Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Як размазалася «татуіраваная ружа»

«Каб гродзенцы не заняпалі»

У мінулыя выхадныя драмтэатр вырашыў парадаваць гродзенцаў прэм'ерай спектакля "Татуіраваная ружа" паводле п'есы амерыканскага класіка ХХ стагоддзя Тэнэсі Уільямса. Рэжысёр Генадзь Мушперт выбраў менавіта яе, хаця твор таго ж амерыканца "Трамвай "Жаданне" карыстаецца ў свеце куды большай папулярнасцю. "Жанр "Ружы" мы вызначылі як "хэпі-энд у двух дзеяннях". Гэта п'еса адначасова і трагічная, і камічная. Так сказаць, шчаслівае вырашэнне трагічнай сітуацыі. Мне падаецца, што яна пакідае надзею на адраджэнне, таму і вырашыў паставіць менавіта яе, - патлумачыў рэжысёр карэспандэнту "БИ". - А "Трамвай "Жаданне" - гэта проста суцэльная трагедыя. Так нашыя гледачы могуць канчаткова заняпасці".

На пачатку мінулага ўік-энду ў драмтэатры арганізавалі так званы грамадскі прагляд "Татуіраванай ружы". На гэткай "прагонцы спектакля" напярэдадні прэм'еры ў якасці гледачоў звычайна прысутнічаюць староннія людзі. Сярод іх была і я. Па сутнасці, мы ўбачылі гатовы спектакль. І хаця ішла толькі другая "прагонка" (звычайна бывае каля чатырох), акторы, гаворачы свае маналогі, крыху запіналіся.

Бананы і наркотыкі

Калі пісаць коратка, дык "Ружа" - гэта аповед пра кабету Серафіну, якая выйшла замуж за сіцылійца з татуіраванай ружай на грудзях - Разаліо. Жылі яны ў Амерыцы. Жонка бязмерна кахала свайго мужа. У іх нарадзілася дачка. Сіцыліец зарабляў тым, што перавозіў на грузавіку бананы. А пад бананамі - наркотыкі. Неўзабаве ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Жонка некалькі гадоў не выходзіць з хаты. Апрача гэтага, не дае жыцця дачцы, якой да таго часу ўжо споўнілася 15 гадоў. Пасля таго, як Серафіна даведваецца пра тое, што муж меў каханку, яна вырашае распачаць новае жыццё з новым кавалерам. Які, дарэчы, таксама возіць бананы. Трэба дадаць, што ён, дзеля таго, каб заваяваць сэрца Серафіны, робіць сабе падобную татуіроўку. Дачка атрымлівае нарэшце дазвол пагуляць са знаёмым матросам. Хэпі-энд.

Як робяць «татуіроўку» у драмтэатры

Пасля правялі паседжанне Мастацкага савета тэатра. Галоўная мэта - вырашыць, ці здаваць спектакль у пракат. Кожны выказваў свае ўражанні. "П'еса напісана вельмі складана, - сказаў галоўны рэжысёр драмтэатра Сяргей Палешчэнкаў. - Асабліва першы акт. Ён разбіты на процьму маленькіх сцэнак. Таму рэжысёру давялося добра папрацаваць, каб скампанаваць яго ў адно цэлае. І гэта ў яго атрымалася. У другім акце, наадварот, ўсе сцэны выдатна прапісаны. Тут рэжысёр перадае эстафету акцёрам. Яны, трэба дадаць, крыху не дапрацавалі. Ці то спужаліся, ці то стаміліся - не ведаю. Але мне падаецца, што прэм'ера ўсё ж такі будзе ўдалай". Усе пастукалі па драўляных падлакотніках.

Нехта заўважыў, што акторы ў спектаклі шмат ходзяць, таму ён больш падыходзіць для вялікай сцэны. Вырашылі, што п'есу можна паставіць і там, бо дэкарацыі пераносяцца вельмі проста. Тут выканаўца адной з галоўных роляў Сяргей Курыленка, персанаж якога мае на грудзях знакамітую ружу, паскардзіўся, што намаляваная гуашшу татуіроўка хутка размазваецца. Тут пачалі паступаць прапановы. Раілі проста зрабіць адпаведную аплікацыю і прычапіць да грудзей. Нехта прапанаваў намаляваць ружу лакам для пазногцяў. Галоўны рэжысёр сказаў, што чырвоная татуіроўка здалёк увогуле нагадвае рану. Таму яе трэба зрабіць чорнай альбо цёмна-сіняй. На прапанову ўзяць замест фарбы фламастэр, Сяргей Курыленка адказаў: "Яго трэба будзе змываць гарэлкай, а я не п'ю". У рэшце рэшт Сяргей Палешчэнкаў загадаў знайсці мастака-спецыяліста па бодзі-арту (малюнку на целе). "Дык заўтра ж - прэм'ера!" - адрэагавалі прысутныя. Крыху пазней большасцю галасоў спектакль быў прыняты ў пракат.

Замарожаныя акцёры

Трэба ўзгадаць яшчэ некалькі цікавых фактаў з жыцця гродзенскага драмтэатра. Тэмпература паветра тут не перавышае 15 градусаў. У кабінеце можна паставіць абагравальнік. А што казаць пра актораў, якія часта вымушаныя хадзіць па сцэне босыя? "У нас у вялікай зале гледачы замярзаюць, - паскардзіўся рэжысёр Генадзь Мушперт. - Але тут вінаватыя нават не ўлады. Усе праблемы з-за будынку, які зроблены са шкла і бетона". Аказваецца, у нашым горадзе, які з'яўляецца самым малым сярод беларускіх абласных цэнтраў, пабудавалі самую вялікую залу для гледачоў. На 750 месцаў. Да таго ж, тэатр прымушаюць выконваць дзяржплан па колькасці праданых білетаў, як у савецкія часы. У яго ўключаныя таксама балконы, білеты на якія ніхто не купляе. "Каб з нормы выключылі балконы, гэта ўжо была б вялікая палёгка, - кажа Генадзь Мушперт. - Зараз для таго, каб нам выканаць дзяржплан, раз на год тэатр павінен наведваць кожны гродзенец, уключаючы пенсіянераў і немаўлят".

Інга АстраЎцова

Назад