Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Пахвальнае слова жаноцкасці

Свята 8 Сакавіка... Ужо не першы год мы адзначаем яго без статусу міжнароднага, без ідэалагічных заклікаў і гістарычных спасылак. Зараз гэта - проста Дзень жанчын: нашых маці, жонак, сясцёр, сябровак. I адначасова - свята вясны. Мы адзначаем яе пачатак як вызваленне ад зімовай няўпэўненасці і трывогі. Святкуем надзею - на цеплыню і дабрыню, на лепшае жыццё. І спадзяёмся на каханне, без якога не абыходзіцца ні адна вясна.

Не так многа свят засталося цяпер у нашым жыцці. Чаму ж тады ўшаноўваем жанчын толькі раз у год, прыраўняўшы іх да аўтамабілістаў, хімікаў, геолагаў? Ці не таму, што ўсе яшчэ па інэрцыі працягваем думаць, што жанчыну ўпрыгожвае толькі натхнёная праца? У свой час, устанаўліваючы рэкорды па ліццю чыгуну і пракату сталі на душу насельніцтва, мы ўстанавілі і такі рэкорд: узровень жаночай занятасці перавысіў усе дапушчальныя нормы. Цяпер 92 працэнты жанчын працуюць па-за домам, тады як падлічана, што для падтрымання нармальнага дэмаграфічнага ўзроўню павінна быць вызвалена ад вытворчасці як мінімум 15 працэнтаў жанчын.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Статыстыкі падлічылі: у час "хатняй змены" жанчына штодзённа праходзіць пешшу 15-20 кіламетраў. У дзень яна ажыццяўляе каля 50 розных аперацый. Мыццё акон патрабуе больш сіл, чым ваджэнне таксі, а прасаванне бялізны - столькі ж, як і праца муляра. Пры гэтым сярэднестатыстычная жанчына траціць на адпачынак толькі 1 гадзіну 20 хвілін у суткі. Як кажуць, тут ужо не да лірыкі. Ці не таму пра жаноцкасць, прываблівасць, пяшчоту мы ўспамінаем часцей за ўсё толькі да пэўнай каляндарнай даты? Шкада. "Пры самым строгім захаванні раўнапраўя нам патрэбен культ жаночай чароўнасці", - пісаў Сяльвінскі. Так, менавіта культ. І ў першую чаргу ён патрэбен мужчынам, аб фемінізацыі якіх цяпер шмат размоў. Патрэбен ён і кожнай жанчыне, бо без гэтага яна проста губляе сваю жаноцкасць.

На жаль, яе застаецца ўсё менш. Малавата застаецца і імкнення да прыгажосці, пяшчоты, дабрыні. А гэта ж - класічная мерка чалавечых дабрадзейнасцей, якім жыць вечна. Чаму так атрымліваецца? І ці маем мы права бясстрасна фіксаваць гэта: маўляу, такі час на двары... Упэўнены, нягледзячы на даволі складаны час, на шматлікія праблемы, бясконцыя клопаты, недахоп жаноцкасці трэба ўспрымаць як адхіленне ад нормы.

3 дзіцячага садка, праз школу, інстытут, працоўны калектыў мы навучыліся гаварыць аб тым, што яднае мужчыну і жанчыну. Ці не настала пара гэтак жа горача гаварыць і аб тым, што адрознівае іх? Каб пяцігадовы чалавек, які ўпершыню вывучыў верш "Мамы всякие нужны", адначасова засвоіў і звычку прапускаць сваю (і чужую!) маму наперад. Каб у школе дзяўчынак выхоўвалі дзяўчынкамі, а хлопчыкаў - хлопчыкамі, а не проста навучэнцамі. Каб існавалі толькі мужчынскія віды спорту, бо, калі глядзіш на асоб нейкага сярэдняга полу, што баксіруюць на манежы ці ганяюць мяч на футбольным полі, становіцца няёмка і сорамна за жанчын.

Быць чалавекам - гэта многа, але быць жанчынай - яшчэ больш. Словы гэтыя сказаў, дарэчы, мужчына. Нагадаем: мужчына будуе дом. Ад яго майстэрства, ад паўнаты сэрца залежыць трываласць дома, яго прыгажосць, здароўе. Аднак усё тое, што ўнутры дома - утульнасць, цеплыня, шчасце - гэта ад жанчыны. Будзем шанаваць і кахаць жанчын, каб не прыйшлося, неўзабаве, заносіць у слоўнікі слова "жаноцкасць" як архаізм.

Ю.ШАСТАК

Назад