Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Беларусы на Каўказе

На пачатку XX ст. Каўказ знаходзіўся ў полі зроку розных дзяржаў свету. Гэты рэгіён прыцягваў увагу сваімі карыснымі выкапнямі, магчымасцямі іх эксплуатацыі, а таксама лёгкасцю за кароткі тэрмін зрабіць кар'еру. Там павялічвалі свой капітал самыя багатыя людзі свету, у тым ліку браты Нобелі, сям'я Ротшыльдаў. Там знаходзілі працу беднякі Расійскай імперыі.

Аблічча рэгіёна змянялася хуткімі тэмпамі. Яшчэ да Першай сусветнай вайны на Каўказе процістаялі адзін аднаму феадальна-патрыярхальны і капіталістычны ўклады. Усюды існымі былі так званыя цывілізацыйныя шумы. Пашыралася нават такая думка, што за адзін дзень тут можна стаць мільярдэрам або страціць набытак усяго жыцця, і нават само жыццё.

Сярод такога наплыву людзей значным быў удзел беларусаў. Напярэдадні Першай сусветнай вайны колькасць выхадцаў з Беларусі дасягала тут 10 тысяч чалавек. Групаваліся яны пераважна ў гарадскіх цэнтрах - Баку, Грозным, Тбілісі, у асноўным працавалі на пераапрацоўчых прадпрыемствах, будаўніцтве, у рамесніцтве і іншых галінах гаспадаркі. Значную частку сярод эмігрантаў складала інтэлігенцыя. Часта гэта былі выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, якіх накіроўвалі сюды на працу. Распачаўшы яе, яны ўжо не хацелі пакідаць гэты рэгіён; кіраваліся прытым рознымі інтарэсамі, у тым ліку і шырокімі магчымасцямі прафесійнага самавыражэння, і адноснай свабодай дзеянняў, і наяўнасцю ўмоў добра падзарабіць.

Вынікі дзейнасці інжынераў, урачоў, настаўнікаў, якія паходзілі з Беларусі, часта мелі рашаючае значэнне ў развіцці цывілізацыі рэгіёна. У XIX ст. слаўную старонку ў гэты летапіс упісаў Юзаф Ходзька (1800-1881). Геадэзіст і тапограф па прафесіі, у час даследавання тэрыторыі Каўказа ён выкарыстаў метад трыангуляцыйных вымярэнняў. У 1850 г. упершыню ў свеце пакарыў пік гары Арарат. Зробленыя ім эскізы і карты не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Дарэчы, у 20-я гады, яшчэ да паездкі на Каўказ, ён праводзіў трыангуляцыйныя вымярэнні таксама ў Гродзенскай і Мінскай губернях.

Падобную ролю ў развіцці цывілізацыі Каўказа адыграў і яго брат Аляксандр Ходзька (1804-1891). Па спецыяльнасці ён быў усходазнаўцам і славістам. Займаючыся ў 1830 г. дыпламатычнай дзейнасцю ў Персіі, вывучаў азербайджанскі фальклор. Крыху пазней апублікаваў кнігу народнай паэзіі. Яго даследаванні садзейнічалі распаўсюджанню арыентальнага фальклору ў Заходняй Еўропе. Менавіта яму належыць першынство ў галіне сістэматызацыі і папулярызацыі каўказскага фальклору.

У XIX ст. шмат прадстаўнікоў Беларусі былі сасланы на Каўказ. Яны адбывалі вайсковую службу амаль ва ўсіх кутках гэтай зямлі. Многія беларусы загінулі ў час ваенных дзеянняў. Некаторыя з іх праявілі сябе як творчыя людзі. Напрыклад - Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1813-1847). Паходзіў ён з Віцебшчыны. За літаратурную дзейнасць быў асуджаны на 24 гады катаргі, якую павінен быў адбываць радавым салдатам на Каўказе. У час службы давялося яму пабываць у розных населеных пунктах. Яго літаратурны талент зацікавіў перадавую каўказскую інтэлігенцыю, сярод якой неабходна назваць Абаса Кулі Ага Бакіханава (азербайджанца), Біртвіловіча Туманішвілі, Мелітановіча Брацішвілі (грузін). Яны змаглі ацаніць талент і здольнасці высланніка. Бакіханаў нават даверыў яму пераклад сваёй фундаментальнай працы "Гісторыя ўсходняй часткі Закаўказскага краю". А Туманішвілі прадставіў яму матэрыялы для напісання нататак на грузінскай літаратуры. Ён жа пераклаў на грузінскую мову "Алазанскую даліну" Заблоцкага. Праз дзесяць гадоў з паэта было знята пакаранне. Але ў Віцебск ён не вярнуўся - узначаліў Упраўленне па здабычы солі ў Кульцах (Арменія). А праз два гады памёр ад халеры.

Многія беларусы эмігравалі на Каўказ у канцы XIX ст., кіруючыся ў асноўным эканамічнымі інтарэсамі. Яны ўнеслі значны ўклад у розныя сферы эканамічнага жыцця гэтага рэгіёна, хоць пераважная частка іх была некваліфікаванай ці нізкакваліфікаванай. Але былі сярод іх і адукаваныя людзі - такія, як геолаг Карл Багдановіч (1864-1947). Ён таксама паходзіў з Віцебшчыны. Выпускнік Пецярбургскага горнага інстытута, у 90-я гады быў накіраваны на Каўказ для правядзення геолагаразведачных даследаванняў паўднёва-ўсходняй часткі галоўнага Каўказскага хрыбта. У час працы ім быў сабраны багаты матэрыял для дысертацыі "Два разрэзы галоўнага хрыбта Каўказа". Гэтае даследаванне з'яўляецца актуальным і сёння як аснова для вывучэння стратыфікацыі і тэктонікі паўночна-ўсходняга Каўказа. Багдановіч быў прафесарам Пецярбургскага горнага інстытута. Свае тэрытарыяльныя даследаванні на Каўказе праводзіў аж да пачатку Першай сусветнай вайны. Галоўнай мэтай яго дзейнасці былі пошукі залежаў нафты. Пасля вайны пераехаў у Польшчу, дзе шмат гадоў узначальваў службу краёвай геалогіі. Ім напісаны больш 200 навуковых трактатаў і даследаванняў. Многія з іх мелі наватарскі характар.

Кліматычныя ўмовы Каўказа даследаваў Ота Чачот( 1853-1924). Урач па адукацыі, амаль на працягу 20 гадоў ён займаўся практычнай медыцынай у раёне Каўказскіх мінеральных водаў. Жывучы ў Пяцігорску, побач з чыста медыцынскай дзейнасцю вёў геаграфічна-прыродазнаўчыя даследаванні. Звярнуў увагу на тое, які ўплыў аказвае клімат на вынікі лячэння псіхічна-неўралагічных захворванняў. У яго арсенале было некалькі навуковых прац, прысвечаных кліматычным умовам рэгіёна. Чачот быў ініцыятарам стварэння "сцежкі здароўя" на пік Бештаў. Гэтая сцежка была названа яго імем.

Заваяваў вялікі давер сярод каўказскіх народаў і Стафан Сцяпура. Гэта быў адзін з заснавальнікаў Таварыства каўказскіх урачоў. Акрамя чыста медыцынскай дзейнасці ён займаўся антрапалагічнымі даследваннямі. Вёў навуковую працу на адных з найстарэйшых могілак Каўказа - Самтаўрскім некропалі.

У абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў вялікую ролю адыграў гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934). Сваю адданасць Беларусі, яе гісторыі і культуры ён праявіў яшчэ ў юнацкія гады. Будучы студэнтам, заўважыў, што беларусы паводзяць сябе надзвычай інертна ў сэнсе нацыянальнай палітыкі. Вучоны быў актыўным абаронцам культурнага і нацыянальнага адраджэння беларускага народа. Праз усе гады жыцця ён заставаўся верным гэтай ідэі. Будучы прафесарам гісторыі і працуючы ў розных навучальных установах, ён даследаваў і папулярызаваў беларусазнаўства. Рэвалюцыйныя падзеі закінулі яго ў Азербайджан. І там ён далучыўся да актыўнага акадэмічнага жыцця. За кароткі перыяд заваяваў павагу сярод новага калектыву. Яму даверылі пасаду прарэктара Бакінскага універсітэта. Яго дзейнасць мела выключнае значэнне для змен у дадзеным рэгіёне.

Значнае месца ў цывілізацыйнай дзейнасці на Каўказе займае таленавіты вучоны-гідраэнергетык Юзаф Есьман (1868-1955). Ён нарадзіўся ў Вілейцы, дзяцінства і юнацкія гады правёў у Мінску, вышэйшую адукацыю атрымаў у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Працуючы выкладчыкам у Пецярбургскім політэхнічным інстытуце, праявіў сябе як высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне гідраўлікі і гідраэнергетыкі. Паралельна з навуковай работай займаўся практычнай рэалізацыяй даследаванняў. На Каўказ трапіў у Першую сусветную вайну. Працаваў на кіруючых пасадах у час будаўніцтва Тбіліскай гідраэлектрастанцыі. Там ён вырашыў назаўсёды звязаць свой лёс з Каўказам. Пазней пераехаў ва Уладзікаўказ, дзе арганізаваў політэхнічны інстытут і адначасова кіраваў Народным камісарыятам па пытаннях працы і прамысловасці.

У 1922 г. Есьмана накіравалі ў Баку, каб арганізаваць Азербайджанскі політэхнічны інстытут. Да 1929 г. ён выконваў функцыі яго рэктара. Тут праявіліся яго здольнасці як надзвычай творчага чалавека, актыўнага грамадскага і палітычнага дзеяча. Акрамя прафесійных абавязкаў займаўся грамадскай работай: з'яўляўся старшынёй Азербайджанскага тэхнічнага таварыства, кансультантам па гідраўліцы і гідраэнергетыцы, удзельнічаў у распрацоўцы важных праблем развіцця перапрацоўчай прамысловасці, паралельна вёў заняткі ў некалькіх навучальных установах Азербайджана, Грузіі і іншых рэспублік. У 1925 г. арганізаваў у Тбіліскім політэхнічным інстытуце кафедру гідраўлікі і гідраўлічнага будаўніцтва. Быў ініцыятарам стварэння ў Тбілісі Закаўказскага інстытута санітарнай тэхнікі. У 1928-1932 гг. старшыня Закаўказскага Савета па пытаннях водных рэсурсаў. Есьман быў адказным за прыняцце найважнейшых рашэнняў у ірыгацыйных праблемах і выкарыстанні водных рэсурсаў у Закаўказзі. Праявіў сябе як добры спецыяліст у галіне будаўніцтва электрастанцый і вытворчасці гідраўлічнага абсталявання. 3 1922 г. прымаў удзел у будаўніцтве амаль усіх электрастанцый і важнейшых трубаправодаў на Каўказе, кантраляваў будаўніцтва перапрацоўчых заводаў.

Вялікі ўклад Есьман унёс ў развіццё навукі. Ён быў адным з заснавальнікаў Азербайджанскай Акадэміі навук і Грузінскай Акадэміі навук. Навуковая спадчына Есьмана складае больш 130 манаграфій і навуковых прац. Яны ў асноўным прысвечаны праблемам гідрамеханікі і энергетыкі, былі высока ацэнены спецыялістамі. Яго падручнік Гідраўліка" перавыдаваўся дзесяць разоў. У 1938 г. яго выбралі сапраўдным членам (акадэмікам) АН СССР.

Працуючы ў Азербайджане, Есьман падкрэсліваў сваю сувязь з Беларуссю. Ахвотна наведваў Бацькаўшчыну. У сваім асяроддзі ці ў час кантактаў са знаёмымі беларусамі карыстаўся беларускай мовай.

У галіне гуманітарных навук значны след пакінуў Аляксандр Макавельскі (1884-1969). Нарадзіўся ён у Гродне, там правёў дзіцячыя і школьныя гады. Вучыўся ў Казанскім універсітэце на гістарычным факультэце. Закончыўшы яго на выдатна, застаўся ў ім працаваць. Гэта быў здольны і працалюбівы чалавек. Цікавіўся старажытнай філасофіяй. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, у перыяд грамадска-палітычных перамен Макавельскі пераехаў у Баку. У 1920 г. атрымаў званне прафесара Бакінскага універсітэта. Адначасова працаваў у некалькіх навучальных установах, у заснаванні якіх браў актыўны ўдзел. Перад ім стаяла важная арганізацыйная і дыдактычная задача - правядзенне заняткаў па псіхалогіі. Гэта быў новы накірунак у адукацыі мусульманскай моладзі.

Як "выкладчык Макавельскі чытаў наступныя дысцыпліны: гісторыю філасофіі, гісторыю грамадска-палітычных навук, логіку, эстэтыку, педагогіку. Надзвычай папулярнымі былі яго лекцыі па дыдактыцы сярод студэнтаў і прадстаўнікоў розных прафесійных і грамадскіх калектываў. Гэта быў надзвычай творчы чалавек. Шмат займаўся старажытнай філасофіяй. Апублікаваў многа каштоўных і цікавых кніг па філасофіі. Асноўнае месца ў яго навуковай спадчыне займае гісторыя грамадска-палітычнай думкі Азербайджана, творчасць вядомага дзеяча XII ст. Г.Нізамі (1141-1203). Важным навуковым дасягненнем Макавельскага з'явілася даследаванне "Авесты" - старажытнага помніка культуры і філасофіі Усходу.

Шмат увагі вучоны надаваў праблемам падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам атрымалі навуковыя званні на працягу 1940-1965 гг. многія азербайджанскія гуманітарыі, пісалі свае навуковыя працы педагогі, філосафы, псіхолагі з усіх куткоў Каўказа, рэспублік Сярэдняй Азіі і іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза.

У 1946 г. Макавельскі быў абраны членам-карэспандэнтам АН СССР. Стаў першым акадэмікам Азербайджана ў галіне гуманітарных навук. У 1949 г. яго выбралі правадзейным членам АН Азербайджана. Макавельскі толькі ў сямідзесяцішасцігадовым узросце адышоў на пенсію. Апошнія гады яго жыцця былі вельмі цяжкімі, бо ён страціў зрок. Яго навуковая праца залежала ад жонкі і дачкі, якія знаёмілі яго з навуковымі навінкамі, запісвалі думкі. Ён надалей падтрымліваў кантакты з Бацькаўшчынай, з замілаваннем успамінаў гады, праведзеныя ў Гродне.

Вакол вядомых вучоных і грамадскіх дзеячаў часта групаваліся іншыя беларусы. Шмат іх было сярод выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, асабліва ў Азербайджанскім універсітэце, а таксама ў дзяржаўных установах і войску. Значны ўплыў аказалі беларусы на фармаванне еўрапейскага аблічча Каўказа. Асабліва гэта заўважальна ў галіне матэрыяльнай і духоўнай культуры. Пры іх пасрэдніцтве сюды пранікалі лепшыя ўзоры грамадска-палітычных адносін і паводзін. Несумненна вялікім у гэтым сэнсе быў аўтарытэт вучоных і іншых вядомых дзеячаў, але такі працэс ішоў таксама і знізу. Вялікім даверам карысталіся на Каўказе ўраджэнцы Віцебска, Мінска, Гродна, а таксама іншых месц Беларусі. Іх цанілі за шчырасць, добразычлівасць, бескарысную дапамогу іншым, цалкам прымаліся іх традыцыі, а таксама беларуская кухня. Беларусаў часта там успрымалі як носьбітаў пераходных каштоўнасцей, якія ўтрымлівалі ў сабе элементы заходнееўрапейскай і ўсходнееўрапейскай цывілізацый. Беларусь у той час успрымалася як мост, які меў стратэгічнае значэнне.

Падсумоўваючы сказанае, мы яшчэ раз падкрэслім, што беларусы ўнеслі значны ўклад у развіццё цывілізацыі на Каўказе ў XIX і XX стст. Яны рэфармавалі яго гаспадарку па еўрапейскіх узорах, будавалі новыя грамадска-палітычныя адносіны. Неабходна адзначыць, што прафесіянальная і грамадская актыўнасць не былі самамэтай для беларусаў. Прыехалі яны туды як палітычныя выгнаннікі або ў пошуках працы ці ўмоў для самарэалізацыі. Нягледзячы на тое, што беларусы адразу далучаліся да бурнага грамадскага і прафесійнага жыцця на Каўказе, прысвяцілі яму свой талент і здольнасці, яны не забывалі пра сваю радзіму.

Анджэй Хадубскі (Гданьск)

Пераклала з польскай мовы Ганна Цішук.

«Беларусіка»

Назад