Удалося даведацца, што ён быў злоўлены ў раёне Гродна напярэдадні першай імперыялістычнай вайны. Прыкладна ў той жа час недалёка ад вёскі Навасёлкі Скідзельскага раёна вылавілі асятра вагой каля 90 кг. Апошні падобны выпадак адбыўся 2 ліпеня 1927 года. Рыбіна важыла 96 кг 400 г і дасягала ў даўжыню 2,67 м. У далейшым асятры ў Нёмане не лавіліся, але ў раку заплывалі. Бачылі іх у 1930-40-х гг. нават у прытоках Нёмана - Віліі і Шчары. Вясной 1949 года пасля вялікай паводкі рыбакі з вёскі Гожа Гродзенскага раёна назіралі, як у плыўную сетку трапіў асётр, але хутка разарваў путы і пайшоў. У 1952 годзе рыбакам з вёскі Беражаны Карэліцкага раёна недалёка ад вёскі Сіняўкі трапілася ў невад рыба каля 2 метраў даўжынёй, парвала яго і знікла. Такую рыбіну яны ніколі не бачылі і не ведалі яе назвы, але сярод малюнкаў прадстаўнікоў іхтыяфаўны ўказалі на асятра. Гэта была апошняя "сустрэча" з асятром на Нёмане.
Увогуле балтыйскі асётр (менавіта пра яго ішла гаворка вышэй) дасягае даўжыні 3-х метраў і важыць 200 і больш кілаграмаў. Гэта тыпова прахадная рыба, якая трапляе ў рэкі толькі для нераставання. Увогуле ён стаў вельмі рэдкім і ў самім Балтыскім моры і амаль знік з рэк Заходняй Еўропы.
У водных артэрыях нашай рэспублікі трапляўся яшчэ адзін прадстаўнік асятроў - асётр рускі. Напрыканцы мінулага стагоддзя ён у значнай колькасці ўваходзіў з Чорнага мора ў Днепр на нераставанне, бачылі яго часам у Прыпяці, Сожы, Беразіне. Падымаўся ён да Магілёва і Дарагабужа. Апошнія дадзеныя аб вылоўліванні асятроў у Дняпры ў межах Беларусі сустракаюцца да 20-х гадоў нашага стагоддзя. У 1920 годзе ля Жлобіна быў злоўлены асётр вагой у 34 кілаграмы, а ў 1927 ля Быхава ў невад трапіў 50-кілаграмовы.
Прычынай знікнення асятроў на Беларусі могуць быць і невялікія паводкі, але ў большай ступені - будаўніцтва на рэках буйных водасховішчаў, гідраэлектрастанцый, у прыватнасці Днепрагэса. Тады і сталі плаціны на шляху асятроў да месцаў нераставання. Тым не менш, існуе магчымасць вярнуць асятроў у беларускія рэкі. Маю на ўвазе развядзенне ў цеплаводных азёрах гэтых каштоўных відаў рыб.
Ю.ШАСТАК