Гiсторыя
Лейб Найдус - сын гарадзенскай зямлі
У старой, разбуранай частцы Гродна, на беразе рачулкі Гараднічанкі, ёсць невялічкая вуліца імя Лейба Найдуса, якая ў пачатку стагоддзя звалася Пясчанай. Нават не кожны з старажылаў горада адкажа сёння, хто ж гэты чалавек, чыім імем названа вуліца. А між тым гэта імя вядомага ў свеце яўрэйскага паэта, які нарадзіўся, жыў, памёр у нашым горадзе.
Яго называюць "віртуозам яўрэйскай паэзіі". Гавораць, што ў Парыжы, на яўрэйскіх могілках, ёсць помнік, пастаўлены Гродзенскім зямляцтвам, прысвечаны знішчаным у гады гітлераўскай навалы гродзенцам. На цокальнай частцы помніка высечаны барэльеф маладога паэта Л.Найдуса. Праўда, ён памёр не ў другую, а пасля Першай сусветнай вайны. Але былыя гродзенцы яго шануюць, таму што ён увасабляе для іх вечныя каштоўнасці народа. У Варшаве таксама нядаўна па-стаўлены яму помнік. Парадаксальна тое, што выспявала і стваралася тут, на нашай зямлі, успрынята і служыць духоўную службу недзе далёка... А тут, на радзіме паэта, яго творчасць амаль зусім невядомая. Праўда, у 1994 г. некалькі вершаў Найдуса (сярод іх меладычны, як спеў жаўрука, "Сонца і дождж") і ўрыўкі з паэм пераклаў на беларускую о мову Максім Танк. Вось гэты пераклад (публікуецца па рукапісе):
Дождж і сонца, дождж і сонца.
Кроплі ў залатых праменнях
У сваім палёце ззяюць,
Быццам злучаныя іскры.
Дождж і сонца, дождж і сонца.
Аж калышуцца ўсе кветкі
Пад ласкавым цёплым ветрам,
У слязах смяюцца дзеці.
Дождж і сонца, дождж і сонца.
Рэчка ў берагах гайдае,
Звонка кроплі толькі б'юцца,
Іх кругі нясуцца ў далеч.
Дождж і сонца, дождж і сонца.
Адбіваецца на небе
Каляровы мост блакітны,
Шчасця вечнага дарога.
Лейб Найдус, сын Ісаака і Рахілі, нарадзіўся 6 лістапада 1890 г. у Гродне. Гродзенскі край у пачатку XX ст. быў густа населены людзьмі розных нацыянальнасцей, традыцый, перакананняў, культуры, якія перапляталіся, узаемапранікалі. У той жа час кожны з гэтых народаў захоўваў свой спосаб жыцця. Рэальна ж дамінавала тая культура, якую падтрымоўвала ўлада... Вядома, у яўрэйскага насельніцтва, якое тут, "на крэсах", хаця і складала тады вялікі працэнт жыхароў Гродна (у "Памятной книге Гродненской губернии за 1911 год" гаворыцца, што яўрэйскае насельніцтва складала 59,3 працэнта), дзяржаўная абарона была ілюзорнай: у горадзе было мала яўрэйскіх школ, газет, выдавецтваў. Гэта была ціхая, дрымотная правінцыя. Але на яе сацыяльным фоне якраз і разгортваўся паэтычны талент Лейба Найдуса.
Дзяцінства будучага паэта прайшло ў невялікай бацькоўскай сядзібе Кусцін, у трох кіламетрах ад вядомай нам Кузніцы (Беластоцкай). Ён рос сярод добра дагледжаных рукамі дзеда і бацькі, дробных землеўладальнікаў (гэта было сярод яўрэяў рэдкасцю), агародаў, рыбных ставоў, зялёных сенажацяў, лясоў з суніцамі, чарніцамі, дзікімі малінамі. Тут ён спазнаў і адгэтуль панёс у жыццё, у сваю творчасць нейкую вельмі інтымную сувязь з прыродай, тонкае ад-чуванне яе і смутак "аб зялёным каралеўстве Пана". Да дома праз палі і лес вяла дарога, па якой ён неаднойчы прыязджаў у Кусцін.
У доме, вакол якога раслі густыя кусты бэзу, барбарысу (можа, таму і сядзіба звалася Кусцін), пачэснае месца займалі кнігі, піяніна. Бацькі марылі, каб сямёра іх дзяцей, вядома і Лейб, сталі адукаванымі і працавітымі, любілі кнігі, прыроду, музыку, казкі. Бацька Лейба, добразычлівы, інтэлігентны чалавек, вучыў дзяцей паважаць яўрэйскія, беларускія, польскія традыцыі наваколля. І наогул усе жыхары гэтай мясцовасці жылі ў згодзе, сцвярджалі, што яны "тутэйшыя". Іх аб'ядноўвалі праца на зямлі і спецыфічная мясцовая гаворка. Адрознівалі іх храмы - царква, касцёл, сінагога, - куды ішлі гэтыя людзі ў святочныя дні. Трох дачок бацька аддаў у гімназію. Сыноў жа хацеў падрыхтаваць да жыцця практычнага: старэйшы сын застаўся пры бацьку, двух сярэдніх аддалі вучыцца да правізара (у далейшым яны абаранілі ў Пецярбургу дысертацыі па хіміі). Малодшага, Лейба, бацька меркаваў вучыць у камер-цыйным вучылішчы. Таму, скончыўшы ў Гродне пачатковую школу, той паехаў у такое вучылішча ў Радамс. Але купецкая кар'ера не выклікала цікавасці ў Лейба. Таму бацька перавёў яго ў Беластоцкае рэальнае вучылішча. У 1905 г. адтуль яго выключылі за ўдзел у рэвалюцыйным руху, за сацыялістычныя погляды. З Ковенскага вучылішча яго таксама і па той жа прычыне выключылі ў 1907 г. А з 1908 да 1911 г. ён вучыўся ў Віленскай сярэдняй рэальнай школе.
У Вільні Л.Найдус пачаў пісаць вершы на польскай, рускай і яўрэйскай мовах. Пасля вучобы вярнуўся ў Гродна і стаў супрацоўнічаць з яўрэйскімі часопісамі. Рускія вершы Л.Найдуса былі надрукаваны ў часопісе "Полевое панно" і ў іншых рускіх выданнях, якія выходзілі ў Гродне і Вільні. У 1907 г. у варшаўскім часопісе "Романцайтунг" ён надрукаваў свой першы верш на яўрэйскай мове. З той пары свядома пісаў на мове бацькоў, а яго імя часта сустракалася на старонках яўрэйскага друку Вільні і Варшавы. У той час ён знаходзіўся пад уплывам сваёй нарачонай Ніны Табачнік, якая любіла і ведала яўрэйскую літаратуру, але рана памерла, што стала асабістай трагедыяй для паэта.
Першая кніга вершаў Лейба Найдуса "Лірыка" была надрукавана ў 1915 г. у Вільні. У 1918 г. у Гродне выйшла другая кніга яго вершаў - "Флейта Пана". У гэтым жа годзе ён падрыхтаваў да выдання зборнік "Інтымныя песні", але, на жаль, выдалі яго толькі пасля смерці паэта (1919).
Вершы Л.Найдуса былі папулярныя, асабліва сярод моладзі, хаця для правінцыяльнага яўрэйскага вуха яны і здаваліся нязначнымі: новыя тэмы, сучасныя рытмы і рыфмы. Традыцыйнымі тэмамі яўрэйскай літаратуры былі боязь пагромаў, цяжкія пакуты прыгнечаных людзей, густа засяроджаных у рамках так званай мяжы аселасці, асуджаных на жабрацкае існаванне. Яны вечна задавалі пытанне: "Божа! Чаму Ты пакінуў нас?" У вершах жа Найдуса - "захапленне прыродай, цесна знітаванай з чалавекам, меладычнасць, напеўнасць - усё тое, чаго так не хапала яурэйскай літаратуры наогул. "Тут o"-'''o цвіце: узгорак, стаў і нават на каменнях могілак - усё жыве..." Або: "На зо-лата я не змяняю мой стары дом вясковы, лясоў зялёных шум, туман малочны над лугамі і цішыню ставоў..."
Творы Л.Найдуса сатканы менавіта з такіх вобразаў і таму займаюць адметнае месца ў сусветнай яўрэйскай літаратуры. Гэта быў сінтэз традыцыйнага, народнага пачатку і новых пошукаў еўрапейскай літаратуры, рамантызму і чулай уражлівасці яўрэйскага хлопца, чыя псіхіка, светапогляд фармаваліся сярод прыроды, простых людзей Наднямоння.
Вершы Л.Найдуса ўвайшлі ў школьныя падручнікі, іх спявалі ў вучнёўскіх хорах. Паэт імкнуўся данесці да людзей хараство паэзіі, таму ездзіў па мястэчках, сустракаўся з настаўнікамі, яўрэйскай інтэлігенцыяй, выступаў перад імі з дакладамі, знаёміў з сваімі вершамі. Ён адкрываў яўрэям паэтаў свету: пераклаў вершы Бадлера, Верлена, Растана, Мюсэ, Гейнэ, Гётэ, Шэлі, пазнаёміў чытачоў з творчасцю Пушкіна, Лермантава. Смерць перапыніла яго працу над перакладам "Яўгенія Анегіна".
Напружанае жыццё, цяжкая праца душы падарвалі здароўе паэта. Да таго ж ужо не было добра ўладкаванай гаспадаркі ў Кусціне: Першая сусветная вайна прынесла сюды разбурэнні, рабункі. Не стала ні коней, ні кароў, ні хлеба, ні малака з бацькоўскай сядзібы. Упершыню, мабыць, у яго вершах прагучаў жаль, нейкія горкія ноты, калі ён у 1917 г. пабываў у разбураным вайной Кусціне.
Вяртаючыся ў перапоўненым цягніку з выступленняў, Найдус заразіўся дыфтэрыяй, захварэў і 28 снежня 1918 г. памёр у Гродне ва ўзросце ўсяго 28 гадоў. На могілкі яго праводзіў натоўп людзей. У 1923 г. гродзенцы зноў прыйшлі сюды, каб адзначыць пятую гадавіну смерці паэта, адкрыць помнік, які зрабіў вядомы варшаўскі скульптар А.Астжэга. Апушчаныя, надломленыя белыя крылы, якімі прыкрыты твар анёла... Потым у гарадскім тэатры была вечарына ўспамінаў. Са сцэны чыталі вершы Л.Найдуса, хор спяваў яго песні.
У 20-я гады ў Варшаве быў створаны Камітэт і Фонд паэта. Іх стараннямі з'явілася ў Гродне вуліца Найдуса. Галоўнае ж - у 1927-1928 гг. у Варшаве выдадзены пяць тамоў яго паэтычных твораў: "Кніга паэм", "Лірыка", "Літоўскія арабескі", "Свет Парнаса", "Руская паэзія". Як сцвярджаюць вучоныя, словы "Літва" і "літоўскі" Л.Найдус, які ведаў і любіў паэзію А.Міцкевіча, разумеў па-міцкевічаўску - як тэрыторыю былога Вялікага Княства Літоўскага.
Рукапісы, што засталіся пасля смерці, падрыхтавалі да выдання сардэчны сябра паэта А.Зак і сястра Рахіль. На жаль, выдаць іх не змаглі, толькі перадалі ў Яўрэйскі навуковы інстытут (ІWО) у Вільні. Усе яны былі знішчаны, як і сам інстытут, у гады нацысцкай акупацыі.
Амаль усе родзічы Л.Найдуса таксама загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Кусцінская сядзіба была разбурана нямецкай бомбай - на гэты раз канчаткова. Праўда, сёння ў Варшаве жывуць дзве яго пляменніцы: адна - прафесар Польскай Акадэміі навук гісторык Валянціна Найдус, другая - мікрабіёлаг Алена Найдус. Іх дзяцінства таксама прайшло ў Кусціне.
На жаль, трагічны лёс напаткаў гродзенскі помнік паэта. Ён перажыў гітлераўскую акупацыю, але ў 50-я гады могілкі нечакана разбурылі (на іх месцы пабудавалі стадыён "Чырвоны сцяг"). Няма ўжо магілы паэта, які апяваў красу наднёманскай прыроды.
Прыйшоў час. Абудзілася ініцыятыва гродзенскага грамадства, дарэчы, не толькі яўрэйскага. Было створана яўрэйскае культурна-асветніцкае таварыства імя паэта Лейба (Леана) Найдуса. Хацелася б спадзявацца, што пачаўся новы этап жыцця паэта, жыцця на Бацькаўшчыне.
Іна Каршок
|