Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

25 сакавіка - Дзень Волі. Шлях у Еўропу

Гэты дзень з'яўляецца святам нумар адзін незалежнай Беларусі. Аднак уладамі РБ ён святочным не прызнаецца. З мінулагодніх апытанняў нашых чытачоў мы памятаем, што жыхары нашай вобласці аднак адзначаюць 25 сакавіка. Праўда, кожны па-рознаму: нехта за святочным сталом, нехта папросту ў душы, а яшчэ нехта абавязкова ідзе на мерапрыемства, якія ладзяць дэмакратычныя арганізацыі.

Сёлета прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Гродна падалі заяўку на правядзенне святочнага мерапрыемства за палацам Тэкстыльшчыкаў. Улады дазволілі праводзіць мітынг на тэму "За лепшае жыццё ў вольнай Беларусі", але не ў цэнтры горада, а ў Новым парку, дзе звычайна гродзенцы выгульваюць сабак. Дарэчы, для тых, хто не ведае, дзе знаходзіцца Новы парк, арганізатары аб'явілі збор у 11.30 у скверы на Савецкай плошчы за палацам Тэкстыльшчыкаў з тым, каб потым давесці людзей да месца прызначэння. Арганізатары, па іх словах, запланавалі ўрачыстасці на тры гадзіны, а ў гарвыканкаме далі дазвол толькі на паўтары. Зрэшты, пры бальшавіках так было заўсёды, а яны, як вядома, ад улады не адыходзілі, толькі называцца сталі па-іншаму - "вертыкаль". Зразумела, што увесь гар - і аблвыканкамаўскі істэблішмент удзелу ў падобных святах не бярэ. Туды пасылаюць толькі ўзмоцнены нарад міліцыі. Вось яны з году ў год і святкуюць з беларускім народам ягоныя святы. Сёлета арганізатары падрыхтавалі святочныя сюрпрызы для ўдзельнікаў мітынгу і збіраюцца падвесці вынікі таго, як мясцовыя ўлады рэагуюць на патрабаванні рэзалюцый мінулых мітынгаў.

У горадзе ўжо з'явіліся ўлёткі, у якіх арганізатары запрашаюць прыняць удзел ва ўрачыстасцях, што пачнуцца ў 12.00 у Новым парку. "Досыць бессэнсоўна спадзявацца на "вертыкальнае" і "гарызантальнае" кіраўніцтва!" - гаворыцца ва ўлётцы - "Ва ўсіх краінах людзі дамагаюцца прыстойнага жыцця толькі пасля таго, як арганізавана выходзяць на вуліцы і плошчы і прымушаюць уладу іх пачуць! Настаў і наш час у голас выказаць нашы патрабаванні!".

Нагадаем, што ў мінулым годзе старшыня Гродзенскага гарвыканкама А.Пашкевіч наогул забараніў святкаваць 25 сакавіка, пры гэтым паабяцаўшы апазіцыянерам "хрыбты пераламяць". Аднак, як аказалася не такі ўжо і страшны той Пашкевіч, паколькі апазіцыя існуе і ў гэтым годзе, і свята адзначаць будзе, і дазвол ім на гэта дае той самы выканкам.

Як вядома, у Мінску ўладамі забаронена апазіцыі правесці 25 сакавіка шэсце па вуліцах сталіцы. Маўляў, па той прычыне, што 15 сакавіка падчас "Марша Свабоды -2" парушаўся правапарадак. Арганізатары лічаць, што падобная забарона звязана з негатыўнай ацэнкай падзеі А.Лукашэнкам, які насамрэч пабачыў, што на дэманстрацыю, нягледзячы на яго прапаганду, запалохванні, выйшла каля 30 тысяч чалавек. Гэта, зразумела, яго напалохала. Арганізатары, у сваю чаргу заяўляюць, што "нягледзячы ні на што, шэсце і мітынг у Мінску адбудуцца, а ўся адказнасць за магчымыя правакацыі падчас правядзення акцыі будзе ляжаць на сумленні ўладаў".

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад