Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Па розныя бакi

СВЯТАЯ ПРАСТАТА

29 лютага 2000 года сталася знамянальнай датай для намесніцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Марыі Біруковай. У гэты дзень яна двойчы прамаўляла з экрана тэлебачання. Напачатку яе слухалі і глядзелі жыхары вобласці. Крыху пазней знайшлося месца ў праграме "Панарама" рэспубліканскага тэлеэфіру.

Што ж так усхвалявала Марыю Бірукову? Відавочна, недаспадобы гэтай кіраўнічцы сталіся вынікі праведзенага ў Гродне семінару з удзелам прадстаўнікоў абласной улады і мясцовых апазіцыянераў. Такая сустрэча стала магчымай дзякуючы намаганням кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ у Мінску, беларускага Міністэрства замежных справаў. Сам пан Ханс-Георг Вік у Гродна завітаў! Тут нельга было пляснуцца тварам у бруд. Лепшыя "вертыкальныя" сілы былі тэрмінова падняты па трывозе, ідэйна падкаваны і забяспечаны "цифирью".

Усё б яно нічога, неяк адбрыкнуліся б. Але ж вельмі далося ў знакі выступленне былога старшыні аблвыканкама, былога старшыні абласнога Савета, дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га склікання, аднаго з лідэраў беларускай апазіцыі Сямёна Домаша. Каменя на камені не пакінуў, аналізуючы эканамічны стан рэгіёна за апошнія два-тры гады. І гэта пры шматлікіх замежных экспертах, высокіх гасцях з АБСЕ! Як выжыць!..

А свае, мясцовай гадоўлі абаронцы цяперашняга рэжыму губляліся, калі пасля інфармацыйнага паведамлення прысутныя лідэры партый і няўрадавых арганізацый падступаліся з пытаннямі. Хоць дапамагай небаракам!

Вось тады і ўзнікла думка пра тэлебачанне. Кажы, што хочаш, апанентаў няма, сама сабе гаспадыня. Падручныя журналісты хуценька што трэба падрэжуць, калі раптам не тое змарозіш, расставяць акцэнты, прычэшуць думкі. А яны, гэтыя думкі-згадкі, так і скачуць, як тыя белыя коні з камсамольскага юнацтва. Не зацугляць, не стрыножыць, ні прыручыць…

Тыя, хто слухаў тэлешчыраванне Марыі Біруковай, да гэтага часу не могуць уцяміць: а што хацела сказаць шаноўная таварышка? Пахваліла савецкія кампартыйныя часы. Ну, гэта зразумела, сама працавала сакратаром абкама КПБ, кіравала ідэалогіяй, клікала народ у светлае будучае. Іншым асабліва запомнілася фраза: "Дорогие мои! Да в 91 году партия оставила республику и область на под"ёме. За годы, которые правили те, кто относит себя к оппозиции, свободной такой оппозиции, они её бросили в страшную яму. И только с приходом президента и "вертикали" началось вытягивание". Пакінем на сумленні выступоўцы непадуладныя ёй думкі-скакуны. Паспрабуем разабрацца па сутнасці выказвання.

У 1991 годзе партыя пакінула краіну, якая скатвалася ў бездань. Ужо тады не было вялікім сакрэтам, што эканоміка СССР пачала моцна буксаваць яшчэ ў другой палове 60-х гадоў. На гэта звяртаў увагу член Палітбюро ЦК КПСС, старшыня Савета Міністраў Аляксей Касыгін, нават прапаноўваў праграму выратавання. Але нафтадолары, як тыя ружовыя акуляры, не дазвалялі крамлёўскім старцам рэальна ацаніць становічша. Яны жылі пры камунізме. Пры развітым сацыялізме добра ўладкавалася драбнейшая партнаменклатура. А долары тыя паспяхова закапалі ў БАМ. Засталіся з фізічна і маральна зношаным заводскім абсталяваннем. Не заўважылі, як заходні свет перайшоў да камп'ютараў, распрацаваў рэсурсазберагаючыя тэхналогіі. З часам савецкая нафта страціла свой кошт. Краіну спасцігла хвароба ўсіх імперый - развал. Так што пра КПССаўскую спадчыну неяк не вяжацца.

Цяпер пра тых, "кто правил". Марыя Бірукова не раскрыла ніводнага прозвішча. Магчыма таму, што сама ў той час працавала ўжо ў абласным выканаўчым камітэце. Ёй і іншым былым партапаратчыкам, якія засталіся без работы, руку дапамогі працягнуў … Сямён Домаш. Так-так, той самы, супраць якога цяпер Марыя Міхайлаўна "со товариши" абвяшчае крыжовы паход. Тады ў кабінетах аблвыканкама хадзіла пагалоска пра яе выказванне, маўляў, калі спатрэбіцца, пакладу галаву за старшыню аблвыканкама Сямёна Мікалаевіча.

Партыя навучыла сваіх сакратароў і лектараў-інструктараў трымаць нос па ветру, хутка мяняць арыентыры, перадзёргіваць карты. Той люд і сёння так хлусіць пра вялікія эканамічныя здабыткі Беларусі, што будзь здароў. Вось што значыць практыка і багаты вопыт! Партнаменклатура разваліла Савецкі Саюз. Яна не змянілася, нікуды не падзелася. Хіба што памяняла кабінеты ў райкамах на выканкамы. Няма сумнення, што таксама паспяхова давядзе да ручкі і незалежную краіну.

Каб пераканацца, хто давёў Беларусь да цяперашняга жабрацтва, трэба толькі параўнаць паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці пачатку 90-х гадоў. Параўнаць з цяперашнімі зарплатамі-пенсіямі, цэнамі ў магазінах. Як ні круці, а жылі багацей. З 1991 па версень 1993 год вобласцю кіраваў Дзмітрый Арцыменя, які загінуў у выніку тэрарыстычнага акта. Яго забойца і сёння гуляе на волі. А новы кумір парт- і новай наменклатуры Аляксандр Лукашэнка не першы год запэўнівае, што крута разбярэцца з карупцыяй і злачыннасцю.

Што да Сямёна Домаша, то ён кіраваў вобласцю крыху больш аднаго года - з кастрычніка 1993 па снежань 1994 года. Нядоўга пабыў на пасадзе старшыні абласнога Савета. І цяпер іншыя кіраўнікі прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў сведчаць, што пры ім праблемы вырашаліся аператыўна. Энергічны малады кіраўнік часцяком сустракаўся з працоўнымі калектывамі, не баяўся вострых пытанняў. Аднак не спадабаўся першаму прэзідэнту Беларусі, бо меў сваю думку, уласны погляд на развіццё краіны, не захацеў прыслужвацца. Тыя, хто найбольш кляўся ў адданасці, першымі ўключыліся ў цкаванне, рабілі ўсё, каб пазбавіцца гэтага чалавека. Разам з ім шэрагі беспрацоўных Гродзеншчыны папоўнілі дзесяткі разумных спецыялістаў.

Таму фальшыва гучаць словы Марыі Біруковай, што нібыта апазіцыянеры "бросили область и республику, как экономику ее…". Ды не яны кінулі, а іх выкінулі на вуліцу без права працаўладкавання толькі за тое, што разумныя, кваліфікаваныя і вопытныя гаспадарнікі не маглі пагадзіцца з заганнымі метадамі кіравання народнагаспадарчым комплексам. Тое, аб чым яны папярэджвалі, цяпер спраўдзілася на сто працэнтаў. Народ гібее ў беспраглядным жабрацтве. Уладам вельмі хацелася, каб палітычныя апаненты з гора спіліся, страцілі чалавечую годнасць, пайшлі збіраць бутэлькі на кавалак хлеба, адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Спадзяванні аказаліся марнымі. Маючы разумную галаву, яшчэ ніхто не прападаў. Цікава, а як павядуць сябе "гонители", калі самі сутыкнуцца з жыццёвымі выпрабаваннямі? І хто зараз першы, стане апошнім …

Усхвалявала Марыю Бірукову тое, што "безработные-оппозиционеры" ездзяць па заграніцах. І пытанне гучыць рытарычнае: а за якія грошы? Зразумела, што не за бюджэтныя. Проста сорамна за кіруючых высокіх асобаў, няздатных дагадацца - за грошы прымаючыга боку. Так прынята ў цывілізаваным свеце: хто запрашае ў паездку, той аплачвае і расходы. Не трэба лічыць грошы ў чужых кішэнях, гэта справа няўдзячная. Хіба што больш занятку няма. Лепш шчыра скажыце падаткаплацельшчыкам: колькі вы атрымліваеце за "высокаэфектыўную" працу, за якія сродкі самі наведваецеся за мяжу. І які перадавы вопыт укаранілі ў вытворчасць, якая карысць ад вашых ваяжоў?

І апошняе. Марыя Бірукова чамусьці звяртаецца да сваіх апанентаў са словамі "браткі". Так безгустоўна паводзяць сябе новыя беларусы. Нахапаліся блатнога слэнгу і карыстаюцца ім у сваім асяродку. Няўжо выканкамы пераўтварыліся ўжо ў "общаки"? І такіх кіраўнікоў захад павінен падтрымліваць крэдытамі, аб чым так горача непакоіцца ваяўнічая Марыя? Трэба быць дурнем, каб даваць грошы тым, хто не ўмее імі распарадзіцца па-гаспадарску. А на падтрымку "вертыкалі" -- тым больш. Да простага чалавека сродкі заходняга падаткаплацельшчыка ўсё роўна не дойдуць.

Раман Верын

Назад