гэтымі дзяцьмі, даюць ім спецыялізаваныя дапаможнікі. Пасля вучні пераказваюць атрыманую інфармацыю сябрам і аднакласнікам. Спецыялісты кажуць, што гэта найбольш эфектыўны спосаб давесці яе да моладзі. Тым больш, што цяпер дзеці маюць больш даставерныя звесткі.
Дарэчы, на Захадзе даследванні сярод 10-20-гадовай моладзі паказалі, што наркотыкі пачынаюць каштаваць яшчэ ва ўзросце 12 год. Тут мы "дагналі і перагналі Амерыку": паводле анкетавання, праведзенага ў Гродне, у нас першыя спробы робяць 10-гадовыя дзеці. Праўда, наркотыкі на Беларусі досыць прымітыўныя, вырабляюцца з падручнага матэрыялу - маку. Але апошнім часам з'явіўся і тавар з-за мяжы, які звычайна правозяць разам з сельгаспрадукцыяй. У мінулым годзе, напрыклад, толькі за 7 месяцаў у "наркабізнесоўцаў" забралі 78 кг марыхуаны.
У Гродне, між іншым, няма цэнтра па лячэнню наркаманаў. Толькі за 20 км у вёсцы Белае балота ёсць 10 "коек" для хворых наркаманіяй. Апрача гэтага, аддзяленні створаны ў Навінках і Астроўлі. Справа ў тым, што ахвотных лячыцца вельмі мала. Прыходзяць звычайна хворыя з вельмі занядбанай стадыяй альбо ў перыяд паміж сезонамі, калі мак дастаць вельмі цяжка. На пытанне, ці лечаць у нас залежных ад Інтэрнэту, спадар Канаваленка адказаў: "У Гродне далёка не кожны мае да яго доступ. А калі мы не зробім акцэнта на выратаванні хворых алкагалізмам, дык гадоў праз 50 у нас не будзе каму сядзець у Інтэрнэце".
Беларуска-галандскі праект цягнецца ўжо шосты год, і дактары маюць надзею на ягоны працяг. Хаця праграмы такога кшталту праводзяцца звычайна не больш за год-два. Трэба дадаць, што за кошт ураду Нідэрландаў беларускія наркалагічныя службы атрымоваўюць сучаснае камп'ютэрнае абсталяванне. Ды і памяшканне гродзенскага Цэнтру зусім не нагадвае смярдзючыя савецкія дыспансеры. Тут вельмі ўтульна і зроблены рамонт. Вось, што значыць еўрапейскі падыход.
І.А.
|