Нават не мроіцца рай...
Дзеля ўсяго святога,
Божа, не дай нічога,-
Толькі зратуй мой край.
Ул. Някляеў
Першы радок гэтага верша быў абраны ў якасці назвы для адчыніўшыйся ў Новым Замку на мінулым тыдні выставе мастака Дзмітрыя Іваноўскага. Гэта ўжо трыццаць шостая персанальная выстава нашага земляка. Яго творы былі паказаны і прызнаны ў шэрагу Еўрапейскіх гарадоў - Гамбурзе, Варшаве, Кракаве, Лондане ды інш. Гасцям выставы ў Гродна была прадстаўлена 51 карціна на розныя тэмы - ад партрэтаў ды нацюрмортаў да твораў на рэлігійную і адраджэнскую тэмы. Асабліва ўражваюць гледача творы "Дапамажыце, калі ласка, маей маці!", "Споведзь. Перад крыжам". Як паведаміў нам мастак, творы ў Новым Замку - гэта толькі частка яго твораў, яшчэ каля 50 карцін чакае сваго часу ў майстэрні. Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з гэтым цікавым чалавекам.
- Дзмітрый Пятровіч, з чаго ўсё пачыналася? Як вы сталі мастаком?
- Ну, гэта мара дзяцінства. Мне гэта падабалася, хацелася самому паспрабаваць маляваць. У маей сям'і акрамя мяне было чацьвёра дзяцей, бацькі працавалі ў калгасе і, зразумела, атрымлівалі няшмат грошай. Трэба было зарабляць сабе на жыццё, і я пайшоў вучнем да токара. Гэта праца мне падабалася, бо нават, працуючы за станком, я ўкладваў сваю душу ў тую дэталь, што апрацоўваў. Працаваў да 1992 года, а потым вырашыў - хопіць! Спачатку было цяжка працаваць "на сябе" - мне ніхто не плаціў ЗРАПЛАТУ, колькі заробіш - так і будзеш жыць!
- У вас было шмат выставаў за мяжой, як там ўспрымаюць вашы творы?
- Нармальна, што тут, што там - розніцы няма. Але, на жаль, сучаснае мастцтва - мастацтва для мастакоў. На Захадзе нас яшчэ не падзяляюць на рускіх, беларусаў, украінцаў, для іх усе мы - рускія. За мяжой яшчэ памятаюць тую традыцыйную школу рэалізма, а таму не ўспрымаюць, напрыклад, экспрысіянізм. Гэта, як французы прыдумалі нейкую вопратку, а праз некалькі гадоў мы вязем яе ў Францыю і там паказваем.
- Што вас натхняе на працу?
- Прырода. Божы свет нясе шмат прыгажосці і не трэба выдумляць нешта новае. Я не разумею такіх мастакоў, што так і гавораць: "Я сядаю перад халстом і пачынаю мазаць. І прыходзіць натхненне".
- У вас шмат твораў на тэму адраджэння...
- Гэта тэма вельмі хвалюе мяне. Вось, напрыклад, гэты канфлікт прадпрымальнікаў з уладай. У іншых краінах людзі працуюць на рынках, зарабляюць сяабе на жыццё і добра. А калі яны б ўсе пайшлі да ўладаў за дапамогай для безпрацоўных? Так і ў нас. Зарабляе сабе чалавек на жыццё, і добра. Не чапай яго. Але ў кожным з нас сядзіць гэта псіхалогія раба. І яе трэба змяняць.
- У чым жа выйсце?
- У людзях. Пакуль кожны з нас не адчуе ў сябе чалавека, не знішчыць ў сабе раба, да гэтага часу мы не станем жыць лепш, а хутчэй наадварот.
Дзмітрый ЯГОРАЎ