- Сямён Мікалаевіч, на ваш погляд, такое запрашэнне з шведскага боку, чым было выклікана?
- Урад Швецыі па-сапраўднаму занепакоены тым, што адбываецца ў Беларусі. З тым, каб больш дакладна праясніць сітуацыю ў нашай краіне, а таксама паслухаць нашы прапановы наконт шляхоў узаемадзеяння паміж беларускай апазіцыяй і ўрадам Швецыі, з тым, каб больш эфектыўна будаваць знешнія адносіны з Беларуссю, нас і запрасілі. Менавіта таму наша дэлегацыя была такой прадстаўнічай: А.Саннікаў - каардынатар "Хартыі 97", В.Вячорка - лідэр партыі БНФ, В.Івашкевіч - намеснік старшыні канфедэрацыі Незалежных прафсаюзаў, Ж.Літвіна - кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў, А.Лябедзька - намеснік старшыні ВС, А.Кароль - намеснік старшыні БСДГ "Народная Грамада" і я - як член Прэзідыўма ВС і старшыня каардынацыйнага камітэта "Гродзенская ініцыятыва".
- Беларускае тэлебачанне паспяшалася з'едліва назваць вашу паездку "чарговым ваяжом апазіцыі", прычым, невядома да каго. А, як высветлілася, вас прымалі на высокім узроўні?
- Першая сустрэча ў нас адбылася з міністрам замежных спраў, спадарыняй Ліндх. Цікава, што адразу пасля гэтага была праведзена прэс-канферэнцыя на якой спадарыня Ліндх, адказваючы на пытанне расійскага журналіста, якое тычылася стаўлення шведскага ўрада да Саюза Беларусі і Расіі, заявіла, што шведскі ўрад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з Беларуссю, аднак відавочным становіцца і тое, што ў Беларусі ярка акрэсліваюцца рысы не прававой, не дэмакратычнай дзяржавы. Таму ўрад Швецыі будзе падтрымліваць цесныя адносіны з дэмакратычнай апазіцыяй. Што тычыцца Саюза, то шведскі ўрад дастаткова насцярожана ставіцца да гэтага новаўтварэння, асабліва пасля апошніх выказванняў расійскіх і беларускіх лідэраў наконт супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. Спадарыня Ліндх таксама заявіла, што яна выйдзе са спецыяльнымі прапановамі ва ўрад Швецыі з тым, каб былі выдзелены сродкі на аказанне падтрымкі дэмакратычным сілам Беларусі.
- Але ж у Мінску няма нават шведскага пасольства?
- Сапраўды, у Швецыі існуе беларускае пасольства, а ў нас дагэтуль няма. Мы выказалі ўраду Швецыі на гэты конт свае меркаванні: на нашу думку, было б вельмі мэтазгодна адкрыць пасольства Швецыі ў Мінску. Нас выслухалі з разуменнем і, думаю, што гэта думка знойдзе падтрымку.
- Акрамя афіцыйных сустрэч у вас былі спатканні і з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, якія, дарэчы, аказваюць рэальную дапамогу недзяржаўным арганізацыям у Беларусі.
- Нас прымалі ў Шведскім міжнародным агенцтве развіцця і супрацоўніцтва. Мы выслухалі іх магчымасці, накірункі дзейнасці, разам абмеркавалі магчымыя сумесныя праграмы, якія плануецца здзейсніць на Беларусі. Пасля гэтага былі сустрэчы ў партыях. Кожны прадстаўнік з беларускай партыі меў сустрэчы са сваімі шведскімі калегамі ў іх офісах. Акрамя гэтага, адбылася сустрэча з віцэ-спікерам парламента Швецыі Андэрсам Б'ёркам.
- Можна гаварыць пра нейкія канкрэтныя вынікі?
- Была прынята сумесная дамоўленасць, што парламенту Швецыі будзе ўнесена прапанова аб стварэнні міжпарламентскай групы супрацоўніцтва паміж парламентам Швецыі і дэпутатамі ВС 13-га склікання. Гэту прапанову падтрымалі і ў парламентскім камітэце замежных спраў Швецыі. І яшчэ адзін важны момант: прадстаўнікі гэтага Камітэту ўнясуць прапанову ў парламент наконт выдзялення большых сродкаў для грамадскіх фондаў і арганізацый, якія здзяйсняюць свае праграмы на Беларусі, падтрымліваючы незалежныя СМІ і недзяржаўныя грамадскія арганізацыі. У інфармацыйным цэнтры імя Улафа Пальмы адбыўся семінар, на якім прысутнічалі ўсе члены нашай дэлегацыі, прадстаўнікі палітычных і грамадскіх арганізацый Швецыі, журналісты. Шведскі бок праявіў вялікую цікаўнасць да сітуацыі ў нашай краіне, адзначалася, што пакуль у шведскіх СМІ мала пішуць пра Беларусь, але нас запэўнілі, што сітуацыя будзе папраўлена.
- Сямён Мікалаевіч, з чым звязана такая зацікаўленасць шведаў да Беларусі?
- Я, асабіста, адчуў, што яны ўжо добра зразумелі, што адбываецца на Беларусі і іх гэта непакоіць. Таму сваю задачу яны бачаць у тым, каб не дапусціць устанаўлення ў Беларусі дыктатарскага рэжыму, наадварот - спрыяць будаўніцтву адкрытага дэмакратычнага грамадства.
- Ці ведаюць яны пра грамадскі дыялог, які арганізаваў Лукашэнка ў Беларусі?
- Ведаюць, і ставяцца да таго што ў нас адбываецца даволі скептычна, паколькі ў Стамбуле Лукашэнка абяцаў адно, а праводзіць другое.
- Як вы лічыце, чаму яны так доўга за гэтым назіралі?
- Прычына, як не дзіўна, у іх цывілізаванасці. Не маглі яны раней зразумець, што чалавек можа казаць адно, а рабіць зусім іншае. Яны шмат патрацілі часу, спадзяючыся на тое, што шляхам перагавораў, размоў можна многае змяніць. А змяненні, як высветлілася, адбываюцца толькі ў горшы бок.
- Сямён Мікалаевіч, а якія вашы асабістыя вывады пасля гэтага візіту?
- Як ніколі раней, я заўважыў змяненне мыслення ў заходніх палітыкаў на тое, што адбываецца ў Беларусі. І другое: відавочным становіцца ўсё больш цесная кансалідацыя беларускай апазіцыі. Магчыма, гэта было маім самым прыемным уражаннем.
- Дарэчы, гэта могуць падкрэсліць бліжэйшыя падзеі, якія набліжаюцца - 15 і 25 сакавіка.
- Гэтыя падзеі павінны яшчэ паказаць і тое наколькі наш народ падтрымлівае апазіцыю, што вельмі важна.
- Калі вярнуцца яшчэ раз да шведаў, ці цікавіліся яны ў вашай дэлегацыі аб тым як жывуць звычайныя беларусы?
- Так, пытанняў было шмат і асабліва іх цікавіла жыццё беларускай вёскі. Вялікае ўражанне зрабілі лічбы. Мы назвалі ім заробкі нашых людзей, што яны за гэтыя грошы могуць купіць, як жыць… Трэба было бачыць іх твары.
- А вам выпадкова не даводзілася сустрэць там якога-небудзь шведскага беларуса?
- Даводзілася і, дарэчы, з Гродзенскай вобласці. Восем гадоў таму ён ажаніўся на шведцы і выехаў з Беларусі. З ім было шмат размоў, ён займаецца бізнесам і, пачуўшы пра наша жыццё, сказаў, што збіраецца дапамагаць Беларусі самымі рознымі шляхамі.
Гутарыў М.КАРНЕВІЧ