Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Правінцыя

Маленькае свята

У мінулую нядзелю ў Мастах калектыў рэдакцыі "Мастоўскі веснік" адзначаў выхад у свет 50-га нумара сваёй газеты.

Хутчэй за ўсё ў якой-небудзь іншай рэдакцыі такой падзеі і не заўважылі б, хаця журналісты, якія непасрэдна працуюць над выданнем, любяць патрымаць у руках юбілейнае выданне і палюбавацца сваёй працай. Зрэшты, гэта не заўсёды цікава чытачам.

"Мастоўскі веснік" выходзіць на працягу трох гадоў, зразумела, незаўжды рэгулярна. Наклад складае толькі 299 экзэмпляраў, аднак мастоўскае начальства не дае дазволу на рэгістрацыю. Яўна баіцца. Уявіце сабе сітуацыю: з газетай, якая выходзіць у раённым гарадку, маленькім накладам, фарматам А4, на чатырох старонках і распаўсюджваецца самім выдаўцом, ужо пяць разоў судзіліся "вертыкальшчыкі". Яна ім як костка ў горле. Так і карціць задушыць. А робіць яе практычна адзін чалавек - Язэп Палубятка, які, да ўсяго не прафесійны журналіст, аднак вельмі добра арыентуецца ў падобнай справе. Можна толькі ўявіць як не проста даецца маленькая газетка гэтаму чалавеку. А прысутныя неаднойчы казалі пра тое, што газета патрэбна, паколькі інфармацыі аб жыцці раёна не стае - дзяржаўная раёнка піша толькі пра тое, што патрэбна начальству.

Падчас урачыстасці рэдактар відавочна трошкі хваляваўся, госці хвалілі газету, сыпалі кампліменты, увогуле цікава размаўлялі, атмасфера нагадвала творчую вечарыну. Іграла музыка. Таня і Оля з мясцовай студыі "Майстэрня"пад кіраўніцтвам Віктара Качана цудоўна ігараюць на гітарах. Іх "Самотны вандроўнік" мала не выклікаў слёз на вачах. Потым гучала музыка "Бітлз", Чайкоўскага, Карэллі, з фільма "Ва-банк". Яе выконваў калектыў без назвы - скрыпка, гітара, кантрабас. Музыканты выдатна размаўлялі па-беларуску, дадаючы еўрапейскай атмасферы беларускі каларыт. І ўсё гэта ў невялічкіх Мастах.

Уразіла яшчэ адна рэч. У адным з мінулых нумароў нашай газеты мы пісалі аб тым, што ў Мастах пачала выходзіць вучнёўская газета "Школьныя навінкі". Давялося пазнаёміцца з Таняй Гладухавай - рэдактарам і Вольгай Дзятлоўскай. Дзяўчынкі распавядалі, як успрынялі іх творчасць настаўнікі. Аказваецца, шмат хто з іх папросту крычаў на дзяўчынак, што яны прыпаднеслі ім такі падарунак на 8-ае сакавіка. І гэта замест таго, каб пахваліць, заахвоціць іншых. Дарэчы, дзяўчаты добра вучацца, сціплыя, але цікаўныя, спрабуюць зрабіць сваё жыццё цікавейшым... З імі прыемна было пагутарыць. Ведаю педагогаў, якія б проста пазайздросцілі тым, хто мае такіх вучняў, а не цягалі дзяўчат у настаўніцкую і да дырэктара.

Потым я гуляў над Нёманам, доўга стаяў на вісячым мосціку, любаваўся ракой і лесам. На другім баку Нёмана з аднаго кораня расце дуб і бяроза - цікавая біялагічная з'ява. Іх галінкі перашкаджаюць адны другім імкнуцца да сонца. Моцны дуб вымушаны быў саступіць: на самай верхаліне яго галінкі паламаныя, а ў бярозкі растуць.

Усіх цікавіла ці дасць рады "Мастоўскі веснік" зарэгістравацца і выходзіць больш салідным накладам на ўвесь раён. Перспектыва пакуль бляклая, але, відаць, заснавальніку давядзецца звяртацца ў суд з тым, каб яму прадаставілі магчымасць карыстацца сваімі канстытуцыйнымі правамі, а не жыць па паперцы нейкага паўпісьменнага чыноўніка, для якога "нецелесообразно издавать еще одну газету В Мостах".

Рэдакцыя "БИ" віншуе сваіх калегаў з "Мастоўскага весніка" і жадае высокага накладу, высокага прафесіяналізму, цікаўнага чытача і трошачкі вязення.

М.КАРНЕВІЧ

Назад