Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

БЕЛАРУСКАЯ РЭКЛАМА ПЛАЧА ЦIХЕНЬКА Ў КУТКУ

Альбо што ўяўляе сабой візуальная рэклама (шыльды) на гродзенскіх вуліцах

«Трэба адрадзiць старыя назвы»

Алесь Ступень, сябар Саюза мастакоў

Нашая рэклама сёння, па-першае, не мае логікі ды закончанасці. Другое. Яна з'яўляецца рускамоўнай альбо дзвюхмоўнай. Да таго ж, тут пануе амерыканскі, а не еўрапейскі накірунак. А гэта значыць, што рэкламныя шыльды робяцца з нетрывалых матэрыялаў. Думаю, менавіта гродзенская рэклама павінна мець сувязь з гісторыяй. Мне асабіста вельмі падабаюцца назвы крамаў "Баторыя" і "Мілавіца", хаця шыльда апошняй захіляе архітэктурныя элементы будынку. А "Эрмітаж" і да таго падобныя лічу ўвогуле непрыймальнымі. Някепска было б адрадзіць старыя назвы накшталт "Раскошы".

«У гродзенскай рэкламы ёсць будучыня»

Святлана Жамойціна, загадчыца аддзела рэкламы Праектнага бюро Упраўлення архітэктурай і горадабудаўніцтва гарвыканкама

Гродна мае будучыню. Гэта горад турызму, маленькіх крамак і кавярняў. Да гэтага прывязана рэклама. Зараз у нас існуе каля 15 рэкламных агенцтваў. Аднак, на жаль, не ўсе, хто працуе там, - даравітыя прафесіяналы. Таму ўзровень рэкламы не надта высокі. Шэдэўраў у нас няма. Але гэтыя людзі не вінаватыя, яны стараюцца, працуюць, як могуць. Зараз часам нават рэкламныя шыльды выглядаюць лепей за будынкі крамаў, на якіх вісяць. А так званыя рэкламныя шалашы лічу непрыймальнымі. У нашым горадзе з вузенькімі вулачкамі з-за іх проста не хапае месца.

Думаю, можна было б стварыць спецыяльны рэкламны аддзел пры Саюзе мастакоў. Аднак самі яны ініцыятывы не праяўляюць, бо чакаюць заказчыкаў з грашыма. Калі сапраўды ўзяцца за справу, можна стварыць уласны гарадскі стыль. Ад кожнай крамы патрабаваць індывідуальны мастацкі падыход да афармлення. Як, напрыклад, у нямецкім Дзюсельдорфе, дзе да кожнага кутка горада прыкладзеныя рукі мастака. Там на вуліцы з багатымі крамамі знакамітых мадэльераў няма вялізных пластыкавых шыльдаў, якія паведамляюць, што гэта буцік Шанэль. Усё зроблена эстэтна, ненавязліва. Напрыклад, назва крамы ўкроплена ў каменную сцяну залатымі літарамі.

Праўда, у нашых бізнэсоўцаў часам не хапае грошай нават на тое, каб заплаціць падаткі альбо зрабіць рамонт у самой краме. Ужо не кажучы аб рэкламе. Дарэчы, гарвыканкам прыняў праграму са 156 пунктаў адносна паляпшэння выгляду шыльдаў. Мы даем фірмам спіс нашых рэкламных агенцтваў, дапамагаем зрабіць эскізы. Праграму трэба выканаць да пачатку фестываля нацыянальных культур, які ўжо трэці раз будзе праводзіцца ў нашым горадзе.

МЯне шакiруе «Эрмiтаж»

Алена Пілічава, загадчыца галерэяў «Раскоша» і «У майстра»

Вядома, што культура пачынаецца з мовы, а нашыя людзі роднай мовай абсалютна не валодаюць. Тое ж бачым і ў беларускай рэкламе, якая, да таго ж, па сутнасці не мае аніякай унутранай канцэпцыі. Што тычыцца гродзенскіх шыльдаў, дык найбольш удалымі я лічу "Хлеб" на Кірава, а таксама "Мілавіцу". Шчыра кажучы, шакіруюць "Эрмітаж", "Сім-сім", "Тапаз". Якія пажаданні? - Рэкламныя "шалашы".

«Адразу уражвае занядбанасць…»

Уладзімір Панцялееў, скульптар

Калі прыязджаеш з-за мяжы, звычайна два-тры дні не выходзіш з кватэры. Калі з'яўляешся на вуліцах горада, адразу ўражвае занядбанасць. Бруд, смецце, так што пра рэкламу ўжо нават і не думаеш. А прыклад для пераймання не за гарамі - гэта Вільня. Што тычыцца рэкламных шыльдаў, дык іх трэба рабіць з добрых матэрыялаў - каменю, дрэва, металу - і грунтоўна. Мне падабалася, калі пачалі з’яўляцца так званыя выкалаткі, як на кнігарні "Раніца". Розныя каваныя штукі адпавядаюць архітэктурнаму асяроддзю горада. Але іх мала. Той мастацкі патэнцыял, які мы маем, не выкарыстоўваецца. Няма творчага парыву. Цяжкі час зараз, кажуць. Але простым ён, здаецца, ніколі не быў, колькі сябе памятаю.

Трэба дадаць, што ў нашай скульптуры няма дэкаратыўнай традыцыі. У савецкія часы рабілі манументальныя рэчы. Сквер. Плот бетонны. Ды й увогуле, у нас марафет наводзіцца часова і з нагоды якой-небудзь падзеі. Нам далёка да Захада. Бо там яны стварылі такую атмасферу, што гадзіць проста не хочацца.

«Пластыкавыя шыльды на фоне старога горада - як пластмасавыя завушнiцы на фоне сярэднявечнай сукенкi»

Юрась Мацко, каваль

Я не касмапаліт. Ганаруся, што я - гродзенец. Таму мне вельмі прыкра, што нашая рэклама не мае свайго нацыянальнага адцення і мясцовага каларыту. Гэта праяўляецца не толькі ў мове, але і ў назвах. Увогуле, стан гродзенскай візуальнай рэкламы можна акрэсліць, як незадавальняючы. Фірмы не маюць грошай, каб запрасіць спецыялістаў і зрабіць эстэтычна-прафесійную рэкламу. З гэтай прычыны маем танна апрацаваныя шыльды з дарагога пластыку, якія выглядаюць на фоне старога гораду, як пластмасавыя турэцкія завушніцы на фоне сярэднявечнай сукенкі. Да гістарычнага цэнтра павінен існаваць своеасаблівы падыход. Можна выкарыстоўваць дрэва, кавальства, шкло, кераміку. Пластыкавыя рэкламныя элементы павінны быць вынесеныя за ягоныя межы.

«… На узроунi сценгазет»

Рол Жамойцін, архітэктар

У нас рэкламы не існуе. Шыльды, зробленыя непрафесіяналамі на камп'ютэрах, выглядаюць на ўзроўні сценгазет. Няма ў нас добра аформленых вітрын. Я заўважыў, што на Захадзе менавіта вітрына робіць справу. Яны выстаўляюць туды ўсё, што знайшлі ў бабулі на падстрэшшы - збанкі, цялежкі. І гэта глядзіцца. У нас жа шыльды зусім не адпавядаюць атмасферы горада. Звычайна існуе нейкі горад нейкага часу. Пад яго і трэба падганяць шыльды. Чаму склалася такая сітуацыя? Прычыны, па-мойму, гістарычныя. У нас заўсёды пастаноўку кадраў праводзіла сяло. Гэтыя людзі, прыязджаючы ў горад, прывозілі з сабою сваю культуру. Інтэлігенцыя ў нас рэдка займала кіруючыя пасады. Так што ніякага выйсця тут я не бачу. Нешта будзе паляпшацца толькі з ростам адукаванасці ды матэрыяльнай забяспечанасці гараджанаў. Бо людзі, якія ствараюць знешні выгляд горада, павінны аплочвацца. Гэта ж натуральна.

Распытвала Інга Астрауцова

Назад